Вы тут

Сем жыццяў Юкіа Місімы


Сем жыццяў Юкіа Місімы

Сёлета ў студзені магло б споўніцца 95 гадоў выбітнаму японскаму пісьменніку Камітакэ Хіраоку, больш вядомаму пад псеўданімам Юкіа Місіма.

Нягледзячы на тое, што Місіма не жыве ўжо паўстагоддзя, ён па-ранейшаму застаецца адным з самых папулярных японскіх аўтараў. Гэты чалавек пакінуў салідную бібліяграфію. Яго раманы перакладаюць, здымаюць па іх кіно, ставяць па ўсім свеце п’есы.

Пры яго жыцці многія літаратурныя крытыкі меркавалі, што пытанні, якія ўздымае ён, у перспектыве страцяць актуальнасць. З некаторымі тэкстамі, найперш камерцыйнымі, так і выйшла. Але разам з гэтым вялікую цікавасць выклікае не толькі творчая спадчына, але і неверагодна насычанае жыццё Місімы.

І гэта справядліва, бо за 45 гадоў Юкіа Місіма здолеў пражыць некалькі чалавечых жыццяў.

Пісьменнік. Многія з вялікіх пісьменнікаў мелі пэўныя псіхалагічныя траўмы, якія матывавалі іх да пісьма. Такая траўма была і ў Місімы: амаль адразу пасля нараджэння ён быў забраны ад маці. Дзяцінства правёў з хворай бабуляй, у яе пакоі. Старая клапацілася пра кволага ўнука, таму рэдка адпускала гуляць. З гэтай прычыны ў Місімы не было сяброў. Хлопчык не належаў сабе і не мог займацца тым, чым хацелася. А задушлівая атмасфера развівала фантазію.

Літаратурны талент ён праявіў вельмі рана. Друкавацца пачаў юнаком, трапіў у літаратурны гурток, у маладыя гады атрымаў прызнанне. Галоўным яго чытачом з таго часу была маці.

Пасля ўніверсітэта Місіму чакала прэстыжная, але нудная праца юрыстам, а яго ўсё болей захапляла літаратурная справа. Ён многа пісаў на працоўным месцы, а потым цалкам прысвяціў сябе літаратуры. Пісаў па начах, адсыпаючыся ўдзень. Працоўны час умела дзяліў паміж камерцыйнымі творамі, якія прыносілі прыбытак, і «сапраўднай» літаратурай.

Культурыст. Родныя думалі, што ён доўга не пражыве. У школе з яго смяяліся. Да ўсяго дадавалася выхаванне: ад бабулі яму перадаліся некаторыя жаночыя манеры.

Маладым чалавекам Місіма здзейсніў сваё першае кругасветнае падарожжа. Іх у яго жыцці будзе некалькі. Найбольш уразіць Грэцыя. Прычым настолькі, што ён сур’ёзна зоймецца культурызмам. Гэта яго фотаздымкам праілюстраваны артыкул у энцыклапедыі пра бодыбілдынг.

Эстэт. Прыгажосць у самых розных яе праявах і сэнсах — гэта асноўная каштоўнасць для Місімы. Ён збіраў антыкварыят. Вельмі любіў здымацца. Існуе версія, што культурызмам ён заняўся для гэтага. У любым разе фотасэты з яго удзелам выглядаюць бездакорна. А напісаныя ім радкі надзвычай вытанчаныя.

Селебрыці. Нягледзячы на вельмі плённую літаратурную дзейнасць, Місіма вёў даволі актыўнае свецкае жыццё. Наведваў з жонкай разнастайныя прыёмы і вечарынкі — рэдка ад гэтага адмаўляўся. Вельмі любіў, калі ахоўнікі яго пазнавалі і не пыталіся запрашальнік. Але варта адзначыць, што на вечарынках не гуляў дапазна — сыходзіў пасля некалькіх гадзін. Як правіла, адпраўляўся дамоў, дзе сядаў за пісьмовы стол. «Хто гуляе ды п’е ночы напралёт, той нічога ў жыцці не даб’ецца», — гэтая яго фраза гучыць як запавет.

Драматург. З малых гадоў Місіма наведваў з бабуляй тэатр. Таму не дзіўна, што цягам жыцця пісаў п’есы. Найперш, для традыцыйнага японскага тэатра но. Фактычна Місіма быў адным з тых нямногіх аўтараў, якія вельмі асучаснілі гэты напрамак драматургіі. Акрамя таго, ён быў рэжысёрам пастановак.

Акцёр. Місіма іграў у кіно. Бывала, што і сцэнарый для стужкі пісаў паводле ўласнага твора. У 60-70-х гадах у Японіі былі папулярныя крымінальныя баевікі з прыкладна аднолькавым сюжэтам: былы якудза выходзіць з турмы і ў яго тут жа ўзнікае канфлікт з ранейшымі сябрамі або гангстэрамі-канкурэнтамі. У такую гісторыю арганічна ўплятаўся важны элемент японскай культуры — вернасць. У самым шырокім сэнсе гэтага слова. Галоўны герой захоўваў вернасць сваім ідэалам і прынцыпам, а яго апаненты звычайна паказваліся безыдэйнымі крымінальнікамі. У адрозненне ад амерыканскіх фільмаў, дзе дабро заўсёды перамагае, у японскіх харошы хлопец заўсёды гіне. Місіма сыграў галоўную ролю ў фільме такога жанру пад назвай «Загнаны воўк», які выйшаў на экраны ў 1960 годзе.

Патрыёт. У маладосці пісьменнік вельмі любіў усё заходняе і вёў адпаведны лад жыцця. Але з часам погляды змяніліся. Дабіўшыся прызнання, ён стаў часцей збіраць вакол сябе патрыятычную моладзь. Потым узнікла «Таварыства шчыта» — арганізацыя, якая налічвала не болей за сотню кадэтаў. Пісьменнік не хацеў ад кагосьці залежаць, таму структура фінансавалася з яго ўласнай кішэні. Удзельнікі «Таварыства шчыта» праходзілі інтэнсіўную падрыхтоўку разам з байцамі Сіл самаабароны на вайсковых базах. У зборах узельнічаў і сам пісьменнік. Акрамя гэтага, ён напісаў некалькі праграмных эсэ пра тое, чым ёсць сучасны патрыятызм. Зрабіў каментарый да «Хагакурэ» Ямамота Цунэтомэ, удыхнуўшы ў гэты старадаўні зборнік самурайскай этыкі новае жыццё. Паводле пісьменніка, гэта была яго любімая кніга. Для справялівасці варта адзначыць, што з усіх самурайскіх кодэксаў, якія ў свой час існавалі ў Японіі, Місіма выбраў самы ўтапічны і ідэалістычны. Па ўсім відаць, гэтая кніга найбольш адпавядала яго светапогляду і характару.

Як і многія іншыя вядомыя пісьменнікі, ён здабываў сабе славу праз творы, але не хацеў абмяжоўвацца літаратурай.

Канстанцін КАСЯК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».