Вы тут

Наваельня і блізкія адрасы


Наваельня — гэта сёння гарадскі пасёлак у Дзятлаўскім раёне Гродзеншчыны, пры зліцці рэчак Моўчадзь і Ятранка. Інтэрнэт падказвае: паселішча — за 13 кіламетраў да ўсходу ад Дзятлава. Многім, хто ездзіць паяздамі па лініі Баранавічы — Ліда, вядомая й чыгуначная станцыя Наваельня. Вось у тыя мясціны й заглянем, вандруючы па літаратурных адрасах Мірскіх ваколіц.


Наваельня. Царква Раства Багародзіцы. 1876—79 гг. Фота Сяргея Хваліна

У санаторыі “Радон”, што прымае гасцей з усяго свету на Дзятлаўшчыне, зусім выпадкова сустрэліся мы з вядомай рускай паэтэсай, празаікам, публіцысткай, перакладчыцай Лідзіяй Грыгор’евай. Прыехала ж яна ў “Радон”, каб падлячыцца, з Лондана, дзе жыве ўжо болей чвэрці стагоддзя. Было ў нас трохі вольнага часу, і пісьменніца запытала: што можна паглядзець з літаратурных, цікавых для яе адрасоў у блізкіх ваколіцах. Тым болей, што збіралася госця праводзіць свой творчы вечар у Мінску. І, відаць, хацела ўразіць публіку веданнем пра Беларусь літаратурную, гістарычную…

Мы шмат з ёй размаўлялі, нешта планавалі. Кагосьці ўзгадвалі са знаёмых пісьменнікаў. Чутнымі мне падаліся й раней знаёмыя яе, Лідзіі Грыгор’евай, вершы — дарэчы, я ўпершыню сустрэўся з паэтэсай і яе мужам і яркім, самабытным літаратарам Равілем Бухараевым яшчэ ў 2009 годзе… Вось адзін з яе вершаў:

Чтоб выйти в сад, не нужно  и предлога,

особенно, когда он у порога

старательно и праведно  возделан,

и потому возлюблен без предела.

Чтоб выйти в сад, не нужно и стараться:

там множатся миры, цветы  плодятся,

там гроздья звездные, огрузнув, вызревают,

и сам Господь с небес их призревает.

Чтоб выйти в сад, достаточно забыться:

отчаяться, очнуться, возродиться —

как дикая лоза в саду нетленном,

стать ласковым — коленопреклоненным.

…Мне хацелася б правесці для яе, духам і сэрцам чутнай да болю розных народаў і краін, чутнай да розных культур, экскурсію ў дзятлаўскай Наваельні. Пра тое думалася тады, у вячэрняй і перадзімняй прасторы аднаго з сімпатычных куточкаў Дзятлаўшчыны. Мяркую, калі б адбылася тая экскурсія, у рускай паэтэсы нарадзіліся б радкі пра Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса (пабудаваны ў 1936 годзе), а мо й пра царкву Раства Багародзіцы (1876–1879, якую называюць яшчэ “мураўёўкай”) ці то пра мемарыяльную калону. А мо хто з мясцовых краязнаўцаў распавядзе ў часе той экскурсіі пра мясцовы палац XVІІ стагоддзя… На жаль, ён ужо застаўся толькі ва ўяўленнях, у памяці жыхароў паселішча, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне…

Але не атрымалася пакуль што зладзіць такую экскурсію… І я ўжо вось такім чынам, праз нататкі, праз час і Лідзіі Грыгор’евай паўтараю сваё ўласнае веданне пра Наваельню.

Мясцовая сярэдняя школа зберагае там шчымлівую памяць пра дзяцей з розных краін, якія адпачывалі ў Наваельні ў самы пярэдадзень Вялікай Айчыннай вайны. Быў такі драматычны эпізод (гэта калі мераць маштабамі сусветнай драмы пад назвай “Другая сусветная…”), калі на Гродзеншчыне, Дзятлаўшчыне сабралі дзяцей высокіх камуністычных, рэвалюцыйных дзеячаў Еўропы і Азіі. Бацькі ўдзелам у падпольнай рабоце, ваенных дзеяннях пашыралі абсягі пралетарскай рэвалюцыі, а іх дзеці, як яны лічылі, знаходзіліся ў болей бяспечных умовах. Юра Галавін, Юлій Гера, Чжу Мінь, Іонка Чынгелаў, Валодзя Марсін… Музей так і называецца: “Дзеці ліхалецця”. Яго заснавалі з падказкі пісьменніка Вячаслава Адамчыка (ён жа нарадзіўся ў недалёкай, суседняй з Наваельняй Варакомшчыне), які ў 1984 годзе прыехаў на сустрэчу са школьнікамі. Вячаслаў Адамчык — выпускнік Наваельненскай сярэдняй школы. Потым рупліўцы некалькі гадоў збіралі розныя матэрыялы, а пасля прадставілі ўвазе школьнікаў дый ўсіх жыхароў гарадскога пасёлка досыць красамоўную экспазіцыю пра драматычныя часіны, драматычныя выпрабаванні Вялікай Айчыннай…

