Вы тут

Падлетак з Гродна друкаваў грошы на прынтары і распаўсюджваў іх праз знаёмых


Падрабязнасці гэтай крымінальнай гісторыі паведаміла УУС аблвыканкама.


У перыяд навагодніх святаў у горадзе адна за адной сталі выяўляцца падробленыя купюры наміналам 50 рублёў. Спачатку ў міліцыю звярнуўся жыхар абласнога цэнтра і распавёў, што прадаў электронную цыгарэту за 100 рублёў раней незнаёмаму маладому чалавеку, з якім звязаўся праз сацыяльныя сеткі. Пакупнік расплаціўся двума банкнотамі па 50 рублёў. Прадавец адразу не разабраўся, што купюры фальшывыя, нават паспеў разлічыцца адной з іх у краме, дзе падробку без праблем прынялі. А пасля больш дэталёвага агляду другой банкноты зразумеў, што пры разліку яго падманулі і сам паведаміў пра факт атрымання фальшывых грошай у міліцыю.

Асоба пакупніка была аператыўна ўстаноўлена, аднак, як аказалася, гэты грамадзянін не мае дачынення да іх, з ім таксама разлічыліся падробленымі купюрамі.

Літаральна праз тыдзень паступілі новыя паведамленні аб падробленых банкнотах. На гэты раз фальшывыя грошы выявілі пры пераліку ў двух гандлёвых цэнтрах, а таксама ў газетным кіёску. Усяго ў Гродне за кароткі тэрмін “усплылі” пяць фальшывых купюр вышэйназванага наміналу.

Супрацоўнікі Ленінскага і Кастрычніцкага РАУС пры падтрымцы калег з упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС правялі комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, па выніках якіх стала зразумела, што збываў фальшыўкі ў гандлёвую сетку не іх вытворца, а людзі, якія часам нічога не падазравалі. Напрыклад, да жыхара Гродна прама ў аўтобусе падышлі нейкія грамадзяне і папрасілі размяняць 50 рублёў на больш дробныя купюры. Пацярпелы пагадзіўся, нават не зразумеўшы, што яго падманулі.

У далейшым супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, што да вырабу падробленых банкнот можа быць датычны навучэнец адной з устаноў сярэдне-спецыяльнай адукацыі. Малады чалавек дома на каляровым прынтэры друкаваў купюры, першапачаткова сам іх распаўсюджваў, купляючы розныя электронныя дэвайсы ў аднагодкаў. А пазней пад нагодай вяртання доўгу ўцягнуў у супрацьпраўную дзейнасць сваіх знаёмых.

Затрыманы вытворца фальшывак быў пры спробе збыць чарговую купюру наміналам 50 рублёў. Грамадзянін са сваім таварышам вырашылі купіць у іншага юнака электронную цыгарэту. Аднак у апошні момант змянілі план: падазраваныя зразумелі, што прадавец прылады фізічна саступае ім, таму адабралі “электронку” і паспрабавалі збегчы. У гэты момант падлеткі былі затрыманы міліцыяй. У вытворцы купюр выявілі яшчэ дзве падробленыя банкноты.

Па месцы жыхарства аднаго з падазраваных канфіскаваны прынтар і арыгінальны грашовы знак – “узор” для падробак. Усяго ў злачыннай схеме удзельнічалі тры падлеткі, надрукаваны былі сем купюр.

Ва УУС Гродзенскага аблвыканкама нагадалі, што наўмысны выраб, захоўванне і збыт падробленых грашовых знакаў з'яўляецца крымінальна-каральным дзеяннем, за якое прадугледжана адказнасць да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гомельскія вучоныя расшыфравалі геном жука-караеда

Гомельскія вучоныя расшыфравалі геном жука-караеда

Каля 80 тысяч гектараў хваёвых лясоў Беларусі за апошнія тры гады пацярпелі ад высыхання — іх пашкодзіў жук-караед.

Грамадства

Пісьменніца Ганна Альхоўская: Часам дзеля будучыні дзяцей і трэба скасаваць шлюб

Пісьменніца Ганна Альхоўская: Часам дзеля будучыні дзяцей і трэба скасаваць шлюб

Развітацца з мужам і не помсціць яму, а пачаць новае жыццё.