Вы тут

Бойся абыякавых


Гэтую гісторыю з хваляваннем расказвала калега, якая вярнулася з пахавання былога мужа. Так выйшла, што рассталіся даўно, як той казаў, не яны першыя, не яны апошнія. Яна жыве ў самым паўднёвым абласным цэнтры краіны, ён у самым паўночным — жыў. Сувязным звяном заставаўся сын, а цяпер ужо і ўнук, які падрастае на радасць бабулі і да нядаўняга часу — дзядулі.


Фота: stapravda.ru

Ваенны пенсіянер у свае шэсцьдзясят з невялікім хвосцікам пражываў адзін, паводле слоў тых, хто яго ведаў, заўсёды пакідаў уражанне моцнага і здаровага мужчыны. У пачатку снежня з ім гаварылі па тэлефоне і сын, і сястра. Нікому ён на здароўе не скардзіўся. Занепакоіліся бліжэй да Новага года, бо дзядуля, на здзіўленне, доўга не званіў, не цікавіўся справамі ўнука. А калі ўжо не змаглі дазваніцца і павіншаваць з навагоднім святам, тады забілі трывогу і сталі дзейнічаць. Найперш нявестка адшукала нумары суседзяў па лесвічнай пляцоўцы і змагла дазваніцца ім. Яны здзівіліся: «А хіба вы не ведаеце, цела вывезлі з кватэры тыдня з паўтара таму?» Для родных гэта быў шок.

Калі яны прыехалі на месца, то нечаканых адкрыццяў са знакам мінус стала яшчэ больш. Высветлілася, што чалавек памёр 11 снежня. Цела забралі з кватэры аж праз дзесяць дзён. І то пасля таго, як адзін са знаёмцаў занепакоіўся, што ўжо другі тыдзень яго таварыш не прыходзіць у лазню. Ён жа такі аматар пары! Высветліў адрас праз трэціх асоб і пайшоў праведаць. На лесвічнай пляцоўцы візіцёра сустрэў едкі пах. Мужчына адразу западозрыў найгоршае і выклікаў міліцыю. Міліцыянеры паклікалі ратавальнікаў, шчуплейшы з іх залез праз адчыненую фортку ў кватэру і адкрыў дзверы. Хлопцу адразу стала дрэнна, відавочна, ад таго, што канцэнтрацыя ў паветры прадуктаў гніення была надзвычай высокая.

Ірына Пятроўна да гэтай пары не можа ўсвядоміць або нейкім чынам растлумачыць паводзіны суседзяў. Калі з дзвярэй стаў даносіцца смурод, можна было звярнуць увагу, што ў кватэры дзесяць дзён бесперапынна гарыць святло, застаецца аднолькава адчынена фортка, ды проста выклікаць адпаведныя службы. Суседзі потым казалі, што падумалі на 92-гадовую бабульку, якая жыве побач. Але тым больш трэба было рэагаваць, калі побач такі пажылы чалавек, з якім усё можа здарыцца! Колькі б яшчэ ляжаў нябожчык, каб не прыяцель па лазні, сказаць цяжка. «У рэшце рэшт, самі дыхалі выпарэннямі трупнага яду і не рабілі ніякіх крокаў», — дзівіцца Ірына Пятроўна.

Усё ж адзін неабыякавы чалавек знайшоўся, і памерлага забралі ў морг 21 снежня. А сваякі, як мы памятаем, спрабавалі дазваніцца ў навагоднюю ноч... Бо ім ніхто не паведаміў. Калі ж папыталі службовых асоб праваахоўных органаў, у чые абавязкі ўваходзіць апавясціць сваякоў, то перажылі яшчэ адно здзіўленне. Ім растлумачылі, што гэтак супала: то адны выхадныя, то другія, а паміж імі тэрміновыя справы наваліліся, канец года і ўсё такое. Яно зразумела, чалавечы фактар. Але ж на такі званок патрабавалася тры, сама болей пяць хвілін. Чалавека ж не на вуліцы знайшлі, не трэба было ўстанаўліваць асобу, высвятляць адрас і іншае. Цела забіралі з кватэры, дзе захоўваўся пашпарт. Ды што там, дакументы! Побач быў тэлефон з кантактамі, варта было націснуць на любы нумар, паведаміць. Гэта ж не згублены кашалёк альбо збеглая каза ў бабулькі, пра знаходку якіх можна паведаміць і пасля ўсіх свят. Гэта чалавек, у якога ёсць родныя і блізкія. Ды выйшла вось так. Пахавалі афіцэра-адстаўніка толькі 5 студзеня.

На жаль, усё часцей і часцей даводзіцца чуць або сутыкацца з нечым падобным. І калі ў вышэйапісаным эпізодзе маральныя страты панеслі родныя, а самому чалавеку ўжо нельга было нічым дапамагчы, то ў выпадку з брастаўчанкай склалася яшчэ горш. Нядаўна толькі скончыўся суд па гучнай справе выкрадання дзяўчыны ў Брэсце. Зламысніку далі 11 гадоў. Наша газета паведамляла аб злачынстве летам. Былы кавалер не змірыўся, што дзяўчына вырашыла з ім развітацца. Падпільнаваў яе, запхнуў у багажнік машыны, вёз немаведама куды, а калі яна выбіралася з машыны, спрабавала ўцякаць, даганяў і збіваў бітай. Пабояў магло і не быць, каб людзі, да якіх яна звярталася ў вёсцы і прасіла дапамогі, адгукнуліся. Але гаспадар аднаго з падворкаў, дзе ахвяра спрабавала схавацца ад злыдня, сказаў, што ён судзімы і не жадае звязвацца з праваахоўнікамі, гаспадыня падтрымала сужыцеля: «Міліцыя нам тут не патрэбная». Каб так павёў сябе і трактарыст, да якога скочыла ў адчаі ў кабіну, магла б наогул загінуць. Але трактарыст аказаўся чалавекам. Уратаваў перапалоханую, збітую на горкі яблык дзяўчыну.

Даўно ж сказана: «Бойся абыякавых! Гэта з іх маўклівай згоды дзеецца ўсё зло на зямлі!»

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.