Вы тут

Як наладзіць бізнес у невялікім райцэнтры, дзе няма чыгункі


Уздзенскі касцёл, які пабудавалі ў канцы ХVІІІ стагоддзя, мясцовыя ўлады не адзін раз спрабавалі прадаць праз электронны аўкцыён, але ахвотных аднавіць помнік архітэктуры не знаходзілася. Але не так даўно лёс касцёла аказаўся ў руках мясцовага бізнесмена Рамана КАРАЛЁВА. «Больш не змог пазіраць на гістарычны будынак, які нікому не патрэбен», — так тлумачыць ён набыццё даволі нестандартнага памяшкання.


КАСЦЁЛ І СВЕЧКІ

Раман Міхайлавіч пераехаў ва Узду з Фаніпаля восем гадоў таму і пачаў тут ладзіць бізнес па вырабе свечак. Першым будынкам, у які прадпрымальнік удыхнуў жыццё, стала былая школа, пабудаваная яшчэ ў 1939 годзе.

— Гэты будынак нам аддалі бясплатна пад інвестыцыйны праект, наўзамен я павінен быў стварыць рабочыя месцы, расказаць мясцовым уладам пра аб'ём вытворчасці, на які мы плануем выйсці, — кажа Раман Каралёў. — Усё склалася, і праз два гады былая школа перайшла ў нашу ўласнасць, мы размясцілі тут вытворчасць, а некаторыя памяшканні ўжо здаём у арэнду.

Бізнесмен лічыць, што ў Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для бізнесу, калі гаворка ідзе пра пошук свабодных плошчаў для размяшчэння вытворчасці. На яго думку, у нашай краіне шмат будынкаў, якія пустуюць і якія можна неяк выкарыстоўваць.

— Калі ў прадпрымальніка ёсць жаданне, то можна знайсці памяшканне, гэта няцяжка і нядорага. Канкрэтна ў Уздзенскім раёне ёсць як плюсы, так і мінусы. У горадзе можна знайсці свабодныя плошчы і мясцовая ўлада больш клапоціцца аб развіцці прадпрымальніцтва, — лічыць Раман Міхайлавіч. — Калі параўноўваць з Фаніпалем ці Дзяржынскам, то там даўно ўсё занятае, а мясцовай уладзе не заўсёды хапае часу на рашэнне праблем — там бізнесу зашмат. Але пэўны мінус ёсць і ва Уздзе — адсутнасць чыгункі адштурхоўвае буйных вытворцаў.

Калі будынак школы прадпрымальнік атрымаў ва ўласнасць бясплатна, то касцёл ён набыў праз электронны аўкцыён. Храм быў пабудаваны ў 1798 годзе, за савецкім часам не дзейнічаў. На працягу пэўнага часу там быў размешчаны раённы палац культуры, але потым касцёл проста стаў пуставаць і паволі развальвацца. У 2013-м мясцовыя прадпрымальнікі за свае грошы аднавілі браму, Раман са сваімі супрацоўнікамі таксама не змог прайсці міма і аднавіў у будынку дах.

— Тады я яшчэ не збіраўся набываць касцёл, але дах быў не ў самым лепшым стане, — гэта згубна для драўлянага будынка. Ужо прайшло два месяцы, як я яго купіў, але навошта я гэта зрабіў, дакладна не ведаю — мабыць, не мог больш пазіраць на гістарычны будынак, які нікому не патрэбен, — дзеліцца прадпрымальнік. — Па-першае, я хачу аднавіць сам касцёл, плот, але што там будзе канкрэтна, пакуль не ведаю. Туды дакладна з'едзе частка нашай вытворчасці, бо мы пастаянна пашыраемся. На мой погляд, гэта будзе вельмі гарманічна — выраб свечак у касцёле. Зрабіць усё для гэтага будзе не так цяжка — стан былой школы быў значна горшы. Касцёл не будзе зачынены, нават цяпер мы ладзім для школьнікаў экскурсіі на нашу вытворчасць.

У набытым будынку  хутка будуць рабіць  дэкаратыўныя свечкі.

ПРА БІЗНЕС

Знайсці памяшканне для вытворчасці — гэта толькі палова справы, галоўнае — умець ладзіць бізнес, што ў беларускіх умовах не заўсёды проста. Да вырабу свечак Раман Каралёў займаўся і гандлем, і рэстараннай справай, і нават вырабам тратуарнай пліткі. Рабіў ён гэта і ў Мінску, і ў Дзяржынску, і ва Уздзе, але найбольшага поспеху яму ўдалося дасягнуць менавіта ў вытворчасці свечак.

