Вы тут

Чаму наяўнасць бацькі ў сям'і такая важная для дзіцяці. Разбіраемся са спецыялістамі


Як складзецца наш лёс, пэўна, у найбольшай ступені залежыць ад нас саміх, аднак уплыў наяўнасці і стаўлення да дзяцей мамы і таты недаацэньваць нельга. Найчасцей у няпоўных сем'ях у дзяцей няма менавіта таты, прычым часам нават тады, калі ён жыве ў адной кватэры з малымі.


Пагаворым з кожным

Дзеці, якія вырастаюць у сем'ях, дзе няма таты або ён ёсць, але амаль не ўдзельнічае ў жыцці малога, па ўсіх паказчыках прайграюць і ў дзяцінстве, і ў дарослым жыцці, упэўнены Аляксандр ВЯЛІЧКА, старшыня праўлення грамадскай арганізацыі «Савет бацькаў», створанай летась. Усе члены гэтай суполкі — актыўныя таты, якія ставяць мэтай да 2025 года пагаварыць з кожным мужчынам у Беларусі.

— Перш-наперш мы пайшлі ў школы і прапанавалі дапамагчы праводзіць бацькоўскія сходы для татаў. Летась правялі 75 такіх сустрэч з удзелам больш чым 2,5 тысячы татаў, — кажа Аляксандр Вялічка. — І я зразумеў, што кожны тата хоча, каб яго дзіця было шчаслівае, і што няма раўнадушных бацькоў, проста мы яшчэ не ўмеем да іх дастукацца. Мы распрацавалі спецыяльны семінар «Падары дзіцяці тату», куды запрашаем толькі татаў і кажам ім, што дзіцяці трэба дарыць свой час, увагу, талент. Тата настолькі ўплывовы, наколькі ён побач. Мы верым, што існуе некалькі выключных кампетэнцый бацькі, або тых рэчаў, якія нават найлепшая маці не зможа даць свайму дзіцяці. Напрыклад, дакладнае ўяўленне, што такое мужнасць.

Па статыстыцы, у Беларусі 43 % дзяцей жывуць у сем'ях, дзе няма таты і, адпаведна, — мужчынскага ўплыву і выхавання. Тая ж няўмольная статыстыка даследаванняў паказвае, якія могуць быць наступствы ад адсутнасці роднага бацькі, расказаў старшыня праўлення арганізацыі.

Высветлена, што 63 % самазабойстваў у свеце спрабуюць здзейсніць асобы, якія выраслі ў сям'і без бацькі. Больш за траціны з тых, каго выратавалі ад спробы звесці рахункі з жыццём, сведчаць, што прычына іх учынку — дрэннае сямейнае становішча, скандалы, адсутнасць любові бацькоў. Гэта датычыцца перш за ўсё падлеткаў. 80 % гвалтаўнікоў выраслі без бацькі, 70 % падлеткаў і дзяцей, якія знаходзяцца пад сацыяльнай апекай, — з сямей, дзе няма таты. 90 % бяздомных у свеце таксама сталелі без таты.

— Як бы мы ні ставіліся да статыстыкі, лічбы кажуць самі за сябе. А вось звесткі з даследаванняў больш чым 150 дысертацый, якія так ці інакш датычацца бацькоўства і ўплыву таты на выхаванне дзяцей, — дадае кіраўнік «Савета бацькаў». — Адсутнасць бацькі рэзка павышае рызыку ўзнікнення дзіцячай дэпрэсіі, эмацыянальнага разладу, негатыўных эмоцый, найперш віны і страху. У тры-чатыры разы паніжае пачуццё сацыяльных кампетэнцый, шчасця. Павышае трывожнасць.

Акрамя таго, дзеці ў сем'ях з невысокім індэксам уцягнутасці бацькаў у іх выхаванне менш стрэсаўстойлівыя, цяжэй адаптуюцца і горш вучацца. У іх у 2,5 раза часцей дыягнастуюць астму і іншыя псіхасаматычныя праявы. Малыя менш ініцыятыўныя і маюць нізкі ўзровень сацыяльнай сталасці. Яны праяўляюць больш агрэсіі, часцей уцягваюцца ў канфлікты з равеснікамі і нават больш схільныя да няшчасных выпадкаў.

50 жыццёва важных звычак

У дарослым жыцці ў недалюбленых татамі дзяцей часта ўсё таксама складваецца не вельмі ўдала. У 80 % шлюбаў, якія скасоўваюцца ў першыя пяць гадоў жыцця, як мінімум адзін з сужэнцаў — з сям'і, дзе не было бацькі. І нават каэфіцыент смяротнасці сярод немаўлят вышэйшы ў 1,8 раза ў матуль, якія не замужам.

Татам, якія ўсведамляюць сябе як бацьку, «Савет бацькаў» між тым прапануе не толькі сустрэчы-размовы, а і самаадукацыю.

— Яна для тых тат, якія разумеюць, што ў нечым не маюць рацыі, і пачынаюць шукаць, дзе атрымаць інфармацыю. Некаторых з іх адштурхнулі ад выхавання малога, хтосьці сам адмовіўся ад гэтага працэсу. Такім бацькам трэба, каб ім нехта дапамог. Той, хто нечага хоча і далучаецца да нас са сваімі ініцыятывамі, пачынае рэалізоўваць іх, — кажа Аляксандр Вялічка.

