Вы тут

Лукашэнка: Атрымаць вучонае званне і прызнанне год ад году становіцца цяжэй


Напярэдадні Дня беларускай навукі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўручыў дыпломы дактароў навук і атэстаты прафесараў.


У Беларусі навука карыстаецца асаблівай падтрымкай і даверам з боку дзяржавы, але і патрабаванні вельмі сур’ёзныя, адзначыў Прэзідэнт. Ён упэўнены, што вучоным у Беларусі стаць складана, проста так атрымаць званне, абараніць кандыдацкую ці доктарскую дысертацыю з кожным годам становіцца складаней.

Высокі інтэлект нацыі і жыватворная крыніца культурных традыцый, як адзначыў падчас выступлення на цырымоніі Аляксандр Лукашэнка, — дзве галоўныя сілы, якія жывяць моц нашай дзяржавы.

Ушаноўванне ў Палацы Незалежнасці напярэдадні Дня беларускай навукі яе найлепшых прадстаўнікоў — гэта адзнака стратэгічнай значнасці найважнейшай для развіцця краіны галіны, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

«У гэтым годзе сваё прафесійнае свята вы сустрэнеце ўжо ў новым статусе. Прысваенне званняў доктара навук і прафесара стане чарговай вашай перамогай на найскладанейшым шляху пазнання законаў прыроды, грамадства, а таксама асновай для вашых новых здзяйсненняў, і не толькі вашых. Многія адкрыцці ў навуцы робяцца выпадкова, але дакладна не выпадковымі людзьмі», — сказаў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт падкрэсліў, што за кожным вынікам стаяць гады самаадданай, напружанай працы, а самая цяжкая праца чалавецтва — праца вучонага.

Паводле яго слоў, навуковую ісціну спасцігаюць толькі самыя таленавітыя, настойлівыя і мэтанакіраваныя.

«Айчынныя навукоўцы актыўна ўцягнутыя ў многія грамадска-палітычныя працэсы жыцця краіны. І гэтая высокая місія патрабуе ад кожнага з вас вялікай самааддачы і адказнасці за рашэнні, што прымаюцца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Атрымаць званне і прызнанне з году ў год становіцца цяжэй, лічыць ён. «Прынамсі за грошы, як гэта было шмат гадоў таму, я зачапіў гэтыя часы, наўрад ці гэта магчыма», — канстатаваў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што навука і сучасныя інавацыі мяняюць аблічча свету і адкрываюць гарызонты цывілізацыйнага развіцця трэцяга дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя.

Кіраўнік краіны звярнуў увагу, што сёння як ніколі жыццёва важна ўвайсці і замацавацца ў групе краін — распрацоўшчыкаў і вытворцаў высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі.

«У нас ёсць усе падставы для паспяховага руху ў дадзеным кірунку. Беларусь ужо здабыла шырокую вядомасць дзякуючы даследаванням і распрацоўкам у галіне інфармацыйных і касмічных тэхналогій, атамнай энергетыкі, фізікі, машынабудавання, аграпрамысловасці і біятэхналогій, медыцыны і фармацэўтыкі, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — На вашых плячах, як бы пафасна гэта ні гучала, — адказнасць за будучыню нашых дзяцей».

Дасягненні гэтага пакалення вучоных абавязкова павінны знайсці развіццё ў выніках працы найлепшых вучняў — перспектыўных, амбіцыйных, з дзяржаўным мысленнем, падкрэсліў Прэзідэнт. «Іх будучы поспех стане сапраўдным пацверджаннем высокіх званняў і навуковага аўтарытэту настаўніка, а традыцыя пераемнасці інтэлектуальнага патэнцыялу паслужыць галоўным мэтам далейшага развіцця нашай дзяржавы» — дадаў ён.

Прэзідэнт даручыў разгледзець магчымасць стварэння новай сістэмы разгляду апеляцый па навуковых працах

Пасля цырымоніі ўзнагароджання Аляксандр Лукашэнка запрасіў навукоўцаў да размовы. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што з вялікай павагай ставіцца да вучоных і падзяліўся, што ў свой час адмовіўся займацца навукай.

Першым з дакладам аб дзейнасці Вышэйшай атэстацыйнай камісіі выступіў яе старшыня Аляксандр Гучок. Паводле яго слоў, у найбліжэйшы час увага ўстановы будзе накіравана на павышэнне адкрытасці працэдур публічнай абароны дысертацый, тым больш што вопыт у трансляцыі анлайн гэтага працэсу ўжо ёсць.

Старшыня ВАК праінфармаваў, што ў 2019 годзе колькасць прысуджаных навуковых ступеняў скарацілася на 25 працэнтаў.

Дыскусію выклікала пытанне працэдуры адхілення дысертацый і апеляцый па іх. Прэзідыум ВАК адмаўляе работу па прадстаўленні экспертнага савету, але і апеляцыі падаюцца ў ВАК, які павінен арганізаваць яе незалежны разгляд. Прэзідэнт прапанаваў прадугледзець разгляд скаргі ў якімсьці іншым органе. «Можа быць, задзейнічаць Акадэмію навук, каб апеляцыя была апеляцыяй. Каб я не звяртаўся да таго, як я сказаў, хто ўжо паставіў кляймо на маёй дысертацыі, — падагульніў кіраўнік дзяржавы і даручыў гэта пытанне ўзяць пад кантроль. — Паглядзіце з Акадэміяй навук, урадам, кіраўніцтвам ВАК. Без усякіх асабістых падыходаў. Шчыра дакладзіце. Не, дык не — пакінем гэту сістэму. Калі вы палічыце неабходным, што павінна быць некалькі іншая сістэма (жыццё развіваецца, на гэтым узроўні мы засвоілі ўсё, што планавалі, рухацца трэба кудысьці наперад), разгледзім давайце гэта пытанне».