Цяпер на прадпрыемстве працуе 25 чалавек, але колькасць супрацоўнікаў пастаянна расце ў сувязі з пашырэннем вытворчасці. Працэс стварэння свечак вельмі просты — іх робяць з парафіну, які выкарыстоўваецца і ў харчовай прамысловасці. Пасля таго як парафін растопяць, у яго дадаюць араматызатар і фарбавальнікі, а потым заліваюць у патрэбную форму. Астатняе ўжо залежыць ад заказчыка — роспісам свечак займаецца мастак, на гатовай прадукцыі таксама друкуюць малюнкі, подпісы і робяць дэкор. У Беларусі Раман набывае толькі парафін, усё астатняе — у Расіі, Кітаі, Інданезіі і Германіі.

— Калі мы вырашылі займацца вытворчасцю свечак, у Беларусі выраблялі толькі гаспадарчыя, і нам з жонкай захацелася паказаць людзям нешта новае, чаго няма на нашым рынку, — кажа Раман Міхайлавіч. — Ладзіць бізнес вырашылі ва Уздзе: нам падабаюцца горад і прырода, няма шуму ад чыгункі, дый умовы для развіцця бізнесу тут больш спрыяльныя, мясцовыя ўлады хутчэй рэагуюць на розныя праблемы.

Паказаць беларусам нешта новае на рынку не зусім удалося. Аказалася, што прадаваць дэкаратыўныя свечкі на радзіме не так проста — нашы гандлёвыя сеткі прапаноўваюць не самыя прымальныя ўмовы для вытворцаў. Таму наш герой пачаў шукаць рынкі, дзе тыя ўмовы былі б больш роўныя — як для вытворцы, так і для прадаўца. Ужо сёння прадпрыемства 96 % сваёй прадукцыі адпраўляе на экспарт у ЗША, Англію, Ірландыю, Іспанію і Грэцыю.

— Нашы свечкі раз'язджаюцца па ўсім свеце, і ў гэтым няма цяжкасці — бізнес размаўляе на адной мове, мы разумеем адно аднаго. Ужо цяпер разглядаем рынкі Чэхіі, Фінляндыі і нават Кітая, шмат замежных краін цікавіцца нашым прадуктам, — кажа Раман Каралёў. — Калі ты робіш яго якасна і па спрыяльнай цане, то ўвесь свет для цябе адкрыты. Кажуць, што той жа Кітай сваімі таварамі апанаваў увесь свет, але, як бачыце, гэта не так, можна працаваць і ў іх, калі ёсць жаданне, калі прапаноўваць належныя ўмовы. І ўмовы там дыктуе рынак.

На сёння самы складаны рынак для прадпрымальніка — айчынны. І цяжкасць заключаецца ў нявыгадных умовах для вытворцаў, якія дыктуе гандаль. Менавіта таму многія прадпрымальнікі шукаюць выхады на заходнія рынкі. Напрыклад, калі беларуская гандлёвая сетка набывае нейкую прадукцыю ў той жа Еўропе, то вытворца атрымлівае перадаплату і робіць дастаўку на адзін склад. З беларускімі вытворцамі мясцовыя сеткі працуюць інакш — плацяць ім грошы за прадукцыю толькі пасля яе рэалізацыі. І тут ужо залежыць ад прадаўца: хтосьці вяртае грошы вытворцу праз два месяцы пасля рэалізацыі яго прадукцыі, хтосьці — праз тры.

— Атрымліваецца, што мы спансіруем развіццё гандлёвых сетак, але і гэта не ўсё. Мы павінны рабіць дастаўку ў кожны магазін сеткі, а не на адзін склад, як гэта робяць еўрапейцы. Уявіце, калі ў сетцы каля 400 крам па краіне! Часамі даходзіць да смешнага — крадзеж, які адбываецца ў іх крамах, таксама могуць спісаць на нас: калі мы робім пастаўку на 1000 рублёў, то 3 % мы павінны кампенсаваць сеткам за крадзеж у іх жа крамах. І такіх умоў у дагаворах вельмі шмат, мы такое не падпісваем, для нас гэта значыць працаваць на страту і ў будучыні проста спустошыць сябе, — дзеліцца Раман Міхайлавіч. — Узаемаадносіны камерцыйных структур заканадаўствам не рэгулююцца, гэта падыход саміх сетак, але няправільна, калі яны хочуць вырашыць усе свае праблемы за кошт вытворцаў.

* * *

Крыўдна, што плёну працы гэтага чалавека і яго прадпрыемства фактычна не бачаць суайчыннікі. Затое яны бачаць іншае — нераўнадушнае стаўленне да месца, у якім робіцца бізнес, да людзей, што жывуць побач. А гэта дарагога каштуе.

Валерыя КІСЛАЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Храм з аўкцыёна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.

Культура

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Распавядаем, што паглядзець на сёлетнім «Славянскiм базары ў Вiцебску»

Сёлета ён пройдзе ўпершыню выключна пад адкрытым небам.

Культура

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

На якія раскопкі чакаюць валанцёраў?

Увесь лiпень працуе археалагiчны летнiк «Наўры-2020».