Вы тут

​«МАЗ-СПОРТаўта» падводзіць вынікі выступлення ў ралі-рэйдзе «Дакар»


«Дакар-2020» стартаваў 5 студзеня ў Джэда і завяршыўся праз 12 дзён у Кідзіі. Працягласць маршруту склала каля 8 тысяч кіламетраў, прычым больш за палову з іх прыпала на спецучасткі. У гонцы ўзяло ўдзел звыш 350 экіпажаў з усяго свету. Толькі ў класе грузавікоў спаборнічала каля 50 «каміёнаў», з іх менш 30 дабралася да фінішу ралірэйду.


Капотны МАЗ пад кіраваннем Сяргея Вязовіча з першага разу трапіў на п'едэстал «Дакара», стаўшы трэцім па выніках ралі-рэйду. Гэта другі раз у гісторыі, калі беларускі экіпаж аказваецца на п'едэстале самага прэстыжнага аўтамарафона ў свеце. Нагадаем, для капотніка гэтая гонка стала дэбютам на «Дакары». Беларусы рванулі наперад з першых кіламетраў: занялі другое месца на пачатковым этапе і ішлі лідарамі два наступныя заезды. Пасля гэтага ініцыятыва перайшла да расійскіх экіпажаў, якія «адваявалі» першыя два месцы і паступова павялічылі адрыў. Да найлепшага выніку беларусам не хапіла каля двух гадзін. За трэцяе месца члены экіпажа атрымалі «Залатых бедуінаў» — легендарныя статуэткі для пераможцаў і прызёраў «Дакара».

— Упершыню «Дакар» праходзіў у Саудаўскай Аравіі, — расказвае начальнік і пілот каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч. — Таму ў нас было вельмі шмат чаканняў, заснаваных хутчэй на чутках, бо ніхто там раней не быў. Рэальнасць аказалася не такая страшная: гэта даволі цывілізаваная краіна — вядома, са сваімі правіламі, законамі, рэлігіяй, але яны не асабліва датычыліся нас. Клімат таксама быў даволі спрыяльны, бо цяпер там таксама зіма. Сама гонка атрымалася вельмі насычаная спецучасткамі, гэта дзіўна для адной краіны. Мы пачалі з хуткасных участкаў каменных дарог, потым нас чакалі непраходныя камяні і бездарожжа. Гэта дазволіла паказаць сябе і тэхніку ў поўнай красе.

Сяргей Вязовіч таксама адзначыў, што ўсе грузавікі МАЗ дайшлі да фінішу аўтамарафона і вынікі, якія паказала каманда, з'яўляюцца поспехам. Малады беларускі пілот Аляксей Вішнеўскі палепшыў свае дасягненні мінулых гадоў на «Дакары», заняўшы восьмае месца. Шматразовы ўдзельнік ралі-рэйдаў Аляксандр Васілеўскі скончыў гонку на 12-й пазіцыі.

— Капотнік цалкам апраўдаў сябе. Гэта яго першы «Дакар» — вядома, у ім ёсць месцы, якія хацелася б палепшыць, але яны ёсць у
любой машыне, — расказвае намеснік начальніка каманды па тэхнічных пытаннях Рыгор Пацкевіч. — У нас у планах — паступова перасесці на аўтамабіль такога тыпу. Кожны год знаходзяцца нейкія дробязі, якія мы дапрацоўваем, напрыклад, — пасля гэтай гонкі звернем увагу на сістэму ахаладжэння рухавіка, таму што на некаторых этапах у нас былі да яе пытанні.

Сёлета на бескапотным аўтамабілі, ідэнтычным капотніку па камплектацыі, на якім выступаў Аляксей Вішнеўскі, каманда выпрабоўвала новую аўтаматычную каробку перадач.

Адзначым, што ўдзел у «Дакары», акрамя спартыўных мэт, меў і іншыя задачы. Многія канструктарскія ноу-хау прайшлі выпрабаванне ў «баявых» умовах, што дасць магчымасць удасканаліць і серыйную вытворчасць грузавікоў. Паспяховыя выступленні таксама спрыяльна адбіваюцца на іміджы МАЗ ва ўсім свеце.

— Лепшай рэкламы нашай вытворчасці, чым паспяховае выступленне на самых суровых спаборніцтвах, быць не можа. Гэта, безумоўна, дапамагае прасоўванню і пазнавальнасці маркі ва ўсім свеце, — кажа Сяргей Вязовіч. — Мы ледзьве адбіліся ад кітайцаў, якія ў дзень адпачынку амаль не купілі ў нас капотны грузавік. Была вельмі смешная сітуацыя, калі кітаец стаяў каля нас цэлую гадзіну і хацеў набыць менавіта гэты аўтамабіль. Мы растлумачылі, што ўсё ж такі павінны скончыць гонку (смяецца).

Адзначым, што самы паспяховы для беларусаў стаў «Дакар-2018». Тады Сяргей Вязовіч заваяваў «серабро» прэстыжнага ралі-рэйду. У тым жа годзе ён прыйшоў першы на Turkmеn Dеsеrt Rасе. А прыблізна праз год стаў чэмпіёнам Mоrоссо Dеsеrt Сhаllеngе.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Паказаць сябе і тэхніку ў поўнай красе

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.