Вы тут

Дзень мастацтва — 1914


У пачатку Першай сусветнай вайны ў расійскай грамадскасці маштабна актуалізавалася славянскае пытанне, а  патрыятычны ўздым і поспех першых баявых дзеянняў спарадзіў агульныя спадзяванні на хуткую перамогу. Хроніка падзей, іх аналітычнае і мастацкае асэнсаванне не сыходзілі са старонак перыядычнага друку. У выдавецкай справе запачаткоўваліся кніжныя серыі, кшталту маскоўскай «Войны и культуры», у якіх выдаваліся папулярныя брашуры па нацыянальным пытанні. Канстанцін Някрасаў, дэпутат Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі, пляменнік паэта Мікалая Някрасава, арганізаваў у Маскве і Яраслаўлі з’яўленне на свет серыі «Библиотека войны», дзе прадстаўляліся рускія і замежныя аўтары (галоўным чынам французскія — Альфонс Дадэ, Гі дэ Мапасан, Праспер Мерымэ), якія ў сваёй творчасці закраналі тэму гісторыі антынямецкага супрацьстаяння. Тут выйшаў шэраг гісторыка-этнаграфічных нарысаў Максіма Багдановіча: «Червонная Русь (Австрийские Украинцы)», «Угорская Русь», «Братья-чехи».

Працяглы час Першая сусветная вайна знаходзілася ў цені Другой сусветнай, мела ідэалагічны ярлык «імперыялістычнай» і не была ў ліку прыярытэтных напрамкаў навуковых даследаванняў. Між тым у заходнееўрапейскай гістарычнай традыцыі менавіта гэты глабальны канфлікт прынята называць Great war (Вялікая вайна). Першая сусветная спарадзіла спачатку паэзію «акопнай праўды», а потым — і міжкантынентальную літаратуру «страчанага пакалення».

Няйнакш як табуіраванасцю некаторых тэм «імперыялістычнай» вайны можна вытлумачыць працяглую адсутнасць у  фокусе даследчыцкага бачання беспрэцэдэнтнага выдання — шматмоўнага літаратурнага зборніка, выдадзенага ў Вільні 8 снежня 1914 года ў друкарні Марціна Кухты. Паколькі кніга ўжо даўно стала бібліяграфічнай рэдкасцю, спатрэбілася дапамога спецыялістаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, каб атрымаць копію экзэмпляра, што захоўваецца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы (Масква), а таксама кансультацыі кіраўніцтва Цэнтра Яўрэйскага мастацтва пры Яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме — каб сарыентавацца ў тэкстах на іўрыце.

На вокладцы назва прадубліравана паруску, па-польску, па-літоўску, па-беларуску і па-яўрэйску. Беларускі вырыянт гучаў у адпаведнасці з тагачаснай традыцыяй — «Дзень штукарства». Сённяшні ўнармаваны літаратурны адпаведнік — «Дзень мастацтва», яго мы і будзем прытрымлівацца ў гэтай публікацыі з мэтай пазбегнуць магчымых негатыўных канатацый.

Тлумачэннем вынасу на вокладку канкрэтнай даты выхаду ў свет можа паслужыць аб’ява на адной са старонак выдання на польскай мове, у перакладзе:

«Польскі тэатр.

Сёння 8 снежня 1914 г.

на карысць пацярпелых падчас вайны

даецца прадстаўленне ад 5 гадзін па палудні да 11 вечара, без абмежавання па часе ўваходу і выхаду.

Праграма вельмі разнастайная».

Такім чынам невялікая кніга выканала не толькі высокую гуманную місію, але і прагматычную рэкламную ролю, што лішні раз гаворыць на карысць беспрэцэдэнтнасці, якая ў дачыненні да гэтага выдання мае сістэмны характар.

Па старонках выдання

Зачынную старонку, якая стала адмысловам камертонам поліфанічнага гучання ўсяго зборніка, сфарміравалі тэксты аўтарытэтных дзеячаў літоўскай, рускай і польскай культур. Поруч былі Дзень мастацтва — 1914 змешчаны ўрывак з запісаў спачылага кампазітара і мастака Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса «Поўны працоўны дзень», малітоўны зварот да Бога ў клопатах пра «спакой для людзей добрай волі» гісторыка і літаратара Люцыяна Уземблы. Паэтычнай сарцавінай першай старонкі стаў верш «В Вильне» Валерыя Брусава. (З пачаткам Першай сусветнай вайны адзін з найвядомейшых паэтаў, заснавальнікаў рускага сімвалізму, адправіўся на фронт у якасці ваеннага карэспандэнта.) У вершы, датаваным 17 жніўня 1914 года, створана карціна горада, прыгаломшанага ахвярамі вайны. Над жалобнай цемрай касцёлаў уздымаецца апякун Вільні — Казімір, велічна ўзвышаецца сабор святой Ганны. Эмацыянальны акцэнт шматнацыянальнага горада і аптымістычна-пераможны акорд гучаць ва ўнісон у заключных радках твора:

И море все той же печали,

Все тех же маленьких бед

Шумит в еврейском квартале

Под гулы русских побед.

