Вы тут

Прэзідэнт: Трэба ісці да таго, што 30-40% нафты мы будзем набываць у Расіі


«Трэба ісці да таго, што 30-40% нафты мы будзем набываць у Расіі, працэнтаў 30  з Балтыкі завозіць, працэнтаў  30 – праз Украіну».

Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніцтвам урада і нафтаперапрацоўчай галіны. На нарадзе абмяркоўвалася магчымасць дыверсіфікацыі паставак нафты і павышэння эфектыўнасці экспарту нафтапрадуктаў.


«Мы павінны на гэтай нарадзе ў вузкім коле спецыялістаў разгледзець пытанне пра далейшую работу нашага нафтахімічнага комплексу, — абазначыў тэму сустрэчы кіраўнік дзяржавы. — У дадзеным выпадку пытанне стаіць пра пастаўкі нафты ў Беларусь, у тым ліку з сусветных рынкаў, не толькі з Расійскай Федэрацыі, што мы ўжо пачалі рабіць. Мы павінны паглядзець, у што гэта выльецца. Браты з Усходу нас пужаюць, што гэта будзе вельмі дорага», — адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, прынята рашэнне закупіць азербайджанскую, саудаўскую, нарвежскую нафту.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пытанне дыверсіфікацыі паставак нафты не губляе сваёй актульнасці.

«Сапраўды, зараз у поўным аб’ёме альтэрнатывы няма пастаўкам расійскай нафты. Але, як мы і дамаўляліся, дыверсіфікавацца нам трэба. Трэба ісці да таго, каб працэнтаў 30–40 купляць у Расійскай Федэрацыі, працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць нафты, працэнтаў 30 — праз Украіну правераным ужо шляхам. Магчыма, Казахстан зможа паставіць нам нафту, калі Расія пагодзіцца з гэтым. Дзіўна: наш саюзнік не дае згоды на пастаўку нафты ад нашага іншага саюзніка. Што ж, такая сітуацыя зараз па пастаўках нафты, і мы павінны з гэтым разабрацца», — паведаміў Прэзідэнт.

Самае важнае пытанне — перапрацоўка нафты, падкрэсліў беларускі лідар. «Мы павінны, вядома, прадаць у выглядзе нафтапрадуктаў: бензіну, дызельнага паліва, ракетнага і гэтык далей. Сёння разглядаем пытанне, як і каму будзем прадаваць. Мы павінны ад гэтай няпростай сітуацыі атрымаць адпаведны эфект», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Эканамічныя ўмовы, у якіх мы вымушаныя працаваць, пагаршаюцца, канстатаваў беларускі лідар. З-за ўвядзення Расійскай Федэрацыяй падатковага манеўру непазбежна зніжаюцца даходы рэспубліканскага бюджэту, пагаршаецца эфектыўнасць работы айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў. НПЗ сутыкнуліся з праблемай фінансавання бягучай дзейнасці і, што немалаважна, сваіх інвестыцыйных праграм, якія накіраваныя на развіццё вытворчасці.

«Гэтыя аргументы я нават ва ўвагу прымаць не хачу. Вайны няма. У свеце грошай мора. Ёсць кіраўнікі канцэрнаў, ва ўрадзе — віцэ-прэм’ер, кіраўнікі заводаў. Вырашайце пытанні. Не можаце — сыходзьце», — сказаў Прэзідэнт.


Рыбакоў: Для забеспячэння ўнутранага рынку хапае загружанасці на 80 % аднаго нафтаперапрацоўчага завода ў краіне

Яшчэ на адно пытанне папрасіў даць адказ Прэзідэнт: якія ўрад бачыць рэзервы па павышэнні эфектыўнасці экспарту нафтапрадуктаў у цяперашніх умовах?

Лукашэнка папярэдзіў аб персанальнай адказнасці за ўсе прапановы. «Калі хтосьці бачыць, што мы экспартаваць можам прадукцыю па двух-трох каналах або манапалізаваць працэс экспарту, — кожная прапанова павінна быць, — сказаў лідар дзяржавы. — А то ў нас разважанняў шмат, балбытні шмат, рашэнні з-за балбытні не прымаюцца, а калі рашэнне прымуць, потым з некага будзе спытаць».

