Вы тут

І яшчэ раз вучыцца!


Псіхолагі кажуць: дзеці новага часу — асаблівыя. Народжаныя ў ХХІ стагоддзі не церпяць аўтарытарызму ні ад бацькоў, ні ад педагогаў, хутка распазнаюць маніпуляцыі і адмаўляюць метад «бізуна і перніка» як наогул нядзейсны. Нездарма адзін з гуру педагогікі Шалва Аманашвілі, які шмат выступае з асветніцкімі лекцыямі, у тым ліку і ў Беларусі, настойвае на гуманітарна-асобасным падыходзе — на тым, што немагчыма сілай прымусіць дзіця што-небудзь рабіць, у тым ліку вучыцца, займацца спортам або развіваць таленты, а значыць, трэба дамаўляцца і штораз шукаць кампраміс і згоду.


Фота: 5psy.ru

Аднак для большасці з нас гэта ўсё яшчэ «цудоўнае далёка», і мы працягваем ацэньваць дзяцінства і бацькоўства штампамі: «прафілактычны выспятак часам проста неабходны», «бацькі заўжды лепш ведаюць, што добра для іх дзіцяці», «шумны ў вас хлопчык, нявыхаваны», «не будзеш вучыцца — чалавекам не станеш» і яшчэ тысяча ды адна жыццёвая мудрасць былых вякоў, якая, як і выхаваўчыя метады нашых бабуль і прабабуль, часта проста не падыходзіць да рэалій новага часу.

Канешне, добра было б прачытаць парады аднаго-двух спецыялістаў альбо прагледзець некалькі адукацыйных фільмаў, і — хоп! — ты ўжо ведаеш, што рабіць у любым выпадку, спыняеш дзіцячыя істэрыкі адным позіркам, беспамылкова вызначаеш «правых» і «вінаватых» і маеш імунітэт ад усіх відаў маніпуляцый. Але гэта з вобласці ненавуковай фантастыкі і зборнікаў казак народаў свету. Насамрэч, гатовых, а тым больш універсальных рэцэптаў, якія для ўсіх падыходзяць, не існуе. Давядзецца напружвацца, шукаць, прыдумляць, выходзіць з зоны камфорту, кідаць нібыта неадкладныя справы і быць са сваім дзіцем тут і цяпер, калі ты яму патрэбны, а не калі ты вызвалішся. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць, таму будуць і пралікі, і расчараванні, і слёзы, і крыўды, і агрэсія (а як навучыцца з ёй спраўляцца і паводзіць сябе цывілізавана, калі ўвесь час не даваць выхаду пачуццям?). І паколькі нікому з нас на выхадзе з радзільні альбо аддзялення загса не выдаюць сертыфікат «кваліфікаваных бацькоў», то вучыцца давядзецца ўсё жыццё...

І ў тым ліку, дарэчы, вучыцца ў дзяцей. Рэгулярна нагадваю сама сабе, што выхаванне — працэс узаемны. Ты крычыш — рана ці позна на цябе прыкрыкнуць, ты падманваеш — не чакай шчырасці ў адказ, ты ціснеш аўтарытэтам — дзіця знойдзе, чым цябе напалохаць да дрыжыкаў і прымусіць лічыцца з тым, што яно — не частка цябе, а асобная чалавека-адзінка. А часам, наадварот, менавіта дзеці сваёй наіўнай шчырасцю і верай інтуітыўна задаюць правільны тон, які і нікога не крыўдзіць і прыводзіць да жаданага сямейнага ладу.

Мая малодшая дачка, напрыклад, вынайшла (а мо, падгледзела ў сваёй садкоўскай групе) вельмі дзейсны метад. У любой незразумелай сітуацыі — сварацца на яе бацькі, прыспешваюць, упала, спалохалася — прыходзіць абдымацца. І, уласна, усё — ці можна крыўдаваць або злавацца на чалавека, які распахнуў для цябе абдымкі? «Адпускае» практычна адразу, і ўсякі канфлікт прагаворваецца спакойна і ўзважана. Хоць, вядома, гэта таксама ніякая не запатэнтаваная парада для ўсіх бацькоў, а метад, які спрацоўвае ў нас, з гэтым дзіцем, тут і сёння. Што будзе праз год, а тым больш праз дзесяць, пакуль нават не загадваю — толькі спадзяюся, мы выхаваем адно аднаго неблагімі людзьмі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».