Вы тут

Лукашэнка: Космас — лакмусавая папера, якая дапамагае ацаніць магчымасці і здольнасці дзяржавы


Прэзідэнт Беларусі і дырэктар карпарацыі «Раскосмас» абмяркавалі сумесныя беларуска-расійскія праекты ў касмічнай сферы


Фота БЕЛТА

Стаўка на развіццё сучасных тэхналогій, і космасу ў прыватнасці, — прыярытэт для нашай краіны, якая не валодае значнымі прыроднымі рэсурсамі, адзначыў Прэзідэнт Беларусі падчас сустрэчы з генеральным дырэктарам Дзяржаўнай карпарацыі па касмічнай дзейнасці «Раскосмас» Дзмітрыем Рагозіным. «Беларусь заўсёды зарабляла за кошт мазгоў і рук людзей, за кошт кампетэнцый і кваліфікацый нашых людзей», — адзначыў ён. 

Кіраўнік краіны і дырэктар карпарацыі абмеркавалі сумесныя беларуска-расійскія праекты ў касмічнай сферы. Расійская ўстанова цесна супрацоўнічае з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і шматлікімі прадпрыемствамі, сярод якіх «Пеленг», «Інтэграл».

«Шмат было задумак, многія рэалізаваны. Мы ведаем, і вы лепш за мяне ведаеце, што лётае на арбіце, што належыць Беларусі там. Мы робім не тое, што першыя крокі ў космасе, а робім магчымыя крокі ў космасе», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да суразмоўцы.

Асваенне космаса,безумоўна, рэч дарагая, але, па словах Прэзідэнта, — адна з прыярытэтных для нашай краіны, як і іншыя высокатэхналагічныя праекты. Космас, атамная энергетыка — вядучую роль у рэалізацыі праграм у гэтых ключавых сферах адыгрывае падтрымка Расіі. «Мы ў Беларусі стараемся высокія тэхналогіі развіваць па ўсіх кірунках», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён назваў космас «лакмусавай паперай, якая дапамагае ацаніць магчымасці і здольнасці дзяржавы і народа». 

Па меркаванні Дзмітрыя Рагозіна, беларускія прадпрыемствы маюць вялікі патэнцыял у асваенні рынка касмічных паслуг у супрацоўніцтве з расійскімі партнёрамі. Канкрэтызаваць гэтыя пытанні генеральны дырэктар «Роскосмаса» збіраецца падчас візіту на ААТ «Пеленг», які запланаваны ў яго графіку пасля сустрэчы ў Палацы Незалежнасці.

У знак падзякі за супрацоўніцтва Дзмітрый Рагозін прэзентаваў Прэзідэнту Беларусі пальчатку касманаўта, які ў 2019 годзе пабываў у космасе. З чыёй рукі гэты «касмічны» падарунак, ён не прызнаўся, каб іншыя пакарыцелі бязмежнай прасторы «не раўнавалі». «Гэта першы ў мяне такі легендарны падарунак», — падзякаваў Аляксандр Лукашэнка.


Рагозін: Мы гаворым не пра пакупку адзін у аднаго нейкіх актываў, а пра складанне гэтых актываў у рамках сумесных прадпрыемстваў і інтэграваных структур

Сярод асноўных партнёраў расійскай карпарацыі ў Беларусі Дзмітрый Рагозін назваў «Пеленг», які стварае ўнікальную мэтавую апаратуру для шэрагу касмічных апаратаў . «У гэтым плане расійска-беларускае супрацоўніцтва, калі б яно было цясней, дазволіла б стварыць цэлую серыю апаратаў у рамках групоўкі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з выкарыстаннем беларускай аптычнай апаратуры», — заявіў генеральны дырэктар «Роскосмасу».

Другі сябар карпарацыі ў Беларусі — лідар у мікраэлектроніцы савецкіх часоў «Інтэграл», адзначыў кіраўнік расійскай дзяржкарпарацыі. Праектаванне электроннай радыяцыйна трывалай кампанентнай базы для касмічнага прызначэння — вельмі сур’ёзны кірунак для супрацоўніцтва, які падтрымаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле словаў Рагозіна, Беларусь і Расія сёння пачынаюць «маштабнае супрацоўніцтва». «Раней ішлі перамовы пра магчымую пакупку беларускіх прадпрыемстваў расійскімі інтэграванымі структурамі. Я лічу, што гэта не зусім правільны шлях, — сказаў Дзмітрый Рагозін.— Зараз мы гаворым не пра пакупку адзін у аднаго нейкіх актываў, а пра складанне гэтых актываў у рамках сумесных прадпрыемстваў і інтэграваных структур».

Як прыклад, кіраўнік «Роскосмасу» прапанаваў магчымае супрацоўніцтва расійскага «ВНІІЭМ» і «Пеленга», якія б на сусветным рынку маглі прадставіць унікальную спадарожнікавую платформу дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і ў перспектыве зрабіць адзіную бязшоўную карту ўсёй постсавецкай прасторы з высокай раздзяляльнай здольнасцю.

Даведка

Беларускі касмічны апарат і расійскі касмічны апарат дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі «Канопус-В» № 1 складаюць сумесную арбітальную групоўку. Мэты касмічнага праекта досыць зямныя — маніторынг тэхнагенных і прыродных надзвычайных сітуацый, кантроль за землекарыстаннем, лясным фондам, нафтагазавымі аб’ектамі і экалогіяй. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Дзяржаўная карпарацыя па касмічнай дзейнасці «Раскосмас» у найбліжэйшыя дні падпішуць пагадненнем аб пашырэнні магчымасцей сумеснай арбітальнай групоўкі расійскімі касмічнымі апаратамі. 

З 22 па 23 студзеня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца першае пасяджэнне Міждзяржаўнага савета па космасу Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Удзельнічаць будуць дэлегацыі Расіі, Арменіі і Казахстана. На парадку сустрэчы пытанні па інтэграцыі наземных інфраструктур, якія выкарыстоўваюць сігналы сістэмы ГЛАНАСС, рэалізацыі сумесных праектаў у галіне выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах. 

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Культура

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

Увесь лiпень працуе археалагiчны летнiк «Наўры-2020».

Грамадства

Як i калi прыняць спадчыну, атрымаць яе i захаваць?

Як i калi прыняць спадчыну, атрымаць яе i захаваць?

Карэспандэнту «Звязды» дапамагалi разбiрацца спецыялiсты.

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.