Вы тут

Куды скіроўвае ладдзю кніжніцы інтэрнэтны мусон?


Інавацыя адрознівае лідара ад таго, хто даганяе, гаварыў адзін з заснавальнікаў Apple Стыў Джобс. Інтэрнэт бярэ вытокі ў 1969-м (ARPANET — камп’ютарная сетка, створаная Advanced Research Projects Agency), бібліятэка ж існуе з пачатку цывілізацыі. Можна сказаць, немаўля і старац… Аднак сёння інтэрнэт падпарадкаваў сабе ўсе сферы і галіны жыцця. Значная частка сацыяльнага ўзаемадзеяння цяпер у інтэрнэце. Усё круціцца вакол яго. Бібліятэка — не выключэнне. Бібліятэка і інтэрнэт: ці перасякаюцца іх інтарэсы? Як не сутыкнуцца?


Нібы электрычны рухавік

Інтэрнэт сёння — такі ж неад’емны і натуральны складнік, як электрычны рухавік у індустрыяльную эпоху, перакананы аналітыкі. Аднак як рэагаваць на хваляванні наконт негатыўнага ўздзеяння інтэрнэту? У прыватнасці датычна кніжніцы. Ці не беспадстаўныя яны?

У беларускім інтэрнэце, як сведчыць статыстыка, 4,5 млн карыстальнікаў. З іх 40% — у мэсэнджарах, 44% — у сацыяльных сетках, 33% — на навінавых інтэрнэт-рэсурсах. Навіны на інфармацыйных рэсурсах краіны чытаюць 700 тысяч беларусаў.

— Як спосаб атрымання інфармацыі інтэрнэт мае каласальнае значэнне, і, напэўна, самая вялікая бібліятэка ў свеце не параўнаецца сёння па колькасці інфармацыі з інтэрнэтам, — лічыць дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска Алена Кубышкіна. — Іншая справа — наколькі гэтая інфармацыі дакладная. Усё-такі друкаваныя крыніцы інфармацыі — кніга, дапаможнік, артыкул — адпрацаваныя, вытрымліваюць рэдактуру, рэцэнзуюццца. Таму ў поўнай меры давяраць інтэрнэту сёння не варта. Хаця карыстацца ім, безумоўна, трэба. Вось прыклад. Раней вялікай папулярнасцю карыстаўся даведнік «Лекавыя сродкі» Машкоўскага ў 2 тамах. Людзі ішлі па яго ў бібліятэку — даведацца пра лекі  — атрымаць дакладную інфармацыю. Сёння ісці нікуды не трэба. Каб хутка знайсці інфармацыю, звярталіся да энцыклапедый (дата заснавання якога-небудзь горада, яго гісторыя). Сёння адкажа інтэрнэт. І гэта нармальная здаровая канкурэнцыя.

Рызыкі кібербудучыні

Інтэрнэт першапачаткова задумваўся як тэхналогія, якая можа забяспечыць свабодную камунікацыю. Ды сёння гэты новы спосаб камунікацыі ці не рызыкуе ўчыніць хаос? А можа, бібліятэкар здольны спыніць дыскусіі і спрэчкі, што разрастаюцца вакол інтэрнэту? Тым больш у нас ёсць пляцоўка для гэтага. Belarus IGF — адзіны ў краіне форум для абмеркавання ўсіх аспектаў развіцця інтэрнэту. Тут збіраецца як бізнесі тэхнічная супольнасць, так і  прадстаўнікі дзяржавы, некамерцыйных арганізацый, а таксама актывістаў і простых інтэрнэт-карыстальнікаў. Штогод — больш за 400 удзельнікаў з усяго свету: ад краін СНД да Канады і Аўстраліі. Арганізатар — кампанія hoster.by. Глабальны ж Internet Governance Forum праводзіцца пад эгідай ААН з 2006 года, і ў канцы мінулага года ў Берліне прайшоў чатырнаццаты такі форум па кіраванні інтэрнэтам. У фокусе — пытанні даверу насельніцтва да кіберпрасторы. Нарастанне распаўсюджанасці кібератак, захавання даных і прыватнасці пагражаюць падарваць рэпутацыю інтэрнэту. Беларускі IGF (прайшоў ужо 4-ы раз) — адзін з самых маштабных у нашай краіне. Ці не наспеў час бібліятэкам сказаць сваё слова на форуме?

 Кібербудучыня не можа не хваляваць. Развіваюцца інклюзіўны інтэрнэт і новы фармат медыя ў сетцы. Набірае моц электронны ўрад (у мінулым годзе Беларусь упершыню ўвайшла ў спіс краін з вельмі высокім індэксам развіцця электроннага ўрада (Very-High-EGDI), заняўшы 38-ы радок у рэйтынгу ААН).

