24 верасня, чацвер

Вы тут

Дырэктар музея гісторыі Магілёва — пра пошукавую дзейнасць і цікавасць да аўтэнтыкі


Аб сенсацыйнай навіне пра тое, што ў Магілёў вярнуўся меч ХV стагоддзя, «Звязда» паведаміла яшчэ на мінулым тыдні. Сёння ж мы хочам больш падрабязна расказаць аб пошуках. Супрацоўнікі музея гісторыі Магілёва зрабілі неверагоднае: знайшлі каштоўную рэліквію за мяжой. Меч заняў сваё пачэснае месца ў адной вітрыне з даспехам рыцара Сярэднявечча і элементамі яго амуніцыі. Усе гэтыя рэчы належалі аднаму і таму ж воіну, які загінуў пры пераправе цераз раку Віхра на тэрыторыі сучаснага Мсціслаўскага раёна ў лістападзе 1501 года падчас бітвы ВКЛ з Вялікім Княствам Маскоўскім.


Па слядах каштоўнасці

Гісторыя пошуку рарытэта не менш цікавая, чым ён сам, і вартая таго, каб пераказаць яе зноў. Упершыню пра меч загаварылі ў 2013 годзе, калі паступіла інфармацыя ад жыхароў Мсціслава, што «чорныя капальнікі» перапрадалі яго ў Расію. Хто гэтыя зламыснікі, невядома. Ёсць здагадкі, што каштоўную рэч прысвоілі нядобрасумленныя мясцовыя жыхары, але даказаць гэта немагчыма. Разам з мячом невядомыя дасталі з дна Віхры яшчэ і даспех. Яго яны пакінулі археолагам, якія на чале з магілёўскім гісторыкам, доктарам гістарычных навук Ігарам Марзалюком правялі ў месцы стыхійных пошукаў арганізаваныя і знайшлі яшчэ шмат рэчаў з рыцарскай амуніцыі. Усе яны былі перададзены ў музей гісторыі Магілёва для захавання. Не хапала толькі мяча.

— Мы адразу сталі вывучаць абстаноўку, шукаць магчымасці натрапіць на след, — расказвае дырэктар музея гісторыі Аляксей Бацюкоў. — Але гэта ўдалося толькі праз два гады. Ігар Марзалюк падчас раскопак пазнаёміўся з адным месцічам, які нібыта ведаў, дзе меч. Той сказаў, што яго набыў масквіч і ён гатовы яго прадаць. Пачаліся перамовы з таямнічым калекцыянерам, нават былі спробы сустрэцца, каб выкупіць рэліквію, але здзелка не атрымалася. «Гульня» з абяцанкамі цягнулася каля тыдня, а потым прадавец зусім перастаў выходзіць на кантакт.

Але ў музеі разумелі, што меч дзесьці «ўсплыве» на аўкцыённых электронных пляцоўках. Зыходзячы з той інфармацыі, што ён трапіў у Маскву, уся ўвага была накіравана на расійскія сайты.

Амуніцыю мсціслаўскага рыцара нарэшце папоўніў яшчэ і меч.

