Вы тут

Насуперак доўгім зімовым вечарам


Вольга Багдановіч з тых, хто з лёгкасцю можа змяніць прафесію. Кухар са сталічнага рэгіёна, прыехаўшы за мужам у самы паўночна-заходні раён Гродзеншчыны, яна перайшла працаваць у бібліятэку. У аграгарадку Міхалішкі Астравецкага раёна, дзе жыве з сям’ёй, артыстычная, рухавая, з вострым розумам маладая жанчына вось ужо 4 гады выдатна спраўляецца з абавязкамі сельскага бібліятэкара.


Вызначыўшы для сябе асноўныя напрамкі работы, Вольга Багдановіч пачала сваю дзейнасць з таго, што выбрала партнёраў — супрацоўнікаў сельскага Савета і адміністрацыі сельскагаспадарчага прадпрыемства, мясцовага Дома культуры, школы, лясніцтва і бальніцы. Зыходзячы з гэтага і ладзяцца масавыя мерапрыемствы, кніжныя выстаўкі і агляды творчасці...

За кароткі тэрмін Вольга Аляксандраўна арганізавала сярод пастаянных карыстальнікаў групу прыхільнікаў літаратуры. У зоне яе абслугоўвання  — 9 населеных пунктаў, у якіх пражывае каля 1000 чалавек. Крыху менш за палову з іх з’яўляюцца чытачамі бібліятэкі. Для кожнага ў гэтым кніжным аазісе знаходзіцца зацішнае месца. 14-тысячны фонд разнастайнай літаратуры маляўніча размясціўся ў абноўленым памяшканні. Тут знаходзяць адказы на шматлікія пытанні маленькія дзеткі, тут падбяруць патрэбную літаратуру або інфармацыю з інтэрнэту дапытлівыя старшакласнікі і маладыя мамы, няспешна перабіраюць часопісы па інтарэсах мужчыны, а жанчыны заўсёды знойдуць суцяшэнне ў сваіх любімых жаночых раманах. Новыя стэлажы, якія набыты год таму, і новы інтер’ер спрыяюць супакаенню і разняволенню. Вольга падыходзіць да чытача толькі тады, калі гэта сапраўды неабходна. Яна дае магчымасць наведвальнікам самім падбіраць літаратуру, тым больш што многія з іх частыя госці: штогод бібліятэку наведваюць каля 4000 раз, гэта ў сярэднім амаль па 9 разоў на кожнага чытача.

Бібліятэкар стараецца ісці ў нагу з часам. Сучасныя тэхналогіі ў бібліятэчнай справе даюць прастору для творчасці. Выкарыстоўваюцца буктрэйлеры кніг як вядомых аўтараў, так і мясцовых, ствараюцца ўласныя электронныя рэсурсы на базе краязнаўчых матэрыялаў, электронныя кніжныя выстаўкі, відэапрэзентацыі...

— Дзеці — мае самыя актыўныя чытачы. Але яны вельмі не любяць слухаць бібліятэкара на мерапрыемствах, — дзеліцца назіраннямі Вольга. — Імкнуся мяняць стыль зносін, непрыкметна ўцягваю іх у размову, абмеркаванне, дыскусію. Яны хочуць, каб іх чулі, і я даю ім такую магчымасць. Часта ладзім фізкультхвілінкі, каб не сумавалі.

Добрая практыка працы ў Вольгі і ў мясцовай бальніцы, дзе знаходзяцца ў асноўным пажылыя людзі на кругласутачным сястрынскім доглядзе. Штомесяц, а то і часцей бібліятэкар наведвае іх з кнігамі і часопісамі.

— Хворым, адзінокім людзям вельмі не хапае цяпла, чалавечых зносін, і тыя, хто па стане здароўя могуць сабе дазволіць чытанне, вельмі чакаюць майго прыходу, — распавядае Вольга. — Лёсы кніжных герояў прымушаюць іх на час адысці ад рэальнасці, дапамагаюць перажыць доўгія дэпрэсіўныя зімовыя вечары. Заўсёды імкнуся падабраць адпаведную літаратуру, пагутарыць, і яны з удзячнасцю і надзеяй чакаюць мяне зноў і зноў.

У Вольгі Аляксандраўны шмат працы. Акрамя масавых мерапрыемстваў і падрыхтоўкі да іх, трэба пісьменна і своечасова весці дзелавую дакументацыю, абслужыць кожнага наведвальніка, прыняць і апрацаваць перыядычныя выданні, уліць і выдаліць бібліяграфічныя карткі ў папяровыя каталогі і картатэкі, сачыць за станам друкаваных выданняў, рамантаваць іх ці замяніць новымі. Сёння для бібліятэкара і чытача ёсць пэўная палёгка — шмат даступнай і цікавай інфармацыі ў інтэрнэце. Спрашчае працу спецыяліста і электронны каталог, з дапамогай якога можна аператыўна знайсці патрэбную кнігу ці артыкул і хутчэй абслужыць чытача. У Міхалішкаўскай сельскай бібліятэцы вось ужо шмат гадоў працуе Публічны цэнтр прававой інфармацыі, з дапамогай якога можна хутка і эфектыўна знайсці патрэбны заканадаўчы дакумент.

— Работы шмат, але тым яна і цікавейшая, — дзеліцца Вольга. — Іду на працу і лаўлю сябе на думцы, што там мая аддушына ад бытавых будняў, там маё жыццё і, мабыць, лёс.

Галіна ФРАНЦКЕВІЧ, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.