Вы тут

«Сам гандбол, на мой погляд, стаў больш хуткасны»


У нядзелю ў Швецыі скончыўся чарговы чэмпіянат Еўропы па гандболе. Феерычную перамогу святкавала зборная Іспаніі, якая ў фінале аказалася мацнейшая за харватаў. Беларуская зборная на цяперашнім першынстве заняла 10-е месца, падапечныя Юрыя Шаўцова не толькі не змаглі падняцца вышэй, чым былі ўжо два чэмпіянаты запар, але і ўпусцілі шанц трапіць на Алімпійскія гульні. Як ацаніць гэты вынік, расказаў самы дасведчаны гулец беларускай каманды, на рахунку якога 180 матчаў за зборную, Іван Броўка.


— Іван, пасля завяршэння чэмпіянату беларускія балельшчыкі падзяліліся на два лагеры: хтосьці ацэньвае вынікі зборнай станоўча, хтосьці наадварот...

— Я далучыўся б да першай групы. Асабліва калі ўлічыць, што ў фінале чэмпіянату аказаліся зборныя Харватыі і Іспаніі — нашы сапернікі. Так, каторы год запар мы займаем 10-е месца, але сёлета мы выйгралі больш матчаў і ў цэлым каманда глядзелася лепш. Магчыма, нам проста дзесьці не пашанцавала, а калі казаць і пра апошнюю гульню са зборнай Аўстрыі... Так, мы дрэнна згулялі самі, але вельмі «дапамаглі» і суддзі. Апошні матч атрымаўся эмацыянальны, усе хлопцы хацелі перамагчы, але атрымалася так, як атрымалася.

— Што скажаце ў цэлым пра арганізацыю цяперашняга чэмпіянату?

— Упершыню на чэмпіянаце Еўропы гуляла 24 каманды, а не 16, чэмпіянат быў падзелены на тры краіны, але, нягледзячы на новаўвядзенні, усё прайшло нармальна. Сам гандбол, на мой погляд, стаў больш хуткасны.

— Які матч зборнай Беларусі, на ваш погляд, стаў самым няўдалым?

— Абсалютна дакладна — гэта гульня са зборнай Аўстрыі.

— А ў якім матчы наша каманда паказала сваю найлепшую гульню?

— Напэўна, ва ўсіх гульнях, у якіх мы перамаглі, каманда глядзелася вельмі добра. Што датычыцца тых гульняў, якія прайгралі, — недзе, напэўна, не хапала вопыту, калі параўноўваць нас з пераможцамі тых матчаў. У гульнях з роўнымі сапернікамі ў нас не было такіх неапраўданых страт, як з моцнымі камандамі, значыць, трэба працаваць і над псіхалогіяй.

— На цяперашнім чэмпіянаце камандзе не вельмі дапамагалі варатары...

— Я б так не сказаў, яны згулялі нармальна, у беларускіх галкіпераў былі як удалыя, так і няўдалыя матчы, як і ва ўсіх гульцоў.

— У Аўстрыі ў вас было не так шмат гульнявога часу. Цяпер лідарамі сталі гульцы, якія раслі на вашых вачах: Каралёк, Кулеш, Вайлупаў. Назіраць за гульнёй збоку не вельмі
звыкла?

— Вядома, заўсёды хочацца гуляць больш, але вельмі добра на маёй пазіцыі выступаў Андрэй Юрынок, ён па праве атрымаў гэты гульнявы час. Сапраўды маладыя хлопцы памужнелі, падужэлі, цяпер лідары яны, гэта нармальна. Хоць па-ранейшаму вялікая частка гульні клалася і на плечы больш вопытных гульцоў — Шыловіча і Нікуленкава. Я ж выходзіў толькі пад канкрэтныя тактычныя задумкі трэнера.

— Задача трапіць у алімпійскую кваліфікацыю стварала дадатковы ціск або матывацыю?

— Гэты момант дакладна ніяк не ціснуў на каманду. Усе ведалі, якія ў нас мэты, за што мы гуляем. Гэта быў, напэўна, мой апошні шанц трапіць на Алімпіяду, хоць жыццё пакажа. Можа, я згуляю там у 44 (смяецца). Жартую, вядома. Спадзяюся, у сённяшняга пакалення атрымаецца трапіць на Алімпійскія гульні ў 2024 годзе.

— Ужо каторы год запар разам з камандай на турніры ездзяць беларускія балельшчыкі. Гэта дадае гульцам жадання перамагаць?

— Гэта вельмі прыемна. Мы іх толькі часам чулі, бо ў зале было вельмі шмат харвацкіх балельшчыкаў — такое адчуванне, што мы гулялі ў Харватыі. Заўсёды прыемна бачыць, што ёсць людзі, якія за цябе шчыра перажываюць і падтрымліваюць.

— Для вас на гэтым чэмпіянаце былі непрадказальныя вынікі?

— У цэлым вельмі ўразіла гульня нарвежцаў, ну і, вядома, здзівіла, што зборныя Францыі і Даніі не прайшлі ў наступны этап турніру.

— Пасля заключнай гульні Дзмітрый Нікуленкаў сказаў, што гэты год апошні ў яго гульнявой кар'еры. Вы пра гэта пакуль не думаеце?

— Адна справа сказаць, другая — скончыць. Я ўсё ж такі спадзяюся, што Дзіма памяняе з часам сваё рашэнне, што ён яшчэ трошкі пагуляе ў гандбол. У мяне ніякага развітання са зборнай не было. Нават сам яшчэ не магу нічога сказаць з гэтай нагоды.

— З еўрапейскага чэмпіянату вы пераключаецеся на чэмпіянат Беларусі. У ім яшчэ ёсць інтрыга?

— У маім узросце такое пераключэнне праходзіць ужо проста і хутка. Вядома, пакуль у нас застаецца гульня, застаецца і інтрыга. 1 лютага будзе адна з найважнейшых гульняў у сезоне супраць БГК імя Мяшкова, гэты матч многае прадвызначыць. Таму нам неабходна перамагаць.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы можна сустрэць былых гараджан.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.