— За дзень праглядалі некалькі сотняў лотаў, але меч як скрозь зямлю праваліўся, — дзеліцца падрабязнасцямі дырэктар музея. — Вельмі дапамаглі нашы расійскія калегі — Аляксандр Нікалаеў, прадстаўнік расійскага ваенна-гістарычнага таварыства з Масквы, і супрацоўнік Эрмітажа з Санкт-Пецярбурга Андрэй Багданаў. Яны як спецыялісты па зброі цікавіліся даспехам, а заадно падключыліся да пошукаў нашага мяча. Праз некаторы час стала вядома, што меч у канцы 2018 года быў прададзены на адной з замежных інтэрнэт-барахолак. Мы спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асобу, якая прадала беларускую каштоўнасць за мяжу, але праваахоўнікі паведамілі, што для гэтага не хапае доказаў. Заставалася толькі чакаць, калі меч зноў засвеціцца. І нарэшце ён з'явіўся на адным з сур'ёзных заходнееўрапейскіх аўкцыёнаў. Але ўжо цалкам абязлічаны, са знішчанай гісторыяй. З самага пачатку ён меў зламанае лязо — адсутнічаў кончык вастрыя. Па гэтай прыкмеце яго можна было лёгка апазнаць на папярэднім аўкцыёне. Гэтым разам кончык быў роўна спілаваны, і прадаваўся меч не як рыцарскі, паламаны ў бітве, а як экзекуцыйны. Пра Мсціслаў наогул не згадвалася. Адзінае, што ў апісанні ўскосна сведчыла пра яго беларускае паходжанне, гэта тое, што ён доўгі час знаходзіўся ў рацэ. Першапачаткова на рукаяці былі скураная абмотка і драўляныя накладкі, але яны згубіліся яшчэ раней. Ва ўсякім разе, на аўкцыёне ў 2018 годзе іх ужо не было. Меч яшчэ больш пакрыўся іржой. Але нахіл гарды, форма ляза, колькасць долаў — усё казала за тое, што перад намі мсціслаўскі меч.

Меч каштаваў 16 тысяч беларускіх рублёў, і патрэбная сума была хутка знойдзена. Сродкі на набыццё выдзелілі гарадскі бюджэт і Магілёўскае прадпрыемства цеплаэнергетыкі. З дастаўкай рарытэта з-за мяжы дапамагала камісія па вяртанні культурных каштоўнасцяў, у якую ўваходзяць прадстаўнікі розных міністэрстваў. Кіраўніцтва музея гісторыі Магілёва адрасуе асаблівыя словы падзякі начальніку ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталлі Хвір, міністру замежных спраў Уладзіміру Макею, супрацоўнікам Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Незвычайны герб Магілёва.

У музеі спадзяюцца высветліць імя майстра, які зрабіў меч. На яго рукаяці захавалася кляймо — шэсць квадратаў, якія формай нагадваюць крыж.

Аўтэнтычнасць перш за ўсё

Музей гісторыі Магілёва адносна малады, але ў яго калекцыі становіцца ўсё больш сапраўды каштоўных рэчаў. Прычым не столькі па цане, колькі па сваёй прыналежнасці да горада.

— Мы ўвесь час у пошуку, — кажа Аляксей Бацюкоў. — Тыя рэчы, якія набываем, вельмі важныя для горада. Носьбітам каштоўнай інфармацыі можа быць нават гузік. Калі мы ведаем, што за мяжой знаходзіцца нейкі цікавы артэфакт, які мае непасрэдныя адносіны да нас, мы яго адсочваем і набываем. Дзякуючы спонсарскай дапамозе Валерыя Казакова ў нас нядаўна з'явілася кніга магілёўскага шляхціца Восіпа Турчыновіча «Агляд гісторыі Беларусі са старажытных часоў» 1857 года выдання. Напісана яна была ў Магілёве.

Сярод унікальных рэчаў — «Часоўнік», не ўлічанае дагэтуль выданне сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. Кніга не ў найлепшым стане, але для Магілёва гэта каштоўнасць.

— Такія знаходкі могуць шмат чаго расказаць пра друкарню Багаяўленскага брацтва, — адзначае суразмоўца. — Яе дзейнасць апісана вельмі недастаткова і слаба вывучана. Мы ведаем, што існавала вялікая хваля выданняў для старавераў. Яны друкаваліся ў 1700-я, 1710-я, 1730-я гады. А цяпер вядома, што яшчэ і ў 1750-я. На старонках гэтай кнігі ёсць вадзяны знак, з дапамогай якога мы даведаліся пра прыблізную дату выдання. Гэты знак належыць папяровай фабрыцы з Падмаскоўя, якая адкрылася ў 1745 годзе і перастала існаваць у 1750-я гады.

Экспанаты, якія сцвярджаюць, што Магілёву амаль тысяча гадоў.

Кнігу, як і шмат іншых прадметаў, дапамог музею набыць Валерый Казакоў.

