Вы тут

Казкі пад Новы год


Для юных беларусаў Клайпеды з падтрымкай Амбасады Беларусі ў Літве ладзіліся вандроўкі ў Мінск, Брэст і Белавежскую пушчу


У Мінск з Клайпеды прыехалі як дзеці, так і дарослыя. Фота аўтара

Пад Новы год здзейснілася даўняя мара юных артыстаў дзіцячага вакальнага ансамбля “Верасок” (ім кіруюць Валянціна Снігур ды Ірына Сімачова). 10‑ы ўжо год пры Беларускай суполцы “Крыніца” Клайпеды развіваецца гурт. А ў вандроўку “верасоўцы” выбраліся — разам з бацькамі, актывістамі суполкі, салісткамі ансамбля “Купалінка” — дзякуючы падтрымцы Амбасады Беларусь у Літве. Былі канікулы, чароўная Калядная пара: 25–27 снежня. Госці з Клайпеды па запрашэнні мэра горада Анатоля Сівака пабывалі на Навагоднім дзіцячым прадстаўленні ў галоўным цырку краіны. Вельмі ўдзячны адміністрацыі горада за такі цудоўны падарунак! Дзеці практычна ўсе ўпершыню былі ў цырку, і захапленне іх — словамі не апісаць, станоўчых эмоцый мора. На вялікую арэну выходзілі акрабаты, паветраныя гімнасты, артысты, клоўны. І нават Баба Яга прылятала ў ступе. А прыгожых папугаяў, велічных вярблюдаў хіба забудзеш! Дзівосная казка пра юную прынцэсу, якая смяяцца развучылася, кранула ўсіх, маленькія чараўніцтвы назаўсёды запалі ў душы.

Дарослыя з клайпедскай дэлегацыі ўвечары пабывалі ў Моладзевым тэатры эстрады на спектаклі “Карнавальная ноч”, а пасля прайшліся па святочных вуліцах Мінска. І песні напявалі, дарагія сэрцу: бо душы спявалі. А мінчане з імі радасна віталіся, падпявалі.

Цікавай была ў наступны дзень аўтобусная экскурсія па горадзе, пасля пабывалі ў Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыі, грандыёзная архітэктура музея, экспанаты ў натуральную велічыню… Шмат розных уражанняў засталося: і ў старэйшых, і ў малодшых.

У апошні дзень у Мінску здарыўся такі сюрпрыз: выпаў снег! Узрадаваныя дзеці пабеглі на вуліцу гуляць у снежкі, потым з цудоўным настроем глядзелі святочны спектакль у Палацы Рэспублікі, дзе стаіць у навагоднюю пару Галоўная ёлка краіны. Пасля прадстаўлення ўсе падняліся на аглядную пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі: любаваліся Мінскам з вышыні, які падаваўся ўзрушаным гасцям заснежанай казкай. Такою, спадзяюся, і засталася Беларусь у сэрцах гасцей з Літвы.

Застаецца дадаць, што і 21–23 снежня актыў суполкі “Крыніца” на чале з Мікалаем Логвіным зладзіў экскурсію для клайпедчан у родную Беларусь. Запрасілі сяброў, проста цікаўных. Маршрут асвойвалі новы для сябе, скарыстаўшыся магчымасцю бязвізавага ўезду: наведалі Брэст і Белавежскую пушчу. Запомнілася ўсім цырымонія запальвання ліхтароў на галоўнай пешаходнай вуліцы Брэста, вандроўка па горадзе, наведванне Брэсцкай крэпасці-героя. І начлег ва ўтульным санаторыі “Надзея” ў прыгарадзе прыйшоўся даспадобы, і казачная вандроўка ў Белавежскую пушчу, сустрэча там з Дзедам Марозам і Снягуркай — таксама.

Юрый Лявонаў

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.