Вы тут

Новае слова ў медыцыне


Больш за 90 мільёнаў рублёў склаў па выніках 2019 года эканамічны эфект ад інавацыйнай дзейнасці навуковых арганізацый сістэмы Міністэрства аховы здароўя (у тым ліку ад рэалізацыі медыцынскіх паслуг з улікам прадухіленай эканамічнай шкоды).


Як расказаў начальнік аддзела навукі Міністэрства аховы здароўя Васіль ФІЛАНЮК, у рамках навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці пры ўдзеле арганізацый сістэмы Міністэрства аховы здароўя летась былі распрацаваны, зацверджаны да прымянення і ўкаранёныя ў практычную ахову здароўя 187 новых метадаў аказання медыцынскай дапамогі (дыягностыкі, лячэння, медыцынскай прафілактыкі захворванняў, медыцынскай рэабілітацыі пацыентаў), два біямедыцынскія клетачныя прадукты і больш за два дзясяткі лекавых сродкаў і тэст-сістэм.

  • Напрыклад, у БДМУ быў распрацаваны метад лячэння пацыентаў з дыстрафічнымі захворваннямі рагавіцы, заснаваны на аднаўленні функцыянальных рэзерваў і ахоўных механізмаў паверхні вока. Яго ўкараненне дазволіць скараціць тэрміны лячэння пацыентаў з хранічнымі дыстрафічнымі захворваннямі рагавіцы на 30 %, знізіць патрэбу ў кератапластыцы на 15–20 %, паменшыць частату пасляаперацыйных ускладненняў пасля фокаэмульсіфікацыі катаракты.
  • У РНПЦ дзіцячай хірургіі распрацаваны метады хірургічнага лячэння пацыентаў з нейрагеннымі парушэннямі функцыі мачавога пузыра, прамой кішкі і анальных сфінктараў, метад медыцынскай рэабілітацыі пацыентаў дзіцячага ўзросту з артрэзіямі і апёкамі стрававода.
  • У РНПЦ «Кардыялогія» — метад хірургічнага лячэння анеўрызмы грудной часткі аорты з прымяненнем экзапратэза з біялагічнага матэрыялу, які дазволіць паменшыць аперацыйную траўму, скароціць працягласць знаходжання ў аддзяленні рэанімацыі, тэрміны стацыянарнага лячэння на двое-трое сутак і ў выніку прывядзе да зніжэння кошту лячэння гэтай катэгорыі пацыентаў на 20 %.
  • У РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі — метад вызначэння імавернасці неспрыяльных зыходаў інфаркту мозга ў пацыентаў ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў. Удасканалены алгарытм дыягностыкі і схемы другаснай медыцынскай прафілактыкі інфаркту мозга з улікам фенатыпу і вынікаў фармакагенетычнага тэсціравання.
  • У РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава распрацавалі і ўкаранілі метад малекулярна-генетычнай і прамянёвай дыягностыкі раку прастаты, выкарыстанне якога павялічвае эфектыўнасць выяўлення захворвання да 46 % з памяншэннем колькасці паўторных біяпсій на 24 %.
  • У РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі сумесна з БДМУ быў распрацаваны алгарытм, які дазваляе дыферэнцыяваць у пацыентаў дзіцячага ўзросту латэнтную туберкулёзную інфекцыю і актыўную форму туберкулёзу.
  • У РНПЦ траўматалогіі і артапедыі ўкаранёны ў клінічную практыку новы метад лячэння астэанекрозу галоўкі сцегнавой косткі, заснаваны на правядзенні мініінвазіўнай хірургічнай дэкампрэсіі ачага некрозу галоўкі праз шыйку сцегнавой косткі і наступным увядзенні ў галоўку біямедыцынскага клетачнага прадукту на аснове мезенхімальных ствалавых клетак.
  • Спецыялістамі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі сумесна з навукоўцамі з ВДМУ распрацавана больш за дзесяць тэст-сістэм для ідэнтыфікацыі шэрагу актуальных мікраарганізмаў і вызначэння іх адчувальнасці да хіміятэрапеўтычных лекавых сродкаў.

— Укараненне вынікаў навуковых распрацовак у практычную сістэму аховы здароўя дазваляе істотна палепшыць якасць медыцынскай прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння захворванняў, — дадаў Васіль Філанюк. У сваю чаргу, гэта спрыяе павелічэнню якасці і працягласці жыцця насельніцтва, а таксама дае ўскосны эканамічны эфект з прычыны зніжэння працоўных страт, змяншэння працягласці лячэння пацыентаў, прадухілення смяротнасці і інваліднасці ў працаздольным узросце, змяншэння колькасці накіраванняў на лячэнне за межы Беларусі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв'ю: medvestnik.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».