Адпаведны этнічны складнік у зборніку падмацоўвае апавяданне «З яўрэйскіх трагедый», аўтар якога, вядомы ў той час пісьменнік і журналіст Цытрон Шмуэль Лейб (1860—1930), апісвае гісторыю свайго супляменніка на вайне.

Зборнік «Дзень мастацтва» сабраў пад сваёй вокладкай актуальныя творы прадстаўнікоў розных пакаленняў нацыянальных літаратур, скампанаваныя такім чынам, што паэзія і проза пададзены не паслядоўна-«адслоена», змяняючы адну нацыянальную прадстаўленасць другой, а нібы пераплецена: ад старонкі да старонкі побач суіснуюць розныя мовы і  графічныя сістэмы. Да таго ж у структуру кнігі арганічна ўключаны ілюстрацыі (найперш карыкатуры), адпаведныя ваеннаму часу, што істотна ажыўляе візуальнае ўспрыманне зборніка.

Некаторыя з вядомых творчых асоб паўсталі ў кнізе ў нечаканай іпастасі. Так, Канстанцін Галкоўскі (1875—1963) традыцыйна пазіцыянуецца як літоўскі і беларускі кампазітар, аўтар многіх музычных твораў, заснаваных на беларускім фальклоры і вершах Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, Ф. Грышкевіча і інш. У «Дні мастацтва» перад намі — рускамоўны празаік, які рэпрэзентуе ўрывак са сваёй кнігі «Песнь Песней о Музыке» пад назвай «Религия будущего». Будучыня бачылася аўтару ў ідэалістычным арэоле, адпаведным ідэйна-эстэтычным прыярытэтам літаратуры Сярэбранага веку:

«Не знаю, скоро ли, через десятки — сотни лет, но свято верю в то, что когда-нибудь все люди объединятся в одну братскую семью. И придет этот час, когда у них будет одна пантеистическая религия — культ Красоты “вселенской”, соединенный с культом Любви “вселенской”».

Думаецца, віленскі зборнік 1914 года стаў заўважным эпізодам у творчай дзейнасці аўтараў, падпісаных поўнымі імёнамі, псеўданімамі і крыптанімамі: рускіх (Валерий Брюсов, Юрий Солнцев, К. М. Галковский), літоўскіх (M. K. Čiurlionis, Zigmas Žviksas, Adomas Juodasis, Balys, J. Patamsis), польскіх (Lucjan Uziębło, K. Grzymała, Z. Ł., Janina Wasiewiczówna, Tadeusz Orłowski) і інш. Аб’ектыўна выданне працавала на карысць легітымацыі і роўнасці ўсіх нацыянальных культурных традыцый.

Пад некаторымі творамі пазначаны месца (Вільня і Віленскі край) і нядаўні час іх напісання. Грамадска-палітычная надзённасць мастацкіх практык рэалізавана ў розных стылёвых сістэмах (сімвалізм, рамантызм, рэалізм), пры спецыфічным светапоглядным адчуванні (фальклорным і рэлігійна-філасофскім), вырашана ў розных планах грамадскасацыяльнага бачання (агульнадзяржаўным і лакальным / краёвым).

Для сучаснікаў сама назва зборніка ў яе рускамоўным вырыянце — «День искусства» — не магла не выклікаць асацыяцый з існуючым мастацкім аб’яднаннем «Мир искусства» (1898—1927) і аднайменным часопісам, што выходзіў у Пецярбургу ў 1898—1904 гадах і быў своеасаблівым рупарам новых павеваў у рускай культуры мяжы стагоддзяў. З багата ілюстраваным выданнем супрацоўнічалі вядучыя мастакі свайго часу (Рэпін, Паленаў, Сяроў, Левітан, Бакст і інш.), папулярныя майстры слова (Меражкоўскі, Гіпіус, Розанаў, Салагуб, Белы, Брусаў і інш.).

Беларускі складнік

Тэма народных пакутаў падхоплена на другой старонцы вершам «Вавілон (З  казак мінуўшчыны)» паэта Ясакара, які ў гэтым зборніку выступіў таксама як празаік з апавяданнем «Варажба», падпісаным псеўданімам Змітрок Бядуля. Такім чынам аўтар прадэманстраваў магчымасці свайго мастацкага дыяпазону, рэпрэзентаваў эмацыянальна-трагічны зварот да старажытнасці і тэхніку рэалістычнага пісьма з відавочным уплывам рамантычнай традыцыі.

