Вы тут

Дылема хатняй гаспадыні: купляць прадукты на месцы або ісці ў краму цераз дарогу?


Мая жонка амаль усе выхадныя займаецца тым, што аб'язджае найбліжэйшыя буйныя крамы ў пошуках якасных рэчаў і прадуктаў, але такіх, якія былі б абавязкова таннейшыя, чым у наваколлі. Яна сабе не даруе (ды і мне таксама), калі, напрыклад, купіць бутэльку мінеральнай вады або пачак печыва даражэй, чым дакладна такі ж прадукт у краме за рагом...


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Дарэчы, у сталіцы, дзе досыць шмат сетак з іх акцыямі, мудрагелістымі зніжкамі, накапляльнымі баламі, часам сапраўды цяжка адшукаць тавар па аптымальнай цане. Мая другая палова ўжо спісала не адзін нататнік, запісваючы неабходныя для прыняцця рашэнняў звесткі. Я разумеў такія яе дзеянні, калі мы будавалі кватэру, але, аказваецца, ідэя суперэканоміі як мінімум зацягвае, гэта датычыцца не толькі нашай сям'і. Але наколькі такая апантанасць апраўдана і як яе ў правільнае рэчышча скіраваць?

У нашай краіне неўзабаве пачне працаваць праграма па параўнанні цэн на ўсе тавары ў супермаркетах розных сетак. Распрацоўка беларускай каманды дазволіць са смартфона адсочваць кошт прадуктаў і выбіраць крамы, у якіх яны таннейшыя. Падобныя сэрвісы ў ЗША, Канадзе, Францыі і Іспаніі ўжо цяпер дазваляюць эканоміць на пакупках мінімум чвэрць сямейнага бюджэту.

Беларускі сэрвіс атрымае назву ІnfoPrіce і збярэ разам (па заяве распрацоўшчыкаў) актуальныя цэны на дзясяткі тысяч найменняў тавараў. Прычым яго стваральнікі не абмяжуюцца прадуктамі харчавання, а збіраюцца алічбаваць увесь асартымент рытэйлераў. Гэта значыць, што можна будзе супаставіць цэны на любы тавар, але ў розных сетках. А калі з дапамогай меню сабраць кошык прадуктаў, то сістэма параўнае агульныя чэкі і падкажа, якія тавары і ў якіх месцах каштуюць танней за ўсё.

Карыстацца сэрвісам можна будзе бясплатна. Першы час ён пакажа цэны толькі ў крамах сталіцы, але пазней стане працаваць і ў рэгіёнах. Сістэму можна наладзіць пад сябе: скажам, калі каля дома працуюць толькі дзве гандлёвыя сеткі, то можна шукаць найлепшыя цэны толькі сярод іх. Пад кожным таварам будуць пазначаны месцы і даты фіксацыі яго кошту.

Цэны на тавары будзе штодня збіраць каманда таемных пакупнікоў. І тут асноўнае ноу-хау — у спосабе зборы інфармацыі: для праекта створана прылада і напісана праграма, якія дазволяць аўтаматычна счытваць штрыхкоды і загружаць звесткі ў базу даных. Уручную застанецца толькі ўвесці бягучую цану. Першымі плануюць адманіторыць буйныя аб'екты — супермаркеты і гіпермаркеты, бо цэны ў іх, як правіла, ніжэйшыя.

Сэрвіс плануюць запусціць ужо ў лютым. Спачатку параўноўваць цэны на тавары можна будзе толькі на партале. Але ўжо праз месяц арганізатары спадзяюцца «паставіць на паток» і мабільную праграму. Распрацоўшчыкі запэўніваюць, што з самага пачатку зоймуць незалежную пазіцыю і вывучаць асартымент кожнай сеткі аднолькава скрупулёзна. Але рытэйлеры змогуць свабодна дзяліцца данымі, каб не чакаць, пакуль актуальная інфармацыя з'явіцца ў сістэме.

«Беларускі сэрвіс будзе шмат у чым унікальны, хоць падобныя праграмы працуюць у Штатах і ў некаторых краінах Еўропы. У СНД таксама былі спробы запусціць такія праекты, але іх аўтары разлічвалі на атрыманне інфармацыі ад пакупнікоў, што і аказалася ахілесавай пятой. Мы ж валодаем уласным штатам, які будзе пастаянна адсочваць цэны на ўсе тавары ў розных рытэйлераў», — тлумачыць сваю «фішку» ініцыятар праекта Раман Андрухаў.

