Вы тут

Краіна адзначае стагоддзе УНОВИСа


Увесь гэты год мы будзем адмыслова ўспамінаць салодкія часы, калі Віцебск знаходзіўся ў авангардзе сусветнага мастацтва. 2020-ы, канешне, варта было б назваць у гонар УНОВИСа: сто гадоў таму Казімір Малевіч стварыў у Віцебску арт-аб'яднанне «сцвярджальнікаў новага мастацтва», што праз агучаныя ідэі і філасофію стала сапраўднай рэвалюцыяй. Выбухная плынь супрэматызму, што паўплывала і да гэтых часоў уплывае на сферу культуры, запанавала ў Віцебскай народнай мастацкай школе і сабрала вакол сябе цяпер ужо сусветна вядомых мастакоў, скульптараў і архітэктараў. На працягу 2020 года ў Беларусі з удзелам нашчадкаў унавісаўцаў мае прайсці цэлы шэраг прысвечаных юбілею арт-суполкі мерапрыемстваў, і першае з іх адбылося ўжо на гэтым тыдні.


Хоць насамрэч, можна сказаць, святкаванне стагоддзя УНОВИСа пачалося яшчэ летась, калі ў Беларусі была ўручана Міжнародная прэмія імя Лазара Хідэкеля — аднаго з самых вядомых вучняў Шагала і Малевіча, архітэктара, стваральніка праектаў экагарадоў і гарадоў будучыні. Тады на цырымонію ўручэння з Нью-Ёрка прыехаў сын вядомага ўнавісаўца Марк з жонкай Рэгінай і сынам Раманам. Мастацтвазнаўца Рэгіна Хідэкель тады расказала, як падчас аднаго партыйнага допыту ў архітэктара запыталіся, чаму ён і яго паплечнікі бяруць прыклад з Захаду, на што той адказаў, што ўсё наадварот: гэта Захад бярэ прыклад з супрэматыстаў, і пытанне закрыў.

Так яно і было: калі самі ўнавісаўцы змаглі паглядзець тагачаснае прагрэсіўнае мастацтва Еўропы, аказалася, што эстэтыка супрэматызму шмат у чым апераджала заходнія ўзоры. Пра выключнае мастацкае аб'яднанне акуратна і даступна расказвае дакументальная стужка Яўгена Сяцько «УНОВИС», створаная летась на кінастудыі «Беларусьфільм». Публічны паказ фільма ў якасці першай у 2020 годзе прысвечанай юбілею падзеі адбыўся 22 студзеня ў кінатэатры Vоkа Сіnеmа. Карціна пачынаецца з таго, як Казімір Малевіч прыязджае ў Віцебск, каб працаваць у народным мастацкім вучылішчы. Праз архіўныя кадры, фотаздымкі, дзённікі, з дапамогай шматлікіх экспертаў яна тлумачыць ідэі супрэматызму і расказвае пра гісторыю і значнасць унавісаўцаў, сярод якіх Эль Лісіцкі і Лазар Хідэкель, Мікалай Суецін, Вера Ермалаева, Леў Юдзін і іншыя.

Адзін з экспертаў дакументальнага фільма дырэктар Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча Андрэй Духоўнікаў спаслаўся на тое, што шмат якія мастацтвазнаўцы кажуць: маўляў, падобнае магло адбыцца дзе заўгодна: у Смаленску, Бранску ці Самары, куды б Малевіч ні паехаў працаваць. «...Але адбылося ў Віцебску, напэўна, таму, што горад валодае пэўным магнетызмам: тыя, хто там бываў, з гэтым пагодзяцца. У цэлым унавісаўцы сапраўды былі звычайнай віцебскай моладдзю, якая па збегу абставін аказалася пад уплывам Казіміра Малевіча, магнетызму свайго горада, рэвалюцыі і ўсіх падзей пачатку ХХ стагоддзя».

У віцебскім музеі адкрылася выстаўка (пад патранатам траюраднай пляменніцы заснавальніка УНОВИСа Івоны Малевіч) малюнкаў дзяцей з Беларусі, Польшчы, Іспаніі і ЗША (усяго пятнаццаці краін) на тэму віцебскай мастацкай школы. Экспазіцыя была паказана ў іспанскай Марбельі, Нью-Ёрку, а пасля Віцебска адправіцца ў Варшаву.

12—14 лютага ў Віцебску пройдзе маштабная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная стагоддзю стварэння арт-аб'яднання УНОВИС, у якой прымуць удзел Івона Малевіч, сям'я Багданавых, таксама з нашчадкаў Казіміра Малевіча, праўнучка Эля Лісіцкага Валерыя, сям'я Хідэкеляў, мастацтвазнаўцы і мастакі.

Гучнай падзеяй 15 лютага мае стаць персанальная выстава Лазара Хідэкеля, як кажуць, адна з найбуйнейшых за ўсю іх гісторыю, — з архіва сям'і архітэктара ў Беларусь прывязуць каля ста работ, напрыклад, эскізы касмічнага жылля і планы гарадоў будучыні, а таксама ўнікальныя дакументы УНОВИСа.

Апроч названых, на працягу года з'явіцца яшчэ цэлы шэраг нагод успомніць сцвярджальнікаў новага мастацтва. Ініцыятарам святкавання стагоддзя УНОВИСа стаў Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны, а падтрымку аказвае кампанія А1.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Прэв'ю: ianborges.coach

Загаловак у газеце: «Звычайная віцебская моладзь»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.