Тэхналогія мяняе свядомасць?

Інтэрнэт — істотны фактар павелічэння прадукцыйнасці і канкурэнтаздольнасці. З’яўляючыся ключавой тэхналогіяй інфармацыйнай эпохі, ён мяняе свядомасць. Але ці маюць падставу перажыванні наконт шкоднасці інтэрнэту? Хіба інтэрнэт вызначае, што варта карыстальнікам рабіць ці як ім жыць? Наадварот, менавіта карыстальнікі ствараюць інтэрнэт, прыстасоўваючы яго да сваіх патрэб, інтарэсаў і каштоўнасцяў.

— У пэўным сэнсе інтэрнэт бібліятэкам нават дапамагае, — пераканана Алена Кубышкіна. — Падзеі, Кісларод вечнасці Куды скіроўвае ладдзю кніжніцы інтэрнэтны мусон? інфармацыйныя нагоды, так важныя для прэсы, — падстава, каб чалавек вярнуўся да кнігі, да мастацкай літаратуры. Самы просты прыклад — экранізацыя твораў, спісы (100 найлепшых кніг). Моладзь прыходзіць са спісам у бібліятэку. Усё ж мастацкую літаратуру кнігалюб прывык чытаць у друкаваным выглядзе. Альтэрнатывы бібліятэцы няма. Не кажучы пра тое, што сёння кніжніца — культурная ўстанова, якая прапануе забаўляльную праграму, што, па сутнасці, было заўсёды. Але цяпер запыт на гэта ўзрос і такія паслугі вельмі запатрабаваны. Бібліятэка — гэта, як ужо прынята лічыць, трэцяе месца: дом — работа — кніжніца, дзе чалавек можа атрымаць задавальненне, выбраўшы кнігу на дом, скарыстаўшыся прававой інфармацыяй (публічны цэнтр прававой інфармацыі), доступам да баз даных найбуйнейшых сусветных вытворцаў.

Небібліятэчным поглядам

Аднак пытанне «Як бібліятэцы жыць з інтэрнэтам?» спакою не дае. Бо інтэрнэт-прастора сёння — асаблівы від сацыяльнай рэальнасці. Ды адна з галоўных пераваг бібліятэкі — дакладнасць інфармацыі: асноўны яе фонд — гэта друкаваныя матэрыялы, якія маюць канкрэтнага аўтара, якія прайшлі рэдагаванне. Адсюль даследчыкі робяць выснову, што бібліятэка як сістэма наўрад ці калі знікне. Тым больш яна запатрабавана ў іншых сваіх іпастасях. Гэта яскрава дэманструе Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы, якая летась адзначыла 70-гадовы юбілей.

— У пачатку стагоддзя ў Купалаўцы ўзнікла культурная прастора, і бібліятэка стала комплекснай установай, — адзначае Алена Кубышкіна. — Шырока вядома наша галерэйна-выставачная прастора. Спецыяльна падрыхтаваная для гэтага зала ператварылася ў адмысловае месца. І ў многім дзякуючы таму, што да нас у калектыў прыйшлі спецыялісты не з бібліятэчным поглядам. Лічу, што ў штаце кніжніцы павінны быць спецыялісты, падрыхтаваныя не толькі ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, з тых, хто дэманструе іншы погляд на традыцыйную дзейнасць. І  атрымаецца заўважны рывок. Як у нас. У аддзел маркетынгу траплялі выпускнікі БДУ (спецыялісты па піяры і рэкламе). З прыходам у бібліятэку спецыялістаў з небібліятэчным профілем у нас узнік праект «Гуманітарная бібліятэка ХХІ стагоддзя», прысвечаны трансфармацыі бібліятэкі ў сучасных рэаліях. Ладзім штогадовую канферэнцыю «Бібліятэка. Больш чым заўсёды».

Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы мае шмат сяброў і партнёраў, сярод якіх — Вільнюская і Рыжская цэнтральныя бібліятэкі. Прафесійная суполка моцная сувязямі. У нашай краіне паміж кніжніцамі шчыльнае супрацоўніцтва, якое ў многім акумулюе Купалаўка, бо тут лічаць: для таго каб развівацца, трэба ведаць новае, а таксама тое, чым жывуць калегі.

Думаць пра будучыню змалку

Інтэрнэт актывізуе крэатыўнасць, наватарства, павялічвае вытворчасць. А кніжніца? Ці не забываюцца пра яе тыя, хто сёння «жыве» ў інтэрнэце?

