Вы тут

Мегапраект будучыні. Нашы вучоныя вызначыліся з прыярытэтнымі кірункамі даследаванняў


Для паспяховай рэалізацыі агульнанацыянальнага мегапраекта «Беларусь інтэлектуальная» ў нас ёсць усё неабходнае: магутныя навуковыя школы, творчы патэнцыял, матэрыяльна-тэхнічная, лабараторная база, увага кіраўніцтва краіны і стратэгічнае бачанне перспектыў. Такую думку выказаў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ на сустрэчы з журналістамі напярэдадні святкавання Дня навукі.

Калі канцэптуальна акрэсліць элементы мегапраекта, то гэта атамная і аднаўляльная энергетыка (перш за ўсё сонечная), комплекснае развіццё электратранспарту, «тэхналагічны пакет» новых галін (авіякасмічныя тэхналогіі, дакладнае земляробства і інтэлектуальная жывёлагадоўля, ІТ-тэхналогіі, аўтаматызацыя і рабатызацыя...), інфраструктурныя праекты «БелБіяград» і «АкадэмТэхнаград», якія будуць адначасова інстытутамі развіцця і пунктамі росту новай эканомікі.


it-fund73.ru

Хто ў ТОП-10?

— Працуючы ў кантэксце глабальных тэхналагічных трэндаў, цесна супрацоўнічаючы з сусветнай навуковай супольнасцю, мы паэтапна рухаемся да новага тыпу фармацыі — Беларусі інтэлектуальнай, — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. — Усе вынікі навуковых даследаванняў выкананы ў Акадэміі навук, маюць канкрэтную практычную накіраванасць. Летась у розных галінах эканомікі і сацыяльнай сферы краіны ўкараняліся 254 акадэмічныя распрацоўкі (73 з іх укаранёны цалкам). Па стане на   студзень бягучага года ў самой Акадэміі навук створана і функцыянуе больш як 120 вытворчасцей і вытворчых участкаў. Сярод іх — высокатэхналагічная экспартна-арыентаваная вытворчасць аптычных кампанентаў і лазерных сістэм з дыёднай накачкай новага пакалення (Інстытут фізікі); атрыманне сухіх прабіятычных прэпаратаў для кормавытворчасці (Інстытут мікрабіялогіі); будаўніцтва тыпавых модульных станцый абезжалезвання вады для малых населеных пунктаў (Навукова-практычны цэнтр па матэрыялазнаўстве); вытворчасць біяраскладальнага папяровага ўпаковачнага матэрыялу, які падаўжае тэрміны захоўвання харчовай прадукцыі (Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі).

Кожны год мы складаем рэйтынг «ТОП-10 вынікаў дзейнасці вучоных НАН Беларусі». У 2019 годзе ў яго ўвайшлі ўстаноўленая мера квантаванасці аптычных палёў (гэты фундаментальны вынік адкрывае новыя перспектывы ў развіцці квантавых вылічэнняў, крыптаграфіі і метралогіі); высокатэмпературная малекулярна-пучковая тэхналогія для стварэння транзістарнай асновы айчыннай ЗВЧ і сілавой электронікі; біясумяшчальныя порыстыя матэрыялы з зададзенымі ўласцівасцямі для трансплантацыі мезенхімальных ствалавых клетак; высокаадчувальны метад распазнавання паталагічных клетак чалавека з выкарыстаннем біясэнсараў для дыягностыкі анкагематалагічных захворванняў і іншыя. Таксама быў устаноўлены шэраг новых уласцівасцяў і ўмоў росту пухлінных клетак — гэта вельмі важна для стварэння новага пакалення арыгінальных лекавых сродкаў.

