Вы тут

Жарты ад Яўгеніі Янішчыц


Я веру у студэнцкую планету,

У свой маленькі казачны сусвет,

Дзе па начах гарачыя санеты

Цытуе ўзрушаны паэт.

(з чарнавікоў)

Мы ведаем Яўгенію Янішчыц як лірыка, значна менш  — як паэта-сатырыка, паэта-гумарыста. На свяце, якое ладзілася 20 лістапада 2018 года ў Літаратурным музеі Яўгеніі Янішчыц з нагоды 70-годдзя паэтэсы і 20-годдзя музея, Любоў Мікалаеўна Алізарэвіч (дачка Ліды Саўчук, якой Жэня прысвяціла верш) падчас выступлення паведаміла, што ў яе захоўваўся блакнот Жэні, і прачытала некалькі эпіграм з яго.

Студэнцкіх гадоў блакнот перада мною. Першая вокладка не захавалася. На апошняй — штамп Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой труда». Дата выпуску 4.VII.1966 г.

Блакнот укладзены ў новую вокладку, на першай старонцы якой назва «Gedichte von Erich Weinert» і малюнак, на якім нямецкі паэт-трыбун чытае свае вершы перад натоўпам. На апошняй старонцы — інфармацыя на нямецкай мове аб Эрыху Вайнерце (1890—1953). На ўнутраным баку вокладкі — дарчы надпіс: «На память моей русской подруге Евгении. Твоя немецкая подруга Марлис. Ена, в мае 1970». У 1970 годзе ў складзе ўніверсітэцкай дэлегацыі Жэня была ў Ене.

Пачатак блакнота пашкоджаны. Але чытаюцца прозвішчы, ёсць нумарацыя. Адсутнічаюць лісты і эпіграмы пад № 1, 9, 12. На каго ж яны пісаліся? Вядома, што на сяброў-паэтаў. Аб гэтым блакноце пагаварыла з Аленай Руцкай, бо там значыцца і яе імя. Алена згадала, што на занятках аб’яднання «Узлёт» Алег Лойка вёў з  імі гаворку аб эпіграмах. І прапанаваў паспрабаваць свае сілы ў гэтым жанры. Наколькі ёй помніцца, абмеркаванне тэмы было шумным. А калі прагучала знакамітая эпіграма, у якой адлюстраваны канфлікт паэтаў Еўтушэнкі і Далматоўскага: «Ты — Евгений, я — Евгений. Я — не гений, ты — не гений…», то ўласныя ўжо ніхто не чытаў. Алене падалося, што Жэня памкнулася агучыць свае эпіграмы, але па нейкай прычыне не зрабіла гэтага. І пасля аб эпіграмах гаворка не заходзіла.

Тады Жэня напісала эпіграмы на Лену Руцкую (№ 2), Віктара Яраца (№ 3), Яўгена Хвалея (№ 4), Сашу Разанава (№ 5), Генадзя Пашкова (№ 6), Лёву Барташа (№ 7), Уладзіміра Дзюбу (№ 8,), Анатоля Казловіча (№ 10), але яны не захаваліся, толькі ў некаторых — па некалькі слоў ці радкоў. Напрыклад, на Дзюбу:

 О, час настаў. Бяру вяроўку,

Каб зацугляць ХХ век.

Поўнасцю захаваліся эпіграмы на Эдуарда Зубрыцкага (№ 11), Еўдакію Лось (№ 13):

Прывыкла я да слоў харошых,

Кашу касою, сею лён.

Але ў сезон апошні грошы

Мяне ўцягнулі, што ў палон.

О, маладосць мая! Куды ты

Пайшла з абдымкаў дарагіх —

Не смейце біць мяне капытам,

Таму што пакажу рагі.

На Веру Вярбу (№ 14):

О, колькі суму і пакутаў

Ў сваёй душы адна нашу.

На дзень ірву па 20 путаў

І зноў, свавольніца, грашу.

Каторы раз, адкрыўшы дзверы,

Ты мне паверыш ці не паверыш?..

О, буду рада я без меры,

Калі ты зноў паверыш Веры.

На Міколу Федзюковіча (№ 15), Сяргея Панізніка (№ 16):

Заўжды з пяром напагатове.

Чаго хачу, таго даб’юсь.

Хоць зараз я твару у Львове,

Але да костак беларус.

На Бічэль-Загнетаву (№ 17), Міхася Губернатарава (№ 18), Сяргея Законнікава (№ 19):

Што я паэт — мазгі на плаху.

Хваліцца вельмі не люблю.

Любога класіка з размаху

Я «Сценькай Разіным» звалю.

На Анатоля Сербантовіча (№ 20), Аўгінню Кавалюк (№ 21), Анатоля Канапельку (№ 22), Валеру Лапату (№ 23), Дзюбу ІІ (№ 24). Не абмінула паэтэса і сябе, але нумар не паставіла:

Пяю, як птушка. Не змаўкаю

Я пра каханне і пра сум.

