Вы тут

На Міншчыне шматдзетнай сям'і ўручылі аўтамабіль


Фінальным акордам дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ў Мінскай вобласці стала ўручэнне новенькай «Лады», разлічанай на сем пасажырскіх месцаў, сям'і Бажанавых. Алена Дзмітрыеўна і Андрэй Андрэевіч выхоўваюць пяць сваіх і столькі ж прыёмных дзяцей у дзіцячым доме сямейнага тыпу ў Мар'інай Горцы.


Перадгісторыя гэтай падзеі наступная. Напярэдадні Новага года старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, які ўзначальвае таксама Рэспубліканскі савет па развіцці прадпрымальніцтва, разам з намеснікам кіраўніка гэтай структуры Паўлам Тапузідзісам наведаў шматдзетную сям'ю. Тады ёй падарылі тэлевізар, ноўтбук, цацкі, салодкія наборы, а таксама — касілку. Бацькі-выхавацелі расказалі высокім гасцям пра жыццё і быт сваёй сям'і, прыёмных дзяцей. Станіслаў, Вікторыя і Анастасія Кузьменкі ў маі 2019-га былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. З таго часу яны знаходзяцца пад апекай сям'і Бажанавых. Кацярына Якімовіч пасялілася тут у 2014-м. Дзяўчынка з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вучыцца ў інтэграваным класе. Даніла Слімко трапіў у сям'ю ў 2019-м, вучыцца ў сярэдняй школе № 2 Мар'інай Горкі. Прыёмных дзяцей бацькі выхоўваюць як сваіх родных — з любоўю і клопатам. Але вялікай сям'і не хапае камфортнага транспарту. Перавозіць дзяцей у звычайным аўтамабілі праблематычна. Вырашэнне праблемы знайшлося імгненна: сям'і была абяцана машына. Аўтамабіль «Лада» для іх набыла кампанія «Табак-Інвест» Паўла Тапузідзіса.

— Да гэтага бацька раніцай развозіў малых па чарзе: каго ў школу, каго — у дзіцячы садок. Пакуль даставіць кожнага — час ехаць забіраць. Цяпер хопіць месца для ўсіх, — не нарадуецца Алена Дзмітрыеўна. — Нарэшце споўніцца і яшчэ адна запаветная мара: як пацяплее, плануем з'ездзіць адпачыць усёй сям'ёй на мора.

— Як рашыліся на такі крок, каб узяць пяць чужых дзетак? — пацікавілася ў гаспадыні.

— Мы хацелі стварыць вялікую сям'ю, для нас дзеці — гэта наша часцінка, падарунак ад Бога. І мы прымаем іх усіх, любім. Вядома, нялёгка спраўляцца, гэта адказная работа — 24 гадзіны ў суткі, бывае, і некалькі начэй запар не спім. Але стараемся, бабуля падтрымлівае, старэйшы сын дапамагае. Мы на гэтым не спыняемся, гатовы яшчэ прыняць у сваю сям'ю новых выхаванцаў.

Задаволены застаўся і трынаццацігадовы Арцём. Хлопец з маленства займаецца боксам, удзельнічае ў розных спаборніцтвах і паказвае добрыя вынікі. Ён марыў пра тое, каб яго прынялі ў школу алімпійскага рэзерву. Пры садзейнічанні шаноўных гасцей яго жаданне збылося. Падлетак абяцае, што за яго не будзе сорамна, а Мінскай вобласці ён прынясе не адну перамогу.

— Арцём вельмі таленавіты хлопец. Думаю, ён стане сапраўдным спартсменам, — упэўнены Аляксандр Турчын. — А што датычыцца аўтамабіля, то я прытрымліваюся прынцыпаў: калі штосьці паабяцаў, то абавязкова трэба выканаць. Мы шмат гаворым аб сацыяльнай адказнасці бізнесу. Уручэнне аўтамабіля — прыклад такой адказнасці. Наогул у акцыі «Нашы дзеці» паўдзельнічалі многія дзелавыя людзі. На самай справе бізнес шмат робіць, але не афішуе свае добрыя справы. Калі мы ехалі з Паўлам Георгіевічам у Мар'іну Горку, то нарадзілася ідэя: а чаму б не падарыць аўтамабіль кожнаму дзіцячаму дому сямейнага тыпу? Такіх у Мінскай вобласці 48. Неабходна, каб у акцыі міласэрнасці паўдзельнічалі бізнесмены, людзі, якія б ад душы захацелі дапамагчы шматдзетным сем'ям.

— Мне гэтая ідэя прыйшлася даспадобы, — адзначыў Павел Тапузідзіс. — Я за тое, каб дапамога была адрасная. Гэта вялікая адказнасць, калі людзі бяруць на выхаванне столькі дзяцей. Для такіх бацькоў прыемна рабіць падарункі. Ім неабходна дзякаваць, што выхоўваюць сапраўдных грамадзян.

Бізнесмен падкрэсліў, што дадзенае слова трэба трымаць. Таму цяпер ініцыятары дабрачыннага праекта вымяраюць свае магчымасці ў дачыненні пакуль што да Мінскай вобласці.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Аўтамабіль — у падарунак

Выбар рэдакцыі

Культура

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

У Гродне падчас святкавання Дня Незалежнасцi прадстаўлены габелен, якi выткалi спецыяльна да 75-годдзя Вялiкай Перамогi. 

Грамадства

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Дзяржаўнаму камiтэту судовых экспертыз споўнiлася сем гадоў.