Вы тут

Імёнамі супрацоўнікаў МУС назвалі пераходныя прызы ГУУС Мінгарвыканкама


Дні і ночы нясуць адказную службу падраздзяленні органаў унутраных спраў. Імёнамі супрацоўнікаў, якія зрабілі найбольшы ўнёсак у барацьбу супраць злачыннасці і ва ўмацаванне правапарадку, вырашана назваць пераходныя прызы ГУУС Мінгарвыканкама. Узнагароды будуць прысуджацца найлепшым падраздзяленням па выніках іх аператыўна-службовай дзейнасці за год.


На прэзентацыю гэтых прызоў у будынак гістарычнай мінскай ратушы сабраліся ветэраны органаў унутраных спраў, дзеючыя супрацоўнікі, кіраўніцтва мінскай міліцыі. Запрасілі сюды таксама родных праслаўленых ахоўнікаў парадку. Адкрываючы прэзентацыю, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама генерал-маёр міліцыі Іван Кубракоў адзначыў: «Сёння мы аддаём даніну глыбокай удзячнасці і павагі людзям, якія зрабілі вялікі асабісты ўнёсак у барацьбу са злачыннасцю і ўмацаванне правапарадку ў нашым горадзе. На прыкладах бездакорнага выканання службовых абавязкаў і подзвігаў нашых калег мы павінны выхоўваць новыя пакаленні мінскіх праваахоўнікаў».

Побач з дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь і сцягам беларускай сталіцы былі выстаўленыя шэсць прызоў з чырвонага граніту і металу. Пра тых, чыімі імёнамі названыя гэтыя ўзнагароды, расказалі кадры дакументальнага фільма, які быў паказаны ўдзельнікам прэзентацыі. З кароткім экскурсам у мінулае былі прадстаўленыя іх біяграфіі. На экране ажылі падзеі далёкіх дзесяцігоддзяў і нядаўніх часоў.

Першае было названа імя генерал-лейтэнанта ўнутранай службы Віктара Піскарова. Яго працоўная біяграфія пачалася ў 1945 годзе. Ад маладога рабочага да Міністра ўнутраных спраў БССР, вядомага грамадскага дзеяча — такі шлях быў пройдзены Віктарам Піскаровым. Пад яго кіраўніцтвам у свой час былі ўкаранёныновыя эфектыўныя формы аховы правапарадку. У тыя гады мінскую міліцыю заслужана лічылі базавым органам у сістэме МУС СССР. Галоўны прыз імя В. Піскарова будзе прысуджаны найлепшаму падраздзяленню сталічнай міліцыі.

  • Палкоўнік міліцыі Уладзімір Свірыдаў (у яго гонар названы прыз для найлепшага падраздзялення крымінальнага вышуку) змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах, кіраваў дыверсійна-падрыўной групай. У мінскім падполлі разам з бацькам ён дапамагаў выпускаць газету «Звязда».
  • Падпалкоўнік міліцыі Уладзімір Леваценка (у яго гонар названы прыз для найлепшага падраздзялення аховы грамадскага парадку і прафілактыкі) быў у час службы адзіны сярод мінскіх участковых інспектараў узнагароджаны найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Леніна. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ён мужна дзейнічаў у самых экстрэмальных сітуацыях.
  • Палкоўнік міліцыі Анатоль Сідарэня (у яго гонар названы прыз для найлепшага падраздзялення ДАІ) неаднойчы быў адзначаны за асабістую храбрасць і самаадданасць пры выкананні службовых абавязкаў. Адным з самых складаных заданняў было кіраўніцтва зводным атрадам сталічнай міліцыі падчас ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
  • Старшына міліцыі Уладзімір Говен (у яго гонар названы прыз найлепшаму падраздзяленню атрада міліцыі асобага прызначэння) у 1999 годзе апынуўся ў эпіцэнтры трагічных падзей на Нямізе. Ён загінуў, ратуючы ў падземным пераходзе захопленых смяротнай цісканінай людзей. Ордэнам «За асабістую мужнасць» дваццацічатырохгадовы старшына быў узнагароджаны пасмяротна.
  • Прапаршчык міліцыі Ігар Іванчык (у яго гонар названы прыз найлепшаму патрульнаму падраздзяленню) разам з саслужыўцамі быў тэрмінова накіраваны на затрыманне невядомага мужчыны, у якога знаходзілася рэч, падобная на пісталет. Зброя злачынцы спрацавала нечакана. Прапаршчык загінуў пры затрыманні. Ордэнам «За асабістую мужнасць» пасмяротна адзначаны яго выключная адвага і вернасць службоваму абавязку.

Настаяцель аднаго з мінскіх прыходаў протаіерэй Дзіянісій, акрапляючы прызы ў гонар герояў — вартавых правапарадку, нагадаў біблейскія радкі пра тое, што няма большай любові, калі хто аддасць жыццё сваё за сяброў сваіх. Мудрасць, заключаная ў гэтых словах, актуальная і ў нашы часы.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Раўненне на подзвіг

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Зроблены першы крок да аб'яднання экзаменаў.

Культура

Гурт Іrdorath: Наш пасыл - быць сапраўднымі і свабоднымі

Гурт Іrdorath: Наш пасыл - быць сапраўднымі і свабоднымі

Прыклад гісторыі, калі талент сам прабівае сабе месца пад сонцам.

Палітыка

Топ-5 дасягненняў Беларусі ў міжнародных адносінах

Топ-5 дасягненняў Беларусі ў міжнародных адносінах

Гэта не пачатак кнігі-антыўтопіі або фантастычнага фільма пра будучыню нашай планеты.

Грамадства

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

У 2019 годзе медыцынскую дапамогу ў Беларусі аказвалі на належным узроўні.