Вы тут

Як знайсці залатую сярэдзіну паміж камфортам і эканоміяй


Энергаэфектыўная мадэрнізацыя шматкватэрных дамоў паляпшае іх мікраклімат, спрыяе большай экалагічнасці асяроддзя праз скарачэнне парніковых выкідаў у атмасферу і — самае галоўнае для жыхароў — дапамагае эканоміць камунальныя плацяжы ў далейшым, запэўніваюць камунальнікі. Аднак уласнікі пакуль дбаюць больш пра павышэнне камфорту, а ніяк не пра эканомію, таму навуцы дамаўлення і разумення ўсім нам яшчэ давядзецца вучыцца.


Выбар работ, растэрміноўка, лісты апытанняў

Асноўная нарматыўная база па энергамадэрнізацыі будынкаў у краіне існуе, аднак трэба вызначыць, якія рэчы дадаткова адлюстраваць у пакрокавай методыцы па арганізацыі і правядзенні энергаэфектыўных мерапрыемстваў, сцвярджае Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ:

— Методыка, у прыватнасці, апісвае парадак фарміравання рахункаў для рэзервавання сродкаў на гэтыя мэты і іх далейшае папаўненне; арганізацыю і правядзенне аналізу, планавання, разліку эфектыўнасці меркаваных мерапрыемстваў; пытанні арганізацыі і правядзення сходаў з насельніцтвам: як гэта павінна адбывацца, у якім выглядзе праходзіць. Асноўная частка будзе прысвечана, вядома, непасрэдна методыцы рэалізацыі мерапрыемстваў.

Вопытам арганізацыі ў сталіцы работы па планаванні энергамерапрыемстваў, палову цаны якіх мусяць плаціць уласнікі, падзяліўся Ігар ЮРКЕВІЧ, начальнік аддзела Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі. Ён упэўнены, што калі падчас капрамонту правесці ў доме энергаэфектыўныя мерапрыемствы і ўсталяваць прыборы для рэгулявання цепланосьбітаў, сумы плацяжоў за камунальныя паслугі будуць змяншацца, а жыллё праз павышэнне сваіх якасцяў — уздымацца ў цане.

У сталіцы абслугоўваюцца прадпрыемствамі ЖКГ 6475 дамоў, з іх 1569 будынкаў належаць таварыствам уласнікаў і жыллёва-будаўнічым кааператывам. Для выканання ўсіх мерапрыемстваў у адпаведнасці з законам сталічныя камунальнікі вызначылі для сябе парадак дзейнасці пры рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў.

Перш за ўсё гэта маніторынг жылля па пытаннях энергаспажывання і выкананых раней работ па ўцяпленні вонкавых канструкцый: тарцоў і фрагментаў. Спіс кватэр фарміруецца па прынцыпе ад найбольшага цеплаўжывання да найменшага з увагай на ўсталяваныя прыборы ўліку цяпла ў дамах і кватэрах.

— Увесь фонд мы падзялілі на пяць груп, кожнай з якіх далі тыпавое рашэнне, каб потым весці асобны адпаведны функцыянальны дыялог. Першая група — гэта цалкам уцепленыя падчас капрамонту ці будаўніцтва будынкі. Другая — з уцепленымі тарцамі, трэцяя — дамы з фрагментарным уцяпленнем. Чацвёртая — з тарцамі і фрагментарна і пятая — дамы без уцяплення (у тым ліку і новыя), — апісвае алгарытм работы прадстаўнік мінскай гаспадаркі. 

Кожнаму з дамоў камунальнікі прысвоілі клас па энергаэфектыўнасці. Гэтага ўдалося дасягнуць, сабраўшы інфармацыю за тры ацяпляльныя перыяды па энергаўжыванні і прааналізаваўшы колькасць прыбораў уліку цяпла, усталяваных у дамах.

— Атрымалася, што на ўсіх 6475 дамах ёсць агульнадамавыя групавыя прыборы. У 615 (10 % ад усіх будынкаў) ёсць індывідуальныя прыборы, — падзяліўся спецыяліст. — Мы прыйшлі да высновы, што чатыром тысячам дамоў патрабуюцца энергаэфектыўныя мерапрыемствы.

Пасля камунальнікі супаставілі атрыманы пералік з перспектывамі праграмы капрамонту для фарміравання найбольш зручнага праекта энергаэфектыўных мерапрыемстваў у дамах.

Быў складзены графік правядзення сходаў і сустрэч з жыхарамі па прыцягненні іх да суфінансавання работ па цепламадэрнізацыі, распрацавана дарожная карта па рэалізацыі мерапрыемстваў. Стварылі таксама інфармацыйную памятку персаналу па правядзенні работ і апытальны ліст для жыхароў па іх удзеле ў суфінансаванні энергамерапрыемстваў.