Курс — на сонечную энергетыку

Найноўшыя ідэі і іх увасабленне ў тэхніцы і тэхналогіях дазваляюць фарміраваць і суправаджаць буйныя сістэмныя праекты, якія ствараюць базіс для мадэрнізаванай эканомікі. Дзякуючы намаганням навукоўцаў былі створаны эксперыментальныя і доследныя ўзоры электратранспарту і яго кампанентаў. Вядуцца работы па выпуску доследных узораў мадэльнага раду каркасна-панельных легкавых электрамабіляў малога класа з кузавам з кампазітных матэрыялаў, а таксама па стварэнні сямейства камплектных цягавых электрапрывадаў для транспартных і тэхналагічных машын. У бягучым годзе навукоўцы разлічваюць выйсці на доследную вытворчасць пяці новых мадэляў электрамабіляў. Акрамя таго, у найбліжэйшай перспектыве ў кааперацыі з вытворцамі будзе створаны нізкападлогавы электробус з павялічанай дальнасцю прабегу.

Пры навуковым суправаджэнні Акадэміі навук у краіне сфарміравана канкурэнтаздольная біятэхналагічная галіна — агульны аб'ём выпуску прадукцыі па выніках 2019 года склаў амаль 880 млн рублёў. Выпускаюцца лекавыя сродкі «пад ключ»: так, летась было рэалізавана лекавых сродкаў, атрыманых з выкарыстаннем айчынных фармсубстанцый, на суму 5,5 млн рублёў. Ствараюцца новыя высокапрадукцыйныя сістэмы апрацоўкі вялікіх масіваў даных у розных галінах. У ходзе ўкаранення створанай у НАН аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Электронны рэцэпт» летась да яе было падключана амаль 600 устаноў аховы здароўя і 70 аптэчных сетак. Для турыстычнай галіны распрацаваны і ўкаранёны ІТ-аўдыягід, для МНС — макетны ўзор сістэмы аэракасмічнага прагнознага маніторынгу надзвычайных сітуацый і іншае. Нададзены новы імпульс развіццю квантавай інфарматыкі...

У далейшых планах акадэмічных вучоных значыцца стварэнне эксперыментальнай базы для сонечнай энергетыкі, арганізацыя выпуску найноўшых святлотэхнічных вырабаў па тыпе «Разумнае святло», запуск доследнай вытворчасці суперкандэнсатараў. Сістэма аховы здароўя атрымае новыя тэхналогіі, інфармацыйныя сістэмы і лекі на аснове айчынных арыгінальных тэхналогій для развіцця персаніфікаванай медыцыны, прафілактыкі і лячэння шэрагу захворванняў. Будзе весціся распрацоўка ўзораў навучальнай, прамысловай і бытавой рабататэхнікі, арганізавана вытворчае засваенне новых відаў кампазіцыйных матэрыялаў, найноўшых лесахімічных і нафтахімічных прадуктаў.

— Акадэмія навук мае магутны кадравы патэнцыял, але нашым прыярытэтам з'яўляецца праца з моладдзю, — падкрэслівае Уладзімір Гусакоў. — Кожны год больш як трыста выпускнікоў ВНУ прыходзяць у акадэмію. Яны адольваюць усе этапы навуковага росту: ад навучання ў магістратуры, аспірантуры і дактарантуры да прасоўвання па службовай лесвіцы. Мы імкнёмся комплексна вырашаць пытанні самарэалізацыі маладых навукоўцаў, ствараем стымулюючае асяроддзе для іх творчасці, умовы для хуткай публікацыі вынікаў даследаванняў і іх далейшага ўкаранення, даём магчымасць стажыравацца за мяжой. У акадэміі рэалізоўваецца ініцыятыва «Малады навуковец» «пад ключ», дзейнічае разгалінаваная сістэма стымулявання. Вырашаюцца праблемы з жыллём. Новае пачынанне — Рэспубліканскі маладзёжны форум «Беларусь інтэлектуальная», які пройдзе ў красавіку бягучага года. На ім будуць разгледжаны пытанні, звязаныя з пабудовай новай інтэлектуальнай эканомікі, пытанні адукацыі, навуковага і інавацыйнага забеспячэння развіцця высокаінтэлектуальнага грамадства. Важна даведацца, як бачыць гэтыя пытанні моладзь, якія ёсць ідэі...