Для бацькаў ужо тры гады ладзяць трэнінг «50 жыццёва важных звычак таты». Гэта 50 штотыднёвых сустрэч з татамі цягам года, дзе разглядаюцца галоўныя крытэрыі бацькоўства.

— Цікава, што за год ніхто не выйшаў з групы! 90 % бацькаў, якія ходзяць на нашы сустрэчы, адмовіліся ад алкаголю. Два таты, якія былі ў разводзе, аднавілі сем'і і афіцыйна аформілі шлюбы з былымі жонкамі. Мы імкнёмся стварыць з нашых бацькаў настаўнікаў, і гэта сапраўды працуе. Бацькі выходзяць ад нас і самі ствараюць падобныя групы.

Пасля кожнай такой сустрэчы па тэме ўзнятага пытання кожны абавязкова прымае пэўнае рашэнне для яго рэалізацыі ў жыцці сям'і. Нехта робіць жонцы падарунак, а нехта прыбівае плінтус, які ўжо два месяцы гэтага чакае.

— Наш трэнінг ужо атрымаў станоўчыя рэцэнзіі і быў апрабаваны пры педагагічным універсітэце. Мы маем права праводзіць яго ў школах, сацыяльна-педагагічных цэнтрах (СПЦ) і іншых установах, — падтрымлівае гаворку Аляксандр ПРУДНІКАЎ, лінгвіст, член праўлення «Савета бацькаў».

Арганізацыя пачала работу з СПЦ Фрунзенскага і Заводскага раёнаў сталіцы, з'явіліся тэматычныя кабінеты ва ўсіх жаночых кансультацыях, свае ідэі таты прасоўваюць і за межы краіны. Члены «Савета бацькаў» упэўнены, што праз некалькі гадоў моцны бацькоўскі рух будзе створаны амаль ва ўсіх краінах постсавецкай прасторы.

Спорт, баль, гульня

Паколькі тата асобна ад сям'і існаваць не можа, бацькоўская суполка раз у некалькі месяцаў ладзіць агульныя сустрэчы не толькі са сваімі прыхільнікамі і актывістамі, але і з іх сем'ямі. Гэта можа быць паход у кавярню, парк, на прыроду — куды хочаш. А вясной увогуле збіраюцца зладзіць сапраўдны баль. Кажуць, ужо вучацца вальсаваць.

Арганізацыя адкрытая, заяўляюць яе заснавальнікі. І хоць прымаць жанчын тут не збіраюцца — матуля ўсё ж не тата, — аднак «Савет бацькаў» ладзіць таксама сустрэчы і для класных кіраўнікоў, якія ў асноўным жанчыны, і для намеснікаў дырэктараў па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Летась, кажуць, з такімі трэнінгамі аб'ехалі бадай што ўсе раёны Гомельшчыны.

Пры гэтым стасункі таты з малым дапамагаюць развівацца не толькі дзіцяці, але і самому бацьку, падкрэслівае Кірыл БУДКЕВІЧ, псіхолаг, член праўлення «Савета бацькаў»:

— Тата — не проста здабытчык, які прыносіць грошы ў хату. Бавячы час з малым, бацька атрымлівае добрую магчымасць расці разам з дзецьмі, прынамсі, нагуляцца ў тыя цацкі, якіх не было ў яго часы. Не забываем мы і адукацыйны момант — возім дзяцей на экскурсіі на прадпрыемствы. Вось на заводзе гадзіннікаў «Луч» былі, на «Камунарцы» цукеркамі ласаваліся. Мы хочам, каб малыя на свае вочы бачылі, кім можна працаваць і як гэта выглядае.

— Тата таксама адказны за фізічнае развіццё дзіцяці. Ён павінен уцягваць малога ў спорт, лічаць у арганізацыі і ладзяць спартыўныя забаўкі бацькоў і дзяцей. Трэці год праходзіць валейбольны турнір, фінал якога адбываецца ў СКА «Уручча», дзякуючы таму, што мы знайшлі агульную мову са многімі дзяржустановамі, — дадае Аляксандр Пруднікаў.

У межах спартыўных турніраў, дарэчы, арганізуюць і конкурсы для татаў, прынамсі, прыз для бацькі, які наведае ўсе матчы каманды свайго дзіцяці. З сакавіка пачнуць ладзіць футбольны турнір. Ідэяй ужо зацікавіліся Міністэрства спорту і Дом футбола, абяцалі дапамагчы спартыўнай формай.

Плануюць у арганізацыі і шахматны трыятлон: класічныя шахматы, кітайскія і японскія. Гэта будзе камандная гульня: таты і дзеці супраць такіх жа праціўнікаў.

— Сустрэчы з намі — гэта і добры спосаб заняць татаў. Некаторыя бацькі толькі і ведаюць, што на работу схадзіць, а пасля яе адпачываюць, у сацсетках сядзяць, выпіваюць... Так што ўцягванне татаў у інтарэсы нашай суполкі — гэта яшчэ і пэўны паратунак ад шкодных звычак, спосаб далучыць да сумесных з дзецьмі хобі, — лічыць Васіль МАЛАШЭНКАЎ, журналіст, член праўлення «Савета бацькаў». — А ёсць жа такія захапленні, якія з часам могуць перарасці ў пастаянныя агульныя заняткі: тыя ж мадэлі самалётаў клеіць, разам каратэ займацца, на роварах ездзіць...

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Дайце слова тату!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.