Вы тут

Майстэрства «Калядных узораў»: забытае і вернутае


Гэтымі днямі нашы продкі адзначалі найвялікшае свята земляробчага календара — Каляды — адно з самых містычных у старажытных славян. Свята зімовага сонцастаяння, калі дзень павялічваецца на «вераб’іны крок», было нагодай падумаць пра будучае лета. Пазней у гэты ж час пачалі святкаваць Раство Хрыстова.


Фота Кастуся Дробава.

Зімоваму святу прысвечана штогадовая рэспубліканская выстаўка сучаснай народнай творчасці «Калядныя ўзоры», арганізатарам якой выступае Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці».

У памяшканні мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці сабраны амаль усе вядомыя тэхнікі і матэрыялы народнай творчасці: мастацкая апрацоўка драўніны, пляценне з прыродных матэрыялаў, ганчарства, кавальства, роспіс па дрэве, шкле, вышыўка, ткацтва, карункапляценне, выцінанка, бісерапляценне, аплікацыя ды іншыя. Сучасны стан, асаблівасці бытавання і напрамкі развіцця рамёстваў — тое, з чым дае магчымасць пазнаёміцца 27-я па ліку выстаўка. Колькасць удзельнікаў — больш за сто чалавек з усёй Беларусі, якія працягваюць і развіваюць шматвяковыя традыцыі беларускага народнага мастацтва.

Народны майстар Беларусі разьбяр Уладзімір Чыквін з Кобрына, які прадставіў на выстаўцы драўляныя цацкі, расказвае:

— Я захоплены гэтай справай больш чым сорак гадоў, стараюся кожны год удзельнічаць у выстаўцы. Акрамя мастацкай разьбы, займаюся скульптурнай разьбой для цэркваў, касцёлаў. Традыцыя — вякамі напрацаванае рамяство. Мяне вельмі прываблівае аднаўленне забытых тэхналогій, асабліва выкарыстанне колатай драўніны, старых інструментаў. Для гэтага трэба вывучаць спецыяльную літаратуру, але лепш за ўсё дапамагаюць вандроўкі па свеце. Калі нейкая тэхналогія згублена ў адной мясцовасці, яе можна знайсці ў іншым краі. Тое, што я не заспеў у нас, знайшоў ў замежных музеях.

Аснову выстаўкі складаюць творы не толькі знаных спецыялістаў, але і новых сяброў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Выстаўляюцца таксама і работы прэтэндэнтаў на ўступленне ў суполку. Сёлета гэта майстры Гарадка Віцебскай вобласці, Быхава Магілёўскай вобласці, Міншчыны: салігорскія, маладзечанскія, стаўбцоўскія.

— Экспазіцыя прадстаўляе ўсю палітру народнага мастацтва, — зазначае Тадэвуш  Стружэцкі, старшыня Беларускага фонду культуры, адзін з заснавальнікаў выстаўкі. — Майстроў ужо не трэба скіроўваць — яны самі выбіраюць свае работы, ведаючы, што выпадковае трапіць не павінна, інакш яно было б іншародным сярод твораў агульнага высокага ўзроўню. Высокі густ саміх умельцаў дазваляе ўтрымліваць патрэбную планку, ён вядзе за сабой іншых. А Саюз майстроў тут хутчэй вопытны дарадчык, чым цэнзар.

Выстаўка «Калядныя ўзоры» — гэта дэманстрацыя таго, чым жыве сучасная творчасць. Частка экспазіцыі распавядае пра даўно забытыя з’явы народнай культуры, якія наўрад ці знойдуць сваё ўвасабленне ў сучасных культурных працэсах. Яны патрабуюць падтрымкі і адраджэння, як, напрыклад, паазерскія маляваныя дываны, узоры якіх прадэманстравала ў экспазіцыі майстрыха Святлана Скавырка з Глыбокага. Ніколі не трацілі сваёй папулярнасці, заўсёды былі запатрабаваныя з практычнага боку вырабы з лучыны, лазы (калекцыя маладзечанскіх майстрых). Вялікая частка выстаўкі — творы, якія страцілі сваю практычную скіраванасць, засталіся чыста мастацкімі, — работы беларускіх выцінаншчыц, а таксама творы саломапляцення — нацыянальны феномен, які больш-менш адыходзіць ад традыцый. Пошукі ж новых шляхоў дэманструюць майстры, якія адрадзілі даўно забытую традыцыю набойкі, знайшоўшы новае прымяненне ў тых ці іншых кампанентах адзення.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».