Вячаслаў Адамчык

Пройдзе час — і падзеі ў Наваельні, здзекі фашыстаў над дзецьмі розных народаў, якія не паспелі эвакуявацца ў тыл, стануць асновай для дакументальных фільмаў балгарскіх кінематаграфістаў, многіх часопісных і кніжных публікацый. Кітайцы здымуць у Беларусі некаторыя фрагменты мастацкага фільма “Чырвоная вішня”: пра лёс юнай кітаянкі Чжу Мінь. Дачка аднаго з першых кітайскіх маршалаў, вядомага палітычнага і ваеннага дзеяча КНР — Чжу Дэ (1886–1976), яна прайшла праз выпрабаванне і фашысцкім канцэнтрацыйным лагерам, куды патрапіла пасля Наваельні ў студзені 1944 года. На вялікае шчасце, Чжу Мінь здолела выжыць. З Германіі дзяўчына вярнулася ў Савецкі Саюз. Выйшла замуж. І праз некаторы час аказалася ў сябе на радзіме, сустрэлася з бацькамі. Яна закончыла ВНУ ў Маскве. Выкладала рускую мову ў Пекінскім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Паспела напісаць кнігу “Мой бацька Чжу Дэ” — пра маршала, аднаго з кіраўнікоў КНР, які пражыў 90 гадоў. Сама Чжу Мінь пайшла з жыцця на 84‑м годзе жыцця — у 2009 годзе… Кніга “Мой бацька Чжу Дэ” выйшла на кітайскай і рускай мовах.

Чаму б не расказаць Лідзіі Грыгор’евай (а мо й адбудзецца сустрэча на Дзятлаўшчыне, у Наваельні?!) яшчэ пра згаданага ўжо вядомага беларускага празаіка Вячаслава Адамчыка?.. Нарадзіўся ён у 1933 годзе ў Варакомшчыне. Вучыўся ў Наваельненскай сярэдняй школе. Закончыў там сем класаў. Пайшоў працаваць грузчыкам на мясцовую чыгуначную станцыю. І вучыўся ў вячэрняй школе. Пасля — Мінск, вучоба ва ўніверсітэце, праца ў рэдакцыях газет, літаратурных часопісах. Вячаслаў Адамчык стаў вядомым пісьменнікам, ён — аўтар кніг апавяданняў “Свой чалавек” (1958), “Млечны шлях” (1960), “Міг бліскавіцы” (1965), “Дзікі голуб” (1972) ды іншых. У адным з інтэрв’ю сын пісьменніка — паэт, празаік, мастак Адам Глобус так расказаў аб правобразах з раманаў бацькі — “Чужая бацькаўшчына”, “Год нулявы”, “І скажа той, хто народзіцца”: “…Міця — гэта такі своеасаблівы аўтапартрэт бацька рабіў. Наколькі я разумею. Зрушаны ў часе. Аднесены ў мінулае. Вясковы паэт. Гэта ўсё быў аўтапартрэт. Алесю знешне бацька пісаў з маці. Прынамсі, такі вось, каб былі рэальныя людзі з рэальнай фактурай. Ня думаю, што ўсе яны былі ў рэальнасці. Краявіды — так”. І расказваў пра тое паэт у самой Варакомшчыне, сам спрычыніўшыся да роднай старонкі. Хаця ж яму яна з маленства знаёмая, бо прыязджаў туды гасцяваць да дзядулі з бабуляй. Пасвіў там кароў, гуляў па ваколіцах…

У Наваельненскай сярэдняй школе пасля Вялікай Айчыннай вайны працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры славуты літаратуразнаўца, крытык, пісьменнік, доктар філалагічных навук Сцяпан Александровіч (1921–1986). Аўтар кніг “Старонкі братняй дружбы” (1960), “Незабыўнымі сцежкамі” (1962), “Па слядах паэтычнай легенды” (1965), “Кнігі і людзі” (1976), “Тут зямля такая” (1985), іншых цікавых прац, без якіх нельга ўявіць гісторыю беларускай літаратуры. Многія свае творчыя клопаты Сцяпан Хусейнавіч пачаў рэалізоўваць яшчэ ў Наваельні, бо ў рэспубліканскай літаратурнай перыёдыцы ён пачаў друкавацца ў 1946 годзе.

У Наваельні ў 1947 годзе нарадзіўся паэт Кастусь Ільюшчыц. Праўда, правёў там толькі самае маленства. Сям’я Кастуся пераехала на радзіму бацькоў — у вёску Рог, што каля Старобіна, у цяперашнім Салігорскім раёне. З 1968 года Кастусь Ільюшчыц звязаў свой лёс з вайсковай службай. А вершы пісаў па-беларуску. Выдаў паэтычныя кнігі “Таёжны гарнізон”, “Армейскія будні”. Вершы нашага земляка перакладзены на рускую, украінскую, польскую, грузінскую мовы.

Кастусь Ільюшчыц

У школе ў Наваельні працавала настаўніцай беларуская мовазнаўца, доктар філалагічных навук Марыя Канюшкевіч (у дзявоцтве Дзядовіч). Нарадзілася таксама на Дзятлаўшчыне: у вёсцы Погіры, у 1941 годзе.

Марыя Канюшкевіч

Маршруты літаратурнага краязнаўства па Дзятлаўшчыне яшчэ не завершаны. І, канешне ж, іх прадаўжэнне супадзе са згадкамі шмат пра якіх пісьменнікаў, гісторыкаў літаратуры, якія нарадзіліся, вучыліся, жылі, працавалі ў гэтым цікавым і багатым на гісторыю краі.

Алесь Карлюкевіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы можна сустрэць былых гараджан.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.