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што нават калі кіраўнікі не застануцца на сваіх пасадах, будуць «галавой адказваць за прынятыя рашэнні».

Перасцярог Алякясандр Лукашэнка прысутных і ад прыватных прыхільнасцяў і інтарэсаў.

«Мы не космас вынаходзім, не новыя касмічныя апараты. Увесь свет працуе, прыкладаў шмат, любой бярыце з іх і давайце ў гэтым кірунку дзейнічаць», — загадаў Прэзідэнт.

Старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрну па нафце і хіміі Андрэй Рыбакоў паведаміў, што для забеспячэння ўнутранага рынку хапае загружанасці на 80 % аднаго нафтаперапрацоўчага завода ў краіне. «Мы экспартуем парадку 70 % усіх нафтапрадуктаў за межы Беларусі», — праінфармаваў ён.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў паведаміць прагнозы развіцця сусветнага рынку нафты і нафтапрадуктаў на найбліжэйшы час і на сярэднетэрміновую перспектыву. «Што неабходна зрабіць для папярэджання магчымых негатыўных тэндэнцый?» — спытаў ён удзельнікаў нарады.

«Немалаважным аспектам сённяшняй нарады было павышэнне эфектыўнасці як, уласна кажучы, аперацыйных выдаткаў нашых заводаў, так і рэалізацыі нафтапрадуктаў на знешнім перыметры, — пракаментаваў вынікі размовы з Прэзідэнтам Андрэй Рыбакоў. — Размова ідзе пра найбліжэйшыя рынкі: Украіну, Польшчу, Прыбалтыку. Дадзены канкрэтыня даручэнні па працягу работы па ўсіх гэтых кірунках. У бліжэйшы час нас чакае маштабная, планамерная праца, разлічаная нават не на адзін год, а на бліжэйшыя 2-3 гады».

Беларусь пакуль на выйшла на запланаваныя ў студзені-лютым аб’ёмы экспарту нафтапрадуктаў, удакладніў кіраўнік «Белнафтахіму», тым не менш пасля невялікага перапынку знешні продаж адбываецца. 

Пачатак разгрузкі нарвежскай нафты, пра пастаўкі якой нядаўна ўдалося дамовіцца, канцэрн чакае ўжо ўвечары 22 студзеня. 

«Альтэрнатыўныя пастаўкі прапрацоўваюцца, не буду анансаваць, але ёсць ужо гатовыя кантакты, гэта датычыцца не толькі самой нафты, але і лагістычных каналаў яе паступлення, — сказаў Андрэй Рыбакоў. — Гэта ўжо будзе не па партах і чыгунцы, гэта будуць ужо іншыя напрамкі. Мы зараз працуем па розных напрамках».

Што тычыцца выгады ад дыверсіфікацыі паставак нафты, старшыня канцэрну заўважыў: «Ёсць добры прынцып не складваць усе яйкі ў адзін кошык. Таму выгада мае комплексны падыход. Пры комплексным падыходзе ты недзе можаш губляць, недзе знаходзіць, але сумарны эфект атрымліваеш станоўчы. З пункту гледжання цаны, вядома, сёння мытная пошліна, якая маецца на нафту Расійскай Федэрацыі, займае вялікі аб’ём у цане нафты гатунку Urals. Разам з тым мы разумеем, што падатковы манеўр яе з году ў год будзе нівеліраваць і да 1 студзеня 2024 года субсідыі ў выглядзе мытнай пошліны не будзе існаваць. Фактычна мы выйдзем на цэнаўтварэнне на Urals на сусветным узроўні».

Што тычыцца перамоў з расійскім бокам, то яны працягваюцца як на ўзроўні кампаній, так і на ўзроўні Міністэрства энергетыкі Расійскай Федэрацыі і канцэрна «Белнафтахім».

«Безумоўна, мы чакаем, што перамоўныя працэсы ў бліжэйшы час працягнуцца і на больш высокім узроўні», — дадаў Андрэй Рыбакоў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».