Вы тут

Дэпутаты расказалі аб меркаваных зменах у адміністрацыйным заканадаўстве


Размова, тон якой задаў кіраўнік дзяржавы пры наведванні вышэйшых навучальных устаноў, адбылася ў аўторак у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прыйшлі да студэнтаў, аспірантаў і выкладчыкаў прававога профілю трох ВНУ (Акадэмія кіравання, БДУ, БДЭУ), каб выслухаць іх думкі адносна карэкціровак у кодэксы, якія датычацца адміністрацыйных правапарушэнняў.


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Голуб, Ігар Завалей, Сяргей Клішэвіч і Павел Міхалюк на сустрэчы са студэнтамі-прававедамі і выкладчыкамі адміністрацыйнага права Акадэміі кіравання, БДЭУ і БДУ. Фота: pac.by

Пакаранне не дзеля пакарання

«Мы сабраліся тут, каб пачуць думкі моладзі, выкладчыкаў, аспірантаў — тых, хто прафесійна працуе з пытаннямі адміністрацыйнай адказнасці, — растлумачыў мэту сустрэчы член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей КЛІШЭВІЧ. — Мы сустракаемся з людзьмі для таго, каб дакумент атрымаўся максімальна дзейсны, каб ён даў магчымасць грамадзянам адчуваць сябе больш свабоднымі. У нас з шасці мільёнаў працаздольнага насельніцтва за пяць апошніх гадоў тры мільёны маюць адміністрацыйныя спагнанні. Гэта значыць, палова людзей у нечым вінаватая. Гэта можа выклікаць сацыяльнае напружанне. Мы павінны яго зняць».

Парламентарыі паведамілі, што адносна абнаўлення адміністрацыйных кодэксаў у Нацыянальны сход паступіла ўжо каля 1,5 тысячы прапаноў. Часта гэта бытавыя пытанні. Напрыклад, спрэчкі, якія ўзнікаюць у дачнікаў з эколагамі, калі першыя навялі парадак на тэрыторыі вакол свайго ўчастка, а другія вінавацяць іх у парушэнні экалагічных правіл.

Гэта і пытанні, звязаныя з правіламі дарожнага руху, доля якіх складае прыблізна 80 % ад усіх адміністрацыйных спагнанняў. Чакаецца змякчэнне санкцый за такія парушэнні правіл дарожнага руху, як пераход вуліцы ў непрызначаным месцы, праінфармавалі дэпутаты журналістаў перад пачаткам размовы з моладдзю. Там, дзе, акрамя штрафу, прадугледжана папярэджанне, апошняе мяркуецца зрабіць нормай для тых, хто ўпершыню парушыў правіл дарожнага руху.

Самае складанае — прафілактыка

У праект змянення кодэксаў асобнай главой плануецца ўнесці меры прафілактычнага характару. «Гэта важная частка будучага юрыдычнага дакумента, якую нам належыць распрацаваць, — гэта цалкам новы кірунак, — адзначыў дэпутат. — Важна прадугледзець, на каго будзе ўскладзена функцыя прафілактыкі. Гэта вельмі глабальнае пытанне. Сёння той, хто выносіць рашэнне, часта зацікаўлены выпісаць штраф, а не папярэдзіць. Мы ж павінны кіравацца справядлівасцю. Тут, акрамя прыняцця адпаведных паправак, трэба правесці работу з тымі, хто выконвае нормы кодэкса. Той, хто атрымае новы дакумент, павінен ведаць, як з ім працаваць».

Неабходна пры гэтым мінімізаваць і рызыку карупцыйнага складніка, дадаў Сяргей Клішэвіч. Для гэтага трэба дакладна прапісаць, за якія парушэнні можна папярэджваць, а за якія трэба караць. Магчыма, такое рашэнне павінна прымацца калегіяльна.

