Вы тут

У Ялце помняць пра Максіма Багдановіча


Амаль тры гадзіны традыцыйнай снежаньскай сустрэчы беларусаў, што прайшла ў крымскім горадзе, прысвячаліся інтымнай лірыцы знакамітага паэта, творам іншых аўтараў


Удзельнікі беларускай сустрэчы пры будынку Музея “Культура Ялты 19 — начала 20 веков”

Як заўсёды, напярэдадні дня нараджэння Максіма Багдановіча сустракаліся мы ў Гістарычна-літаратурным музеі Ялты. Быў суботні сонечны дзень. Мы згадалі: 110 гадоў прайшло з тае пары, як 18‑гадовы паэт упершыню прыязджаў на лячэнне ў гэты прыморскі горад — летам 1909‑га. Ён правёў тады шчаслівыя дні сярод равеснікаў на малочнай ферме ў пансіёне “Шалаш”. Цяпер вуліца тая носіць імя Максіма Багдановіча. (А як называлася раней? Віталь Бартохаў па нашай просьбе ўдакладніў: Крымская. І патлумачыў, што музей па вуліцы Екацярынінскай, 8, у якім праходзяць сустрэчы беларусаў — гэта аддзел “Культура Ялты 19 — начала 20 веков”, які ўваходзіць у “Муниципальное казённое учреждение культуры «Ялтинский историко-литературный музей»”. Падаем назвы на мове арыгінала, каб нікому не блукаць па Ялце ў пошуках Багдановіцкіх мясцін. Цікава, што з Людмілай Івановай, загадчыцай аддзела, Віталь Бартохаў пазнаёміўся ў маі 1991‑га. Тады ў Ялце праходзілі Дні беларускай культуры, прысвечаныя 100‑м угодкам паэта: “У музеі ладзілася сустрэча з творчай дэлегацыяй на чале з намеснікам Міністра культуры Беларусі — на той час гэта быў Уладзімір Гілеп. Я экспромтам прывітаў гасцей на беларускай мове, прачытаў некалькі вершаў Максіма, у тым ліку й верш “Мне доўгае растанне з Вамі”. Вось так яна мяне й запомніла, менавіта па гэтым вершы, і амаль 30 гадоў мы сябруем. Людміла Іванаўна заўсёды адкрывае нашы традыцыйныя сустрэчы, бывае з намі на могілках, дзе пахаваны Максім Багдановіч”. (Як здорава, што ёсць у вас такія добрыя сябры, спадар Віталь! — Рэд.)

Пра першае наведванне паэтам Ялты яшчэ вядома: там ён захапіўся дзяўчынай, перажыў першае пачуццё закаханасці. Крымскае сонца, водар сасновага бору ў часе прагулак у горы, купанне ў моры й цікавая суразмоўніца — усё тое пакінула добры след у душы юнака. Ён адчуваў сябе лепш, і быў шчаслівы. Потым у вершы-верлібры “Над морам” ён напіша: “...І я быў вясёлы і горды. І мне пачуцця волі хваля, налюнуўшы, ўпалыя грудзі высока ў гару падымала, змываючы з сэрца ўсю ціну…”.

Але нядоўга працягваліся шчаслівыя хвіліны. Мы не ведаем імя дзяўчыны, з якой паэт перапісваўся потым, каму дасылаў пісьмы з Яраслаўля. Толькі два яго вершы (“Цемень” з надпісам “Ахвярую М. А. Кіціцынай” ды “Я, бальны, бесскрыдлаты паэт”) даюць падставы сцвярджаць пра высокія пачуцці паэта. Жыццё згаданай дзяўчыны таксама было нядоўгім.

“Вершы, вершы дарагія! Спарадзіў я вас, маленькіх, у час, калі мне падымала грудзі хваля пачуцця…” — эпіграфам сталі гэтыя словы Максіма для літаратурна-музычнай вечарыны, якую мы прысвяцілі інтымнай лірыцы паэта.

І назвалі яе: “Учора шчасце толькі глянула нясмела”.

Хто яны, тыя дзяўчаты, якія змаглі ўскалыхнуць сэрца палымянага, страснага рамантыка? Самае ўзвышанае каханне ў паэта было, мяркуецца, да Анны Какуевай, сястры яго аднакласніка па Яраслаўскай мужчынскай гімназіі Рафаіла Какуева. Якраз Анна стала для Максіма ідэалам высокай красы, жаноцкасці, хараства. Яна выйшла замуж за аднакласніка Максіма, Івана Лілеева. (У інтэрнэце ёсць цікавыя ўспаміны сына Анны ды Івана, які прайшоў праз сталінскія лагеры. — Рэд.) Быў Максім закаханы ў сваю стрыечную сястру Нюту Гапановіч. Для яе перавёў паэтычны зборнік “Вянок” на