— Гэта дапаможнікі для прадпрыемстваў ЖКГ раёнаў сталіцы. Тут расказваецца, як найбольш прадукцыйна праводзіць сходы. Апытальныя лісты распрацоўвалі з улікам таго, што цікавіць уласнікаў. Тым, хто адсутнічае на сходах, укідваем у паштовыя скрыні і пакідаем аб'явы, у якую скрыню на доме можна палажыць свае адказы. Расказваем людзям пра ўказ Прэзідэнта, мэты па зніжэнні энергаспажывання, падтрымку дзяржавы, растэрміноўку плацяжоў, — працягвае Ігар Юркевіч.

Сярод работ па энергаэфектыўнасці, што прапаноўваюць мінскія камунальнікі, — уцяпленне сцен, дахаў, падвалаў плітамі з мінералваты ці пенаполістыролу; мадэрнізацыя сістэм ацяплення, якія часта знаходзяцца ў сценах панэльных дамоў, — іх можна вынесці ў кватэру; усталяванне лічыльнікаў цяпла. Сярод выгод ад устаноўкі прылад, між іншым, 10-працэнтная зніжка цягам трох гадоў на цеплаэнергію.

Дзяржнагляд за капрамонтам

Пакуль камунальнікі вучацца весці дыялог з уласнікамі жылля і тлумачыць ім, якія работы найлепшыя для цепламадэрнізацыі дома, служба Дзяржбуднагляду сочыць за выкананнем патрабаванняў праектнай дакументацыі, тэхнічна-нарматыўных актаў і заканадаўства на аб'ектах будаўніцтва і капрамонту. Летась спецыялісты наведалі 3500 аб'ектаў капрамонту. Больш чым 1100 з іх выдадзены заключэнні адпаведнасці праектаў. Амаль 300 атрымалі адмову. Выяўлена 608 аб'ектаў, на якіх перавышаны тэрміны будаўніцтва, знойдзена больш за 21 тысячу дэфектаў, а 639 інжынераў-будаўнікоў, якія займаюцца рамонтам, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

На ўліку Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам больш за 2,5 тысячы аб'ектаў капрамонту.

— З-за нізкай якасці перадпраектнага даследавання і напрыканцы будаўніцтва і рамонту даводзіцца паўторна праходзіць экспертызу праектнай дакументацыі, а гэта дадатковы час і грошы. І гэтым пытаннем трэба займацца, — кажа Ігар ГУСЕЎ, дырэктар Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржкамітэта па стандартызацыі. — А на сайтах аператараў капітальнага рамонту акрамя аб'ектаў, якія плануецца ўключыць у праграму капрамонту, і тых, што ўжо мадэрнізуюцца, хацелася б бачыць таксама графік правядзення работ, хоць бы каляндарны. Гэта вырашыла б шмат пытанняў, у тым ліку і ад насельніцтва.

Правы Дзяржнагляду па прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці фізічных і юрыдычных асоб, якія парушаюць якасць будаўніцтва і рамонту, не даюць эфекту ў поўнай меры, іх проста недастаткова, мяркуе спецыяліст. Сёлета дэпартамент плануе павысіць патрабаванні да аб'ектаў на 30 %.

— На жаль, 51 % свайго часу інспектар мусіць удзяляць будаўнічай пляцоўцы і арганізацыі будаўніцтва на аб'екце капітальнага рамонту. Гэтага патрабуюць і ўрад, і мясцовыя ўлады, таму што акрамя парадку як такога неабходна дбаць пра воблік краіны і яе будаўнічых пляцовак і перад турыстамі. За парушэнні правіл на будпляцоўцы выдадзена амаль 150 адміністрацыйных штрафаў. На работу з праектнымі дакументамі ў выніку застаецца ўдвая менш часу. Заказчыку (камунальнікам і будаўнікам) неабходна самім аддаваць больш часу арганізацыі будпляцоўкі і культуры вытворчасці.

28 працэнтаў аб'ектаў капітальнага рамонту ў краіне спецыялісты Дзяржнагляду адмаўляюць у здачы. Даволі высокая якасць рамонту ў Брэсцкай вобласці — тут не прымаюць да здачы пасля капрамонту толькі 12 % аб'ектаў. А вось у Магілёўскай вобласці спрабуюць здаваць негатовыя аб'екты з нізкай якасцю, і колькасць адмоў тут дасягае 79 %.

Падрадчыкі павінны настройвацца на аказанне якаснай паслугі і выкананне дзяржзаказу, а не накіроўваць сваю дзейнасць на ўласны прыбытак шляхам эканоміі — напрыклад, наняць некваліфікаваных рабочых і не выплаціць ім заробак, змахляваць з будаўнічымі матэрыяламі або выкарыстоўваць іншыя прыёмы, якія выклікаюць тэхнічную недасканаласць і сацыяльную напружанасць, запэўнівае дырэктар дэпартамента.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.