Вы тут

Вандруючы па Дзятлаўшчыне


Аглядваючы ваколіцы Міра, заглянем і ў гарадок Дзятлава. Узгадаем, чым адметнае на літаратурную спадчыну, творцаў-літаратараў само паселішча, тэрыторыя цяперашняга Дзятлаўскага раёна.


Спаса-Праабражэнская царква ў Дзятлаве

Уявіце сабе: калісьці ў Дзятлаве нараджаліся нават князі… Архівы даносяць нам такую цікавую вестку: 5 студзеня 1712 года ў Дзятлаве (па тым часе было паселішча ў Слонімскім павеце Наваградскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, што ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай) нарадзіўся князь Удальрык Крыштаф Радзівіл (Udalryk Krzysztof Radzіwіll). Застаўся ж князь у гісторыі як паэт, перакладчык, гісторык. А ў “дадатак” і як генерал-лейтэнант, канюшы вялікі літоўскі (займаў пачэсную пасаду амаль 30 гадоў, а сам нагляд за вялікакняжацкімі табунамі ды стайнямі тады, кажуць, выконваў падканюшы), пісар вялікі літоўскі, староста мінскі. Значную частку жыцця князь Удальрык Крыштаф правёў у сваіх маёнтках на Валыні. У 1749‑м камандаваў паходам супраць украінскіх гайдамакаў. І тую вайсковую аперацыю апісаў у кнізе “Дыярыуш перамогі маёй над гайдамакамі”. Вядомая на сёння творчая спадчына ўраджэнца Дзятлава складае 50 прац у вершах і прозе. З іх вылучаюцца “Апісанне клопатаў людзей усіх класаў” (1741), “Маральныя элегіі” (1752), “Свецкая крытыка, альбо Сатыра”. Сучаснікі характарызавалі нашага земляка як чалавека эксцэнтрычнага й прадбачлівага, здольнага й начытанага, схільнага да авантурызму. Князь сабраў велізарную бібліятэку, ведаў шмат моў, сярод іх — грэчаскую, нямецкую, французкую, італьянскую, англійскую. Перакладаў на польскую творы Карнеля, Расіні, Сафокла. Ягоны сын Матэуш Радзівіл (1768–1818) быў генералам рускай арміі.

Дзятлава — радзіма яўрэйскага публіцыста, паэта Аўрама Івянецкага (1892–1943). Вучыўся хлопчык у хедэрэ, а таксама ў рускай школе. У 1911‑м працаваў карэктарам у рускім кніжным выдавецтве ў Варшаве. Калі пачалася Першая сусветная вайна, маладога чалавека прызвалі ў армію. Праз дзевяць месяцаў з пачатку баявых дзеянняў Аўрам аказаўся на фронце. Патрапіў у аўстрыйскі палон. У канцы 1918 года вярнуўся ў Дзятлава, праз тры гады пераехаў у Вільню. Працаваў у рэдакцыі яўрэйскай газеты, і адначасова вучыўся на стаматолага, займаўся мастацкай творчасцю. Каштоўным дакументальным сведчаннем таго віхурнага часу стала першая кніга — “Калі дарогі скрыжоўваюцца” (Вільня, 1923): сапраўдны дзённік яўрэйскага ваеннапалоннага. У ім апісвалася й жыццё яўрэяў Харватыі. Згадваючы тое, заўважым: вартыя ўвагі літаратурныя здабыткі, здзейсненыя нашымі землякамі, ураджэнцамі беларускай старонкі, бывае, аказваюцца закрытымі, недасяжнымі для нас — бо напісаны й выдадзены былі на ідзіш, іўрыце, польскай мове. Між тым у кнігах пісьменнікаў, чыя творчая, жыццёвая біяграфія звязана з Беларуссю ранейшае пары, прыхавана неймавернае багацце фактаграфічнага гістарычна-краязнаўчага, рэгіёназнаўчага матэрыялу.