На Беларусь усю гукаю

Пра маладосць і пра красу.

У гэтым жа блакноце без нумара два вершы на рускай мове нейкаму адрасату з ініцыяламі Л.М., магчыма, А.М., бо чарніла расплылося. Высветліць імя адрасата пакуль што не атрымалася. Вось гэтыя вершы.

Если б был ты один у меня,

Я тебя бы любила здорово.

А теперь только я одна

По чужому блуждаю городу.

Говорю деревьям «люблю»

И, присев перед ними на корточки,

Я снежок голубой ловлю,

Что примёрз до последней косточки.

***

Мог заметить. И мог не встретить.

Мог найтись и мог потеряться.

Ломит руки деревьям ветер,

А они не хотят сдаваться.

Если где-то бушует ветер,

Если где-то не видно ни зги.

Ты возьми осторожно ветки,

Будто руки мои возьми.

Сярод эпіграм, паэтычных радкоў кшталту: «Падобна першая сустрэча / На светлы міг, на дзіўны сон», сустракаецца і скланенне лацінскіх назоўнікаў. Гэта дае нам падставу аднесці запісы да 1966, 1967 гг., таму што на філфаку лацінскую мову вывучаюць на першым курсе.

Вельмі ўражвае тэкст, запісаны алоўкам: «Настрой дзікі. Ніколі не было так сумна. Кожны дзень са мной адбываецца небывалае ЧП. Дзіўна. Хочацца бясконца плакаць, хочацца падысці да самага блізкага чалавека і працягнуць сваю руку. Але блізкага чалавека няма. Пэўна, і не будзе. Ізноў успамінаецца мама».

На некалькіх старонках, у тым ліку на апошняй, чарнавыя запісы верша «Я веру у студэнцкую планету…», які так і не атрымаў завершанага варыянта. Можа, таму, што Жэні сапраўды хацелася верыць «у студэнцкую планету», якую называла «казачным сусветам», але не вельмі атрымлівалася, бо сапраўдны творца заўсёды адзінокі.

Дарэчы, у роднай школе ведалі, што Жэня любіла жарты. Аб гэтым успамінае Альфонс Іосіфавіч Гагалінскі, намеснік дырэктара Парэцкай сярэдняй школы, настаўнік гісторыі: «У той час, калі вучылася Жэня Янішчыц, настаўнікі мелі такое грамадскае даручэнне, як агітатар. Агітатары былі і асветнікамі, і інфарматарамі, і выхавальнікамі. Усе калгасныя справы адлюстроўваліся ў “Баявых лістках”. Жэня нам у гэтым вельмі дапамагала. Яе вершы, асабліва сатырычныя, карысталіся вялікім поспехам». Аб вартасці тых вершаў гаварыць у  нас няма падставы, таму што «Баявыя лісткі» не захаваліся.

Не захаваліся і гумарыстычныя вершы, якія Жэня пісала для свайго брата па маці Міхаіла Янішчыца. Міхаіл быў чалавекам артыстычным і з задавальненнем чытаў вершы сястры ў вясковым клубе і ў час адпачынку ад працы.

У школьныя і студэнцкія гады Жэня прымала актыўны ўдзел у выпуску насценных газет, дзе таксама змяшчала жартоўныя вершыкі. На лекцыях і на нудных сходах яна, як шкадлівае дзіця, магла напісаць некалькі трапных радкоў і пусціць па аўдыторыі, а сама гарэзліва пасміхалася, назіраючы за рэакцыяй сяброў. Такія экспромты не захоўвала.

Жэня была вострай на язык, з добрым пачуццём гумару. У нашым інтэрнацкім пакоі яна часта дэкламавала вершы, празаічныя творы на палескай гаворцы, як правіла, гумарыстычныя. Найчасцей гучала гумарэска, як муж пісаў сваёй жонцы Хіўры тэлеграму, якая пачыналася словамі: «Дорагая Хіўря, Бычкі продаў удачно…». Сёння мне цяжка сказаць, чые гэта былі творы — яе ці народныя.

 Думаю, што да жанру пародыі Жэня ставілася як да забавы, таму і не пакідала для сябе копій. Але гэта было яе аддушынай, прымірэннем з наваколлем, у якім яна пачувалася няўтульна, бо часта яе істотаю авалодваў меланхалічны настрой.

Няма сэнсу шкадаваць аб тым, што не захавалася, але варта помніць, што Яўгенія Янішчыц была і гарэзлівай, і вясёлай.

Эпіграмы і вершы з блакнота ўключаны ў трэці том выдання: «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі». Блакнот перададзены ў Літаратурны музей Яўгеніі Янішчыц.

Тамара АЎСЯННІКАВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.