З музеем актыўна супрацоўнічаюць гісторыкі Дзмітрый Яцкевіч і Андрэй Радкоў — тыя самыя, з дапамогай якіх восем гадоў таму быў набыты Статут ВКЛ 1588 года. Акрамя гэтага Андрэй актыўна дапамагаў і з вяртаннем на радзіму мсціслаўскага мяча. Яшчэ адзін сябар музея — Алег Лісоўскі, былы магіляўчанін, які жыве цяпер у Аўгсбургу. З яго дапамогай музей набыў рэдкія фотаздымкі Магілёва часоў Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

— Хочацца знаходзіць рэчы, якія б здзіўлялі. Некаторыя прадметы часам вельмі мяняюць уражанне пра мінуўшчыну. Вось нядаўна наша супрацоўніца знайшла цікавы герб Магілёва з выявай рыцара, але без пагоні. Затое на ім ёсць каралеўская карона, — кажа Аляксей Бацюкоў. — Або малюнак, які таксама нядаўна трапіў на вочы ў інтэрнэце. На ім — супрацоўнік магілёўскага магістрата. Доўгія валасы, дэталі адзення — вельмі цікавы накід. Гэты малюнак размясціў у сацсетках Нацыянальны гістарычны архіў. Мы сістэматычна маніторым інтэрнэт, шукаем нешта характэрнае для Магілёва, аўтэнтычнае. Вельмі важна, каб нашы калекцыі маглі раскрыць гістарычнасць, унікальнасць нашага горада. Не хочацца, каб музей быў сховішчам стандартных антыкварных прадметаў, — хочацца, каб ён стаў рэпрэзентантам нашай культурнай традыцыі.

Колькі гадоў?

Калі ходзіш па залах музея гісторыі Магілёва, пачынаеш асабліва адчуваць душу горада. А яшчэ — гонар за тых людзей, якія робяць усё магчымае, каб вярнуць на радзіму яе скарбы. Два гады таму ў Магілёве прэзентавалі арыгінальны асобнік выдання «Апостала» Спірыдона Собаля 1632 года. Гэта адзіная кніга, якая выйшла на радзіме магілёўскага першадрукара. Пошукі выдання вяліся пяць гадоў. Фаліянт быў набыты ў аднаго з калекцыянераў у Еўропе. У гэтым музею дапамаглі ўсё тыя ж Валерый Казакоў, Андрэй Радкоў, Дзмітрый Яцкевіч і іншыя. Сярод рэдкіх выданняў таксама, акрамя Статута ВКЛ 1588 года, Новы запавет і Псалтыр ХVІІ стагоддзя.

А вунь за той шкляной вітрынай можна ўбачыць цікавыя графіны, якія прадаваліся на аўкцыёне як царскія — са стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага ў Магілёве.

Не менш каштоўныя здабыткі музея, знойдзеныя магілёўскімі археолагамі. Ёсць рэчы, якія ўскосна дазваляюць сказаць, што Магілёву болей чым 752 гады, і ён смела можа прэтэндаваць нават на 1000-гадовую гісторыю. Вось, напрыклад, манетападобная падвеска з выявай святога з аднаго боку і трызубцам — з другога. Яна, па словах экспертаў, была знойдзена на тэрыторыі Магілёва і магла належаць княжацкаму намесніку або іншаму статуснаму чалавеку. Іншымі словамі, можна меркаваць, што дзесьці ў пачатку тысячагоддзя на беразе Дняпра ўжо існавала нешта накшталт фарпоста. Прыкметы тысячагадовай гісторыі захоўваюць у сабе і каменная пячатка з трызубцам, посуд з характэрным кляймом, фрагмент плінфы з магілёўскага замка, скураны бранзалет з прарысоўкай на адвароце — «Жоод». У перакладзе з грэчаскай мовы гэтае слова азначае «зямля». Надпіс сведчыць пра тое, што ў ХІІ стагоддзі магіляўчане ўжо былі пісьменныя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».

Грамадства

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

У гэтым праекце знаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.