З 1924 года Аўрам Івянецкі жыў у Варшаве. Друкаваўся ў польскіх яўрэйскіх перыядычных выданнях. Пісаў навелы, рэцэнзіі на кнігі, заметкі для інфармацыйнай хронікі. Пераклаў на ідзіш “Прыгоды Алівера Твіста” Чарльза Дзікенса, “Апошнюю радасць” Кнута Гамсуна. У 1943 годзе пісьменнік быў забіты фашыстамі ў Варшаве.

Яшчэ адно дзятлаўскае літаратурнае імя — яўрэйскі паэт Аўрам-Мойша Дзілон (Журавіцкі), які нарадзіўся ў Дзятлаве ў 1883 годзе. Адукацыю атрымліваў у прыватных настаўнікаў у сяле Баркі, затым — у школах у Быцені ды Слоніме. У 1904‑м разам з бацькамі эміграваў у ЗША. Вершы пачаў пісаць у юным узросце. У ЗША прымаў удзел у руху імпрэсіяністаў “Дзі юнгэ”. У 1919 годзе выдаў зборнік вершаў “Жоўтая лістота”. Памёр паэт у 1934 годзе. Пасмяротна (у 1935 годзе) выйшла яшчэ адна кніга ўраджэнца Дзятлава: “Песні А.-М. Дзілона”.

Роднае, беларускае слова ў дзятлаўскім краі мацавалі выхадцы з вясковых паселішчаў. Лёс іх, як правіла, быў досыць няпростым. І не кожны талент змог прарвацца да вялікіх вышынь… Як прыклад — жыццёвы шлях Гарасіма Праменя (сапраўдныя імя і прозвішча — Іван Пышко), які нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Зачэпічы. Яшчэ юнаком спрычыніўся Іван да барацьбы супраць пілсудчыкаў. Тады ж уступіў у шэрагі Кампартыі Заходняй Беларусі, узначальваў Зачэпіцкую ячэйку КПЗБ. Удзельнічаў у страйку на шклозаводзе “Нёман” у Бярозаўцы (гэта сёння ўжо Лідскі раён). Патрапіў на мітынг рабочых разам з сялянскай падтрымкай: з Зачэпіч рабочым перадавалі прадукты харчавання. Але Іван не пабаяўся і выступіць, падкрэсліў, што сяляне будуць і надалей салідарнымі са шкларобамі. А напрыканцы выступлення прачытаў свой верш “Сцяг”. Друкавацца Гарасім Прамень пачаў у 1933 годзе. Першы верш з’явіўся ў газеце “Родны край”. Прысвечаны твор вясковаму кавалю, яго цяжкай працы. Лейтматыў верша — выснова пра тое, што аднойчы каваль вырабіць вострую сякеру, з дапамогай якой ачысціць непраглядную цемру для беларусаў. “… Гэта ж я раблю сякеру!/ Як зраблю яе стальную,/ Ў рукі моцныя вазьму я/ І пайду у цемры-гушчы/ Шлях там новы высякаць —/ Беларускаму народу/ Шчасце й долю здабываць!”… Друкаваўся Гарасім Прамень у газеце “Наша воля”, часопісе “Шляхам моладзі”. Пражыў Іван Пышко 55 гадоў, выгадаваў трох сыноў. Вершы ў савецкую пару свайго жыцця друкаваў у раённай газеце. “Дабра ўсім жадаю,/ Сынам сваіх палёў./ І горача вітаю/ Паэтаў-змагароў…” Вось бы аб’яднаць намаганні якога-небудзь з кніжных выдавецтваў і мясцовай дзятлаўскай улады ды выдаць кнігу вершаў Гарасіма Праменя!

Цікавае было жыццё і ў заходнебеларускага паэта з Дзятлаўшчыны Петруся Граніта (Івана Івашэвіча), які таксама нарадзіўся ў Зачэпічах: у студзені 1909 года. Сваю пячатку на жыццё вясковага хлопца прылажыў і тагачасны лёс Беларусі (тае часткі, якая апынулася пад польскім гнётам), і лёс яго сям’і. Бацька вярнуўся з франтоў Першай сусветнай толькі ў 1922 годзе. Але доўга не пажыў, памёр ад цяжкіх ран праз год. І зусім яшчэ падлетку Івану давялося самому касіць, хадзіць за плугам, займацца іншай сялянскай працай.