Попыт на інтэлектуальную ўласнасць

У 2019 годзе доля экспарту навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі ў агульным аб'ёме беларускага экспарту склала больш за 35 % і дасягнула амаль 15 млрд долараў ЗША. Пра гэта прадстаўнікоў СМІ праінфармаваў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Аляксандр ШУМІЛІН.

Па яго словах, расце попыт на беларускую інтэлектуальную ўласнасць. Так, па выніках года экспарт паслуг у галіне платы за карыстанне аб'ектамі  інтэлектуальнай уласнасці перавысіў 100 млн долараў ЗША. «Нашымі распрацоўкамі вельмі актыўна цікавяцца. Замежныя кампаніі гатовыя за іх плаціць», — падкрэсліў старшыня ДКНТ.

Летась было падпісана на 13 % больш дагавораў аб перадачы правоў на аб'екты прамысловай уласнасці, чым у 2018-м.

Таксама ў 2019 годзе забяспечвалася рэалізацыя 112 сумесных міжнародных навукова-тэхнічных праектаў з такімі краінамі, як Карэя, Ізраіль, В'етнам, Куба, Індыя, Пакістан, Польшча, Сербія, Літва, Латвія, Малдова, Украіна, Азербайджан, Арменія, Казахстан, Узбекістан...

Актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы з Кітаем: зацверджана да рэалізацыі 35 беларуска-кітайскіх навукова-тэхнічных праектаў у галіне мікраэлектронікі, аптычных і лазерных тэхналогій, біятэхналогій, новых матэрыялаў.

Кошт выпушчанай прадукцыі і прадастаўленых паслуг у рамках навукова-тэхнічных праграм дасягнуў у 2019 годзе амаль 5 млрд рублёў, — на 2 % вышэй за ўзровень 2018 года (4,8 млрд рублёў).

У рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця ў 2019 годзе рэалізоўвалася 98 інавацыйных праектаў, уведзена ў эксплуатацыю восем новых вытворчасцяў.

«У Беларусі актыўна развіваецца інавацыйная інфраструктура. У цяперашні час функцыянуюць 16 тэхнапаркаў і дзевяць цэнтраў трансферу тэхналогій. Тэхнапаркі створаны ва ўсіх без выключэння абласных цэнтрах нашай краіны, а таксама ў Пінску, Наваполацку, Горках, Ляхавіцкім раёне, — паведаміў Аляксандр Шумілін. — Плануецца іх стварэнне таксама ў Баранавічах, Барысаве, Бабруйску, Оршы і Маладзечне. У студзені 2020 года прынята рашэнне аб прысваенні статусу суб'екта інавацыйнай інфраструктуры ў якасці цэнтра трансферу тэхналогій Баранавіцкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту.

У мінулым годзе Мінскі гарадскі тэхнапарк запусціў інжынерную школу рабататэхнікі для школьнікаў. У навукова-тэхналагічным парку БНТУ «Палітэхнік» пры ўдзеле БНТУ і БДУФК быў створаны навукова-адукацыйны кластар «Трансляцыйныя тэхналогіі ў спорце» з мэтай навукова-тэхнічнага і аналітычнага суправаджэння спорту найвышэйшых дасягненняў. За 2019 год у тэхнапарках Беларусі з'явілася больш чым 500 новых працоўных месцаў. Агульная колькасць іх работнікаў перавышае цяпер 2,5 тысячы чалавек.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Мегапраект будучыні

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.

Грамадства

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана

Нягледзячы на свае 96, Міхаіл Фельдман выглядае на зайздрасць бадзёрым і маладжавым. 

Грамадства

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Зроблены першы крок да аб'яднання экзаменаў.