Вы тут

Кастусь Качан: Калі б не стаў мастаком, гэта было б не жыццё, а пакуты


У канцы студзеня мастак Кастусь Качан рыхтуецца прадставіць выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Гэта вынік вялікага праекта, які пачаўся яшчэ ў 2018-м і доўжыўся цягам усяго перыяду, які прайшоў у нас пад знакам Года малой радзімы. У межах праекта «Радзімаю зачараваны» творы мастака вандравалі па краіне і выстаўляліся ў абласных і іншых буйных гарадах Беларусі. Чарговы прыпынак — у сталіцы, дзе можна будзе ўбачыць жывапісныя работы, створаныя ў апошнія 15 гадоў. Многія з ранніх твораў прыехалі з Навагрудка, дзе мастак мае майстэрню і галерэю. Там яго радзіма. Як адчуванне радзімы ўплывае на творчасць? Пра гэта разважае Канстанцін Іванавіч:


Тэма

— Тэма мая нязменная, — прызнаецца аўтар. — Так супала, што быў абвешчаны Год малой радзімы, і мне нічога не давялося пісаць адмыслова...

Я не пагаджаюся, калі мяне называюць пейзажыстам. Што такое пейзаж? Поле, рэчка, луг... У гэтым таксама ёсць сэнс: чалавек прыроду адчувае глыбока. У мяне трошкі іншае, прырода, наваколле — гэта як дэкарацыя ў тэатры. Для мяне ўсё ж дамінанта — жыццё людзей. Так, яно разгортваецца ў гістарычным часе, мае этнаграфічныя адметнасці, ментальнае вызначэнне. Ва ўсякім разе, я стаўлю такую задачу, каб, гледзячы на мой твор, чалавек мог зразумець, у якім часе гэта адбываецца, на якім кавалку зямлі. Я выстаўляўся ў розных краінах, але паўсюль па маіх творах адчувалі жыццё беларуса з яго таінствам, філасофіяй, побытам. Насамрэч усё сыходзіцца ў адметнай энергетычнай і пачуццёвай плыні, а я гэта імкнуся перанесці на палатно.

Твор не народзіцца з нічога. Я вельмі шмат падарожнічаю па Беларусі, асабліва люблю наведваць мястэчкі. Местачковае жыццё — гэта мой свет, адчуваю яго матыў, там шукаю свае вобразы. Пачынаю з аловачка, калі хочацца найхутчэй перадаць першыя ўражанні на паперы, пасля іду далей — пішу эцюды, а калі назапашаны матэрыял, з ім працую ў майстэрні, ствараю больш глыбокі вобраз. Бывае так, што людзі пазнаюць нейкі краявід, але кажуць: а вось гэтага там няма, і тут не так... Асабліва калі там нарадзіліся, жывуць зараз, ведаюць і любяць свае родныя мясціны, то задаюць пытанні. Адказваю: я ж не фатограф, маю права на вымысел. Бывае, што неабходна ўдасканаліць кампазіцыю, бывае, калі хочацца дадаць больш асабістага адчування праз колер. Галоўнае, каб быў перададзены дух мясцовасці.

Найбольш твораў я напісаў на Навагрудчыне. Нарадзіўся ў вёсцы Лаўрышава, з 70-х гадоў жыву ў Мінску. А лета звычайна праводжу ў Навагрудку. Там я працую ў майстэрні, там мая галерэя. І ў Лаўрышаве часта бываю. Займеў хобі: пчалярства. Таму ў маі і напачатку чэрвеня звычайна знаходжуся там, бо таксама ёсць магчымасць маляваць. Калісьці ў мяне была мара — мець свой дом, і не ў горадзе. Думаў пасяліцца недзе пад Мінскам. Але аднойчы здарыўся няшчасны выпадак: згарэла хата бацькоў, маці тады ў бальніцу трапіла. Пасля трэба было ўсё аднаўляць, дык я вырашыў не шукаць нічога для сябе, а пабудаваць хату бацькам. Але я адбудаваў дом, каб і мне было ў ім зручна: другі паверх адвеў пад майстэрню.

Выбар

— Я не адразу стаў мастаком. Скончыў фізічны факультэт БДУ, але ўжо на другім курсе зразумеў, што гэта не тое... Усе хвалілі мяне яшчэ са школы: з дзяцінства я ўвесь час маляваў. І калі вырас, падсвядома адчуваў, што ва мне жыве мастак. На другім курсе пачаў цікавіцца мастацтвам, хадзіць у музеі, на выстаўкі — не прапускаў ніводнай. Канешне, трэба было вучыцца, пайшоў у студыю ў Мінску. Але, думаю, скончу фізфак, таму што бацькі ганарыліся, асабліва маці. Не казаў ім, што збіраюся кідаць, разумеў, што будуць перажываць. Ва ўніверсітэце шмат факультэтаў, а фізічны быў адзін з найбольш прэстыжных, паступіць было няпроста. Мы вельмі ганарыліся, што станем фізікамі, лічылася, што гэта навука, якая набліжае будучыню. Тады яшчэ модна было разважаць пра падзел на фізікаў і лірыкаў. Ды толькі як растлумачыць простым вяскоўцам, чым займаюцца мастакі і навошта яны патрэбны? Прытым што ў бацькоў было пачуццё прыгожага, асабліва ў таты. Што б ён ні рабіў, атрымлівалася файна, дом паставіў прыгожы на вёсцы, сам аздабляў. Але майго рашэння яны не разумелі.