 

Пятрусь Граніт

У 1927‑м хлопец пачаў працаваць брукаром (на будаўніцтве дарог), і працаваў ім ажно да 1939 года. “Брукар молатам сталёвым/ Звоніць, б’е па камянёх:/ Хоча шлях пракласці новы,/ Каб не раніць людзям ног./ Утрымае цяжкі молат/ Мазалістая далонь./ Размахніся — як той волат,/ Высякаючы агонь!/ Толькі рэха раздаецца,/ Іскры свецяць у вачах./ Камень сцелецца-кладзецца —/ Пракладае новы шлях…” (верш “Брукар”, 1939 год). І Пятрусь Граніт актыўна ўдзельнічаў у падпольнай рабоце. Наведваў сходы, мітынгі Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Калі Заходнюю Беларусь далучылі да Савецкай Беларусі, паэт працаваў сакратаром выканкама, старшынёю сельсавета. У 1940‑м Петрусю Граніту разам з Валянцінам Таўлаем і Анатолем Іверсам пашчасціла сустрэцца ў Лідзе з народным песняром Беларусі Янкам Купалам. У час Вялікай Айчыннай вайны Іван Івашэвіч быў партызанскім сувязным. Выступаў у партызанскім друку з вершамі. У 1945–71 гадах працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў роднай вёсцы. У 1978‑м выйшла кніга вершаў Петруся Граніта “Сцяжынка”, адрасаваная дзецям. Наклад зборніка ўражвае: 50 тысяч экзэмпляраў! Творы заходнебеларускага літаратара былі змешчаны і ў анталогіях “Сцягі і паходні” ды “Ростані волі”. Памёр Пятрусь Граніт у 1980 годзе. Музейны куток, прысвечаны таленавітаму літаратару-земляку, створаны ў Жукоўшчынскай сельскай бібліятэцы Дзятлаўскага раёна.

Яшчэ адзін літаратурны адрас Дзятлаўшчыны — вёска Змяёўка: там у 1933 годзе нарадзіўся паэт, публіцыст Віктар Шымук. Бацька літаратара працаваў на лесапілцы ў Дзятлаве. Вікенцій вучыўся ў школе ў вёсцы Янаўшчына, ды нядоўга, бо пачалася Вялікая Айчынная вайна. Прадоўжыў вучобу пасля таго, як Гродзеншчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — і ўжо хадзіў у школу ў Дзятлаве. Пасля заканчэння 8 класаў працаваў адказным сакратаром дзятлаўскай раённай газеты “За савецкую вёску”, адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. У 1951‑м паступіў на аддзяленне журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Вучобу ў ВНУ сумяшчаў з працай у рэспубліканскай газеце “Калгасная праўда”. Закончыўшы ўніверсітэт, працаваў у “Звяздзе”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, на Беларускім радыё. Віктар Шымук — аўтар кніг “Каля Броннай гары”, “Мы вясне дапамагалі”, “Світанне” ды іншых паэтычных і публіцыстычных зборнікаў. Памёр ураджэнец вёскі Змяёўкі ў 1998 годзе.

Віктар Шымук

Асобную частку літаратурна-краязнаўчага падарожжа па Дзятлаўшчыне можна правесці ў Наваельні ды яе найблізкіх ваколіцах. Але ж пра Наваельню літаратурную будзе наш асобны расповед. Як, дарэчы, асобна мы раскажам і пра дзятлаўскія, карэліцкія, наваградскія ды іншыя адрасы, звязаныя з лёсам Ігната Дамейкі — знакамітага геолага, нацыянальнага героя Чылі, сябра Адама Міцкевіча, да таго ж падарожніка, мемуарыста.

Алесь Карлюкевіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.