Па яго словах, толькі над распрацоўкай прылады каманда працавала больш за тры месяцы. Яна дазволіць збіраць інфармацыю ў крамах у разы хутчэй, чым гэта робяць глабальныя кампаніі-вымяральнікі. Сэрвіс дапаможа як пакупнікам, так і рытэйлерам. Яны, у прыватнасці, змогуць аператыўна атрымаць інфармацыю па іншых сетках, каб своечасова рэагаваць і ўстанаўліваць канкурэнтныя цэны. Тое ж самае датычыцца вытворцаў і пастаўшчыкоў тавараў.

У якасці аналага за мяжой можна назваць расійскую праграму «Суперчэк», створаную «Яндэксам» і Ашчадбанкам. Беларускія распрацоўшчыкі ўдакладняюць, што ўлічылі чужыя памылкі — іх сэрвіс зможа больш старанна вывучаць і паказваць цэны ў гандлёвых сетках. Сярод опцый «на будучыню» — магчымасць сканіраваць штрых-коды перад купляй. Плануецца, што праграма ўмомант пакажа ўсе цэны на абраны тавар у розных сетках. А гэта, у сваю чаргу, дапаможа вызначыцца: купляць прадукт на месцы або ісці ў краму цераз дарогу.

Пяць памылак, якіх можна пазбегнуць

Я шматдзетны тата, і ў маёй сям'і ёсць і хлопчык, і дзяўчынкі. Так што я сваім малым і жонцы даю перачытаць спіс памылковых дзеянняў, з якіх мы ўжо выраслі.

Святлана, Настасся (і далей па спісе) не ў духу

Ніколі не хадзіце па пакупкі, калі вы стаміліся ці дрэнна сябе адчуваеце. Вы будзеце раздражняльныя, вам не спадабаецца ні адна рэч, або, наадварот, вы накупляеце мноства непатрэбных рэчаў. Акрамя таго, не варта займацца шопінгам вечарам, бо ў гэты час у гандлёвых цэнтрах занадта шмат людзей. Выбірайце раніцу ці абедзенны час для паходаў па крамах.

Непатрэбны тандэт

Некаторыя тавары, прадстаўленыя па спецыяльных прапановах, якія здаюцца такія прывабныя і выгадныя, на справе могуць аказацца зусім бескарысныя. Таму калі вы бачыце вельмі танную рэч, якая выглядае проста «нармальна», выкідайце з галавы думкі накшталт «грэх не купіць». Купляць такія рэчы дзецям без прымеркі, не параіўшыся з імі, наогул нельга. Насіць такую рэч вы будзеце ў найлепшым выпадку дома, а выдаткаваныя на яе грошы было б значна правільней укласці ў супермодныя «боты» гэтага сезону.

Ярка-зялёненькія рукавічкі, якія ні да чога не падыходзяць

Калі вам вельмі падабаецца адзенне, але яно не спалучаецца з астатнім гардэробам, не купляйце яго. Непрадуманая купля рэчаў, якія проста спадабаліся, — адна з тыповых памылак шопінгу. Перш чым пайсці ў краму, старанна вывучыце свой склад «мне няма чаго надзець», зразумейце, якога адзення ў ім не хапае і якія рэчы выгадна дапоўняць ужо наяўныя камплекты.

Толькі на карнавал

Гэта пра рэчы, якія рэзка адрозніваюцца ад вашага стылю, калі ён у вас ёсць. Бо, сапраўды, спрабаваць нешта новае трэба заўсёды, аднак гэта «новае» павінна быць разумным укладаннем. Таму, купляючы экстравагантную сукенку або рваныя джынсы, якіх вы ніколі не насілі раней, спытайце сябе: «Ці сапраўды я буду гэта насіць?»

Мужчыны (хлопчыкі) не такія, як вы

Нават калі ваш муж прапануе аплаціць частку пакупак, не варта цягнуць небараку на шопінг. Гэта можа абярнуцца для вас страчанымі нервамі. Мужчыны не створаны для паходаў па крамах. Гэта сапраўды так.

Яны не могуць забаўляцца, раз за разам прымерваючы новую шапачку. Што датычыцца падлетка да 14 гадоў, то яго трэба браць у крамы, у якіх вы ўжо былі «на разведцы» і ведаеце ўвесь прыдатны «рэпертуар». Пры куплі абутку трэба даваць прымерваць дзве, тры, максімум чатыры пары, каб не парушыць яго яшчэ не акрэплую псіхіку.

Мужчыны могуць вытрымаць больш, але гэта будзе ну ўжо вельмі цяжка.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».