— У бібліятэкі, безумоўна, ёсць будучыня, — пераканана намеснік дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска Алена Матвеева. — Усё залежыць ад нас саміх: трэба самім чытаць, навучыць чытаць дзяцей. Не стамляюся прыводзіць прыклад. Была ў гасцях у Швецыі. І дзіця, якое яшчэ не размаўляла, павяло мяне да трох скрынь. Аказалася, што ў іх — бібліятэчныя кнігі. (Паўтаруся: дзяця яшчэ не ўмела гаварыць!) У першай скрыні былі кнігі, якія ў сям’і ўжо прачыталі. У другой  — чытаюць зараз, у трэцяй — кнігі на чарзе, калі здадуць першыя. Думаю, мы таксама належым да цывілізаванага грамадства...

Адметнасць Купалаўскай бібліятэкі — супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, якое працягваецца ўжо больш чым 10 гадоў. Першы сумесны праект з архівам — «Колер 50-х» — пра каляровую фатаграфію ў прэсе. Пяць гадоў назад — «Васіль Аркашоў. Мая вайна», з апошняга — дзве выстаўкі: да 80-годдзя Савецкага раёна і 950-годдзя Мінска. Дырэктар бібліятэкі Алена Кубышкіна прыязджае ў архіў працаваць асабіста. Сярод сумесных праектаў кніжніцы і архіва — фотавыстаўкі (праект «Дом — мая сталіца»). Акрамя фота-, былі і відэапраекты: «Кінападарожжа ў часе» (раней перад паказам стужак у кінатэатры ішлі інфармацыйныя часопісы/выпускі): наведвальнікі мелі магчымасць вярнуцца ў мінулае, згадаць падзеі свайго жыцця.

Намоленае месца

Развіццё інтэрнэту істотна паўплывала на многія традыцыйныя ўяўленні пра грамадства. Глыбокія змены ў палітычнай, эканамічнай, прававой і прафесійнай сферах відавочныя для ўсіх. Ці не прывядзе рост інтэрнэт-аўдыторыі да таго, што пра кніжніцу будуць успамінаць радзей? Прынамсі, гэта не пагражае адданым наведвальнікам, прыхільнікам кніжніцы са стажам, з кагорты якіх — вядомы журналіст і пісьменнік Леанід Екель:

— У Купалаўцы адчуваю сябе выдатна, — гаворыць Леанід Сямёнавіч. — Гэта намоленае месца. Для пажылых бібліятэка — прастора душэўных зносін. Тут як у родным доме. Што ўяўляе сабой публічная бібліятэка, я меркаваў па Ленінцы. А  ў Купалаўцы — зусім па-іншаму. Прыйшоў у Купалаўсую бібліятэку па поклічы душы ў канцы 1980-х гадоў. З 300 маіх нарысаў 250 напісаны ў Купалаўцы. Тут у мяне нават свой стол! І я вельмі засмучаюся, калі ён заняты. Купалаўцы жыць вечна! Бібліятэка — гэта бяссмерце душы, гэта кісларод вечнасці.

Бібліятэка здольна ўмацоўваць адносіны паміж людзьмі: тут не толькі атрымліваеш інфармацыю, але можна і паразмаўляць, гледзячы ў вочы, што сёння вельмі каштоўна: у інтэрнэце цяжка праверыць шчырасць суразмоўцы, сапраўднасць эмоцый.

— У Латвіі раней у многіх дома былі вялікія асабістыя бібліятэкі: па 2000—2500 кніг (у маіх бацькоў — 1500), таму патрэба ісці ў кніжніцу была не асабліва надзённая, — успамінае дырэктар Рыжскай цэнтральнай бібліятэкі Дзідра Шміта. — Сёння іншы час. Носьбіты інфармацыі мяняюцца. Мы можам адкрыць і пачытаць, напрыклад, Біблію Гутэнберга, але пэўныя носьбіты становяцца неактуальнымі (дыскеты не перапісваюцца). Кніга ж ёсць, была і будзе адзіным, на што можам разлічваць, чаму можна давяраць.

Дзідра Шміта ўпэўнена: гэта ілюзія, калі лічаць, што сёння чытаюць больш з электронных прылад. Успамінаецца адна сучасная фраза: «Раздрукуй мне інтэрнэт»…

Спецыялісты са Стэнфардскага інстытута колькасных даследаванняў грамадства выказалі меркаванне, што «па большай частцы інтэрнэт сёння — гіганцкая публічная бібліятэка з камерцыйным ухілам». Ці так гэта? Мусон летам дзьме з акіяна, зімой — з мацерыка. Курс ладдзі ж пастаянны — толькі наперад.

Наталля СВЯТЛОВА

Загаловак у газеце: Кісларод вечнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».