Праўда, яно саспела канчаткова, ужо калі скончыў універсітэт. Я ж наіўна думаў, што атрымаю дыплом фізіка і адразу буду паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. І падрыхтоўка ў мяне была, ведаў, якія патрабаванні для паступлення, рыхтаваў малюнак, працаваў над кампазіцыяй. Але калі прынёс дакументы, у прыёмнай камісіі растлумачылі, што я не маю права паступаць, таму што толькі што скончыў ВНУ і павінен адпрацаваць як малады спецыяліст. Але... Калі міністэрства адукацыі дасць адмацаванне, тады — калі ласка... Пайшоў у міністэрства, а мне далі адлуп: «Ваша адукацыя каштавала грошай, ідзіце працуйце...» Тады якраз фізікаў не хапала. Год адпрацаваў па размеркаванні ў мінскай школе. А пасля загадчык райана зразумеў мяне, калі пабачыў творы, з якімі я да яго прыйшоў. Даў дазвол мяне адпусціць.

Але як кажуць: не пускаюць у дзверы — дык я праз акно... Працаваў мастаком па рэкламе ў кінатэатры «Кастрычнік». Побач быў тэатральна-мастацкі інстытут, я наладзіў сувязі са студэнтамі. З адной групай жывапісцаў наведваў заняткі — а ў іх выкладалі Данцыг, Крохалеў, Грамыка. Яны мяне дапускалі як вольнага слухача. Паказаў творы Данцыгу, пазнаёміліся з ім на ўсё жыццё. З гэтай групай я фактычна рыхтаваўся на працягу трох гадоў. Ведаў усю праграму і вырашыў: навошта ўжо атрымліваць дыплом, калі галоўнае я асвоіў? Бачыў, як Данцыг і Крохалеў працавалі са студэнтамі. Бывала, пагаджаўся з заўвагамі, а бывала, што і не. У мяне была свая думка, свой погляд. У гэты ж час пачаў удзельнічаць у выстаўках — рэспубліканскіх і ўсесаюзных.

Канешне, маці шкадавала, што я змяніў прафесію. Нават калі ў мяне стала атрымлівацца: ўжо выстаўляўся ў складзе маладых мастакоў Савецкага Саюза, прынялі мяне ў Саюз мастакоў Беларусі. Бо што такое праца мастака? Гэта існаванне без стабільнага заробку — мама гэта бачыла. Шкадавала мяне. І да канца не пагаджалася з тым, што я нечага дабіўся. І калі пачалі выстаўляць, друкаваць мае творы, выпускаць каталогі, і я нават прывозіў ёй грошы, яна казала: «От, павязло чарвяку на вяку!» Гэтая фраза ўжо стала крылатай сярод мастакоў.

Шлях

— Вядома, трэба было шмат працаваць, круціцца, і сапраўды важна, каб яшчэ і пашанцавала. Калі не меў майстэрні, у ЖЭСе давалі пакой, дзе я мог маляваць. Пасля, ужо ў сталым узросце, атрымаў майстэрню ў цэнтры Мінска праз Саюз мастакоў. І я ніколі не крыўдзіўся на заробак. У выніку змог пабудаваць вялікі дом у Навагрудку за свае грошы. Быў перыяд — на мяжы 2000-х, — калі мае работы вельмі добра прадаваліся і за мяжой, і тут. Нават калі і не надта прадаваліся, усё роўна я не шкадаваў. Калі б не стаў мастаком, то гэта было б не жыццё, а пакуты. Не думаў, да чаго прыйду — проста быў апантаны. Сказалі б: «Галодны будзеш...» — я ўсё адно зрабіў бы гэты выбар.

Усё залежыць ад самога чалавека. Вось цяпер у мяне расце ўнучка. Яна малюе, а мяне просяць: навучы. А я не ведаю, як вучыць. Мне здаецца, з гэтым трэба нарадзіцца. А калі няма зерня ў чалавека, то што яго вучыць? Я з унучкай размаўляю, запытваю, што падабаецца, яна разважае. Файна малюе, багатая фантазія. Калі Бог даў, то будзе маляваць. Няўжо трэба вучыць яе глядзець на свет так, як я яго бачу?

Тым больш што я таксама мяняўся. Тэма адна, яна сапраўды вечная, але яе можна па-рознаму адчуваць у розныя перыяды жыцця, по-рознаму падаць. Пластыка пісьма, колер, тон — усё гэта з гадамі мянялася. А цяпер я бачу, што ранні я быў больш цікавы — у тых творах больш эмоцый. Сапраўды, ёсць работы, у якіх глыбіня і філасофія. Не адзін мой калега на гэта звяртаў увагу. Вось вялікая выстаўка і дапаможа паглядзець збоку на сябе. А гледачам, магчыма, дасць адчуванне жыцця: у ім ёсць месца і радасным, яркім момантам, і тужлівым думкам, і развітанням, і новым надзеям.

Выстаўка ўжо праехала Беларусь, яна не простая з пункту гледжання рэалізацыі. Пачалася яна з даволі маштабнай экспазіцыі ў галерэі Савіцкага. Да таго я даўнавата не быў у публічнай прасторы, пра мяне ўжо і забыліся. На выстаўку былі добрыя водгукі і з боку звычайных гледачоў, і з боку адказных асоб. Прапанавалі правезці яе па абласных і буйных гарадах, дзе добрыя выставачныя залы. Міністэрства культуры і Нацыянальны мастацкі музей вызначалі маршрут. Я не на ўсе адкрыцці здолеў трапіць, але было вельмі прыемна бачыць, што людзям падабаецца. Цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі твораў будзе выстаўлена яшчэ больш — каля 80. Вельмі хвалююся, як іх размясціць, каб чалавек прыйшоў — і адчуваў сябе ў жывой прасторы. Бо ва ўсім, што я імкнуся адлюстраваць, ёсць жыццё. Менавіта яно нас так прыцягвае сваімі рознымі бакамі, таямніцамі, колерамі.

Запісала Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.