Прэзідэнт падкрэсліў, што жорсткае патрабаванне, якое не патрабуе перагляду, — практыкаарыентаванасць работ, ці магчыма прымяніць іх у жыцці. Ён запатрабаваў праз пэўны час далажыць, як рэалізуюцца яго даручэнні, дадзеныя Акадэміі навук некалькі год таму.

«Трэба вызначыцца, калі крыху пасвабодней будзе, можа, пасля першага квартала, і перагаварыць там на месцы, у Акадэміі навук, з навукоўцамі на прадмет рэалізацыі іх адкрыццяў», — анансаваў размову Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня ВАК: Практыкаарыентаванасць у работах — гэта асноўнае патрабаванне экспертаў да навуковых работ

Пра сутнасць сваёй распрацоўкі расказала Прэзідэнту Вольга Матылевіч, доктар медыцынскіх навук, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі анкагенікалогіі «РНПЦ анкалогіі і медыцынскай рыдыялогіі імя М.М.Аляксандрава». Паводле яе слоў, у краіне ўкаранены органазахоўваючыя аперацыі пры раку шэйкі маткі, а раней навукоўцы не маглі нават уявіць, што орган, пашкоджаны пухлінай, можа быць захаваны. «Намі распрацаваны алгарытм адбору такіх пацыентаў і выкананы такія аперацыі. Яны штучныя, унікальныя, высокатэхналагічныя, калі выдаляецца пухліна, а орган захоўваецца для далейшага дзетанараджэння», — паведаміла навуковец.

Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, дырэктар «Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі» Сяргей Лысенка займаецца змяненнем клімату. «Калі мы не можам на яго паўплываць, павінны адаптавацца. Навукоўцы правялі рэгіянальную адаптацыю глабальных кліматычных мадэляў і распрацавалі сцэнарый змянення клімату ў Беларусі ў бягучым стагоддзі. Гэтыя і іншыя дадзеныя дапамаглі стварыць стратэгію па адаптацыі сельскай гаспадаркі», — сказаў прафесар.

Аксана Прыбушэня, доктар медыцынскіх навук, дацэнт, заведуючая лабараторыяй медыцынскай генетыкі і маніторынгу прыроджаных парокаў развіцця «РНПЦ «Маці і дзіця», прадставіла кіраўніку краіны сваю работу. Яна прысвечана шматплоднай цяжарнасці, дыягностыцы спадчынных прыроджаных захворванняў і зніжэнню акушэрскіх ускладненняў пры шматплоддзі.

Таццяна Падаляк: Асаблівая ўвага ў сучаснай беларускай журналістыцы надаецца праблемам фальсіфікацыі Другой сусветнай вайны

Сярод прысутных на сустрэчы з Прэзідэнтам была і пазаштатны аўтар «Звязды», доктар філалагічных навук, дацэнт кафедры медыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Падаляк. Яе работа прысвечана каштоўнасцям сучаснай беларускай журналістыкі. Асаблівая ўвага, лічыць Падаляк, надаецца праблемам фальсіфікацыі Другой сусветнай вайны.

Доктар філалагічных навук на працягу двух дзесяцігоддзяў працавала ў газеце «Звязда». Паводле яе слоў, «гэта сапраўды вялікая школа — праца ў такой найстарэйшай беларускай газеце». «Я маю гонар сказаць, што працягнула традыцыі патрыятычнай газеты «Звязда», якая выдавалася ў падполлі, у партызанскай зоне. І асабліва хацелася б мне сказаць пра маіх настаўнікаў-журналістаў. Гэта былы рэдактар газеты Уладзімір Браніслававіч Наркевіч, намеснікі галоўнага рэдактара — Уладзімір Васільевіч Міхаевіч, Людміла Іванаўна Рыжанкова. Маю шчасце і ўдзячнасць, што час ад часу мае нарысы газета «Звязда» друкуе», — расказала карэспандэнту «Звязды» Таццяна Падаляк.

«Колькасць прысуджаных вучоных ступеняў доктара і кандыдата навук паменшылася больш чым на 25 працэнтаў. Падыходы засталіся былымі, калі казаць пра патрабаванне няўхільнага захавання заканадаўства, якое рэгламентуе атэстацыйную дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь. ВАК стаў значна больш увагі надаваць вывучэнню зместу дысертацый, кантролю за працай экспертаў на розных этапах, — паведаміў журналістам старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандр Гучок. — Практыкаарыентаванасць у работах — гэта асноўнае патрабаванне экспертаў на самых ранніх этапах. І гэта патрабаванне адсочваецца і ў экспертных саветах, і ў Прэзідыуме ВАК самым дасканалым чынам. Мы патрабуем пацверджання ад устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, міністэрстваў, ведамстваў, дзе вынікі той ці іншай навуковай работы рэальна ўкаренены».

Марыя Дадалка

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Мікалай Пінігін: Каб ведаў як, сам напісаў бы класную сучасную п'есу

Мікалай Пінігін: Каб ведаў як, сам напісаў бы класную сучасную п'есу

На рахунку рэжысёра і мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна больш за семдзесят спектакляў, і па некаторыя з іх хоць зараз ідзі на вуліцу Энгельса. 

Грамадства

Расказваем пра тое, як на Брэстчыне раней гатавалі варэнне і як гэта робяць цяпер

Расказваем пра тое, як на Брэстчыне раней гатавалі варэнне і як гэта робяць цяпер

Аказваецца, у нашых вёсках амаль да другой паловы ХХ стагоддзя не мелі звычкі нарыхтоўваць яго, не ведалі, як варыцца.