29 верасня, аўторак

Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра Матч зорак КХЛ і іншыя актуальныя падзеі выхадных.


1. Беларускія лёгкаатлеты выйгралі тры залатыя медалі на міжнародным турніры «Кубак Кацярыны» ў Кулдзізе (Латвія). Залатымі медалямі папоўнілі скарбонку беларускай зборнай Святлана і Віталь Парахонькі, а таксама Таццяна Шабанава. Бар'ерыстка Святлана Парахонька на 60-метровай дыстанцыі двойчы палепшыла сваё персанальнае дасягненне, якое з гэтага часу складае 8,24 секунды. Яе муж Віталь таксама не ведаў сабе роўных у спаборніцтвах на аналагічнай дыстанцыі ў мужчын. Вырашальны забег ён прабег з часам 7,81 секунды. Таццяна Шабанава выйграла «золата» на дыстанцыі 1000 м, устанавіўшы асабістае дасягненне на адзнацы 2 хвіліны 42,88 секунды.

У стартах, якія прымаў кулдзігскі гарадскі лёгкаатлетычны манеж, удзельнічалі 80 спартсменаў з 13 краін.

2. Беларуская лыжная акрабатка Яна Ярмашэвіч выйграла бронзавы медаль на этапе Кубка Еўропы сярод юніёрак у Швейцарыі. Апярэдзіць беларуску змаглі толькі аўстралійка і швейцарка. Што датычыцца астатніх беларусак, то Ганна Дзяруга заняла чацвёртае месца, а Валерыя Балматава — пятае.

3. Каманда дывізіёна Баброва перамагла зборную дывізіёна Тарасава ў фінале Матча зорак КХЛ з лікам 7:6 (4:3, 2:3, 1:0) пасля серыі булітаў. Асноўны час матча завяршыўся ўнічыю 6:6, пераможны буліт закінуў Міка Лехтанен з «Ёкерыта». Адзначым, што ў складзе дружыны дывізіёна Тарасава выступалі беларускія абаронцы Ілья Шынкевіч («Віцязь») і Вячаслаў Грэцкі («Дынама-Мінск»).

У спрэчцы за «бронзу» каманда дывізіёна Харламава па булітах выйграла ў сапернікаў з дывізіёна Чарнышова — 9:8 (2:3, 6:5, 1:0). Напярэдадні зборная дывізіёна Харламава таксама выйграла майстар-шоу.

Згодна з фарматам Матча зорак КХЛ, зборныя дывізіёнаў гулялі сустрэчы, якія складаліся з двух перыядаў па 10 хвілін у складах 3х3.

4. Пасля пяці этапаў Кубка свету па біятлоне Ірына Крыўко займае 18-е месца ў агульным заліку, на яе рахунку 196 ачкоў. Ганна Сола знаходзіцца на 45-й пазіцыі (57 ачкоў), Алена Кручынкіна — 51-я (45), Дзінара Алімбекава — 68-я (15). Лідзіруе нарвежка Цірэль Экхаф (501), у тройцы наймацнейшых таксама Даратэя Вірэр з Італіі (459) і шведка Хана Эберг (342).

У мужчынскім заліку Кубка свету пасля пяці этапаў найлепшы з беларусаў Раман Ялётнаў займае 34-ю пазіцыю з 95 ачкамі. На рахунку Сяргея Бачарнікава 46 ачкоў і 48-е месца, Мікіта Лобастаў — 59-ы (26 ачкоў), Антон Смольскі — 61-ы (22). Лідарам з'яўляецца француз Мартэн Фуркад (507 ачкоў). У яго суайчынніка Кантэна Фіёна Мае 436 ачкоў і другое месца. Трэці нумар рэйтынгу — таксама француз Сімон Дэсцье (435).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Усе зоркі сышліся

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.