Дэпутаты заўважылі, што ў прапановах, якія паступілі па гэтых законапраектах, размова не толькі пра палягчэнне цяжару адміністрацыйнай адказнасці. Па некаторых пытаннях грамадзяне выступаюць за больш жорсткія меры: язда ў нецвярозым стане, праезд на чырвоны сігнал святлафора, курэнне ў грамадскіх месцах.

Моладзь — за смеласць

Студэнты прыйшлі на сустрэчу відавочна падрыхтаваныя, але адна з першых прапаноў прагучала ад выкладчыка кафедры канстытуцыйнага і адміністрацыйнага права Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Артура Гасанава.

«Калі мы паглядзім частку 5 артыкула 18.22 «Парушэнне асобай, якая кіравала транспартным сродкам, іншых правіл дарожнага руху, акрамя парушэнняў, прадугледжаных артыкуламі 18.12—18.16, 18.19—18.21 гэтага кодэкса і часткамі 1—4 гэтага артыкула, цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да пяці дзясятых базавай велічыні, — працытаваў ён. — на мой погляд, тут варта канкрэтызаваць: за якія менавіта пункты правіл дарожнага руху прымяняць гэту адказнасць? Мяркую, што прымяняць за ўсе немэтазгодна. Гэта датычыцца і іншых сфер».

Іншая заўвага, ужо ад старшакурсніцы, датычылася неабходнасці змяніць заканадаўства аб прыцягненні да адказнасці не толькі грамадзян, але і суб'ектаў гаспадарання. «Напрыклад, цяпер за адно парушэнне можна прыцягнуць да адказнасці і юрыдычную, і службовую асобу, што мае наступствам двайную адказнасць. Мяркуем, што неабходна прыцягваць да адказнасці альбо юрыдычную асобу, альбо службовую асобу», — растлумачыла дзяўчына.

Артур Гасанаў дадаў: пакаранне робіцца яшчэ цяжэйшае з-за таго, што ў парадку рэгрэсу з вінаватай службовай асобы спаганяецца матэрыяльная страта юрыдычнай асобы. Гэта значыць, прадпрыемства можа прад'явіць вінаватаму работніку адпаведны іск, у выніку чаго той двойчы панясе пакаранне. Правапрымяняльная практыка паказвае, што, як правіла, так і адбываецца.

«Акрамя таго, у нас ёсць некаторыя адміністрацыйныя спагнанні, якія носяць доўгатэрміновы характар, — звярнула ўвагу дэпутатаў іншая студэнтка. — Наша заканадаўства не дазваляе датэрмінова спыніць такое спагнанне. Напрыклад, пазбаўленне спецыяльнага права займацца пэўнай дзейнасцю. Калі суб'ект гаспадарання дэманструе законапаслухмянасць, чаму б не даць яму магчымасць вызваліцца ад спагнання? Размова, як правіла, ідзе пра адкліканыя за нейкія парушэнні ліцэнзіі».

* * *

Шэраг іншых прапаноў ад студэнтаў і аспірантаў прагучаў падчас круглага стала: павялічыць памер шкоды, за якую асоба прыцягваецца да крымінальнай адказнасці пры крадзяжы; прадугледжваць адсутнасць умоў для аплаты праезду ў грамадскім транспарце пры вынясенні рашэння аб адпаведнай адміністрацыйнай адказнасці; уключыць у КаАП палажэнні аб адміністрацыйных правапарушэннях з іншых дакументаў (указаў і дэкрэтаў); павысіць прававую культуру грамадзян; скараціць пералік асоб, якія маюць права выносіць рашэнне аб адміністрацыйнай адказнасці; абмежаваць тэрмін затрымання фізічнай асобы ў выпадку адміністрацыйнага парушэння пры немагчымасці ўстанавіць яго асобу і іншыя.

Парламентарыі паабяцалі выкласці пачутую на сустрэчы пазіцыю студэнтаў і выкладчыкаў перад профільнай камісіяй, якая будзе разглядаць усе ініцыятывы па папраўках у кодэксы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Загаловак у газеце: А што думаюць студэнты?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».