Янка Купала прадставіў пэўны этап сваёй працы над цыклам антываенных вершаў «Песні вайны», які, як адзначаў у  свой час Мікола Грынчык, «засведчыў імклівы рост самасвядомасці шырокіх народных мас напярэдадні Кастрычніцкіх падзей, паглыбленне антываенных матываў ва ўсёй тагачаснай беларускай рэвалюцыйна-дэмакратычнай літаратуры».

Вершы цыклаў «Варожбы», «Перад бурай», «Склік», «Разлука», «Засталіся нівы, сёлы» папярэдне былі апублікаваны ў «Нашай ніве» 2 кастрычніка — 6 лістапада 1914 года. «Пабоішча» будзе завершана 18 снежня і надрукавана ў гэтай жа газеце 25 снежня 1914-га, а таму ў «Дні мастацтва» не прадстаўлена.

Спеўна-народная традыцыя засведчана ў эпіграфе да твора:

Вазьмі, маці, пяску жменю,

Пасей, маці, на каменю.

Як прыжджэшся з пяску ўсходу,

Тады верне сын з паходу.

Цалкам Купалаўскі твор прагучаў на сімфанічны лад. У «Варожбах» адчуваецца мастацкая спадкаемнасць зачыннай часткі «Дзядоў» Адама Міцкевіча:

 На ўзбярэжжы, над ракою

Шэпчуць вербы з асакою: —

Што-то будзе, што-то будзе?

Штось трывожны свет і людзі.

Завяршэнне пятай структурнай часткі  — «Асталіся нівы, сёлы» — трагічназапытальнае, вытрыманае ў адраджэнцкіх традыцыях:

А за вёскай, дзе магілы,

Дзе ляглі, заснулі сілы,

Пахіліўся крыж да крыжа —

Гэты ніжай, гэты вышай.

На крыжы сава якотам

Гаманіць адказ сіротам

Ды пытаннем страшным страшэ:

«Га! дзе-ж бацькаўшчына ваша?»

Для Янкі Купалы, можам меркаваць, другая палова 1914 года прайшла пад знакам асабістага знаёмства з Валерыем Брусавым. Пра гэта, акрамя біяграфічных звестак, яскрава сведчаць дарчыя аўтографы на зборніку «Шляхам жыцця»: «Валерыю Якаўлевічу Брусаву на добрую памятку першага спаткання ў Вільні ад вучаніка і паклонніка Я. Купалы. Вільня. 18/VIII—1914 г.», а таксама выданнях «Адвечнай песні» і «Сну на кургане». У жніўні 1914-га Брусаў пераклаў на рускую мову Купалавы вершы «Як у лесе зацвіталі…», «На Купалле», «Адцвітанне», «У ночным царстве», апублікаваныя ў віленскай «Вечерней газете».

Калі Змітрок Бядуля і Янка Купала жылі на той час у Вільні, па ўсім відаць, бралі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы гэтай кнігі, то яшчэ адзін беларускі ўдзельнік гэтага культурнага праекта  — Алесь Гарун — быў далёка ад паплечнікаў. Ужо колькі год як ён адбываў у Сібіры судовае пакаранне за сваю антыўрадавую дзейнасць, адтуль у 1914-м пераслаў у Вільню рукапіс падрыхтаванага ім зборніка «Матчын дар», які пабачыў свет толькі ў 1918 годзе.

Верш Алеся Гаруна «Праводзіны» — гэта, па сутнасці, пералік наказаў хлопцу, якога выпраўляюць на вайну. Сярод іх — і характарыстыка актуальным падзеям, вытрыманая ў гуманістычных традыцыях:

Сорам і ганьба для свету вайна,

Як ні мяркуй, ні судзі;

З Боскіх законаў смяецца яна…

Мусіш аднак жа… Ідзі!

Ідэя чалавекалюбства ўзмоцнена аўтарам у радках, дзе падкрэслена стаўленне да ворага:

Будзе праціўнік пабіты ляжаць —

Ты пашкадуй яго, брат!

Раны завяжаш, паможаш устаць, —

І ён чалавек і салдат.

Першае ўражанне ад знаёмства з рэдкім выданнем: чатыры беларускія творы на старонках невялікага віленскага выдання годна засведчылі стан і поспехі нацыянальнага пісьменства, цалкам парытэтна і нават выйгрышна суседнічаюць з  іншамоўнымі творамі. На чарзе — скрупулёзная тэксталагічная праца і ўважлівы кантэкстуальны разгляд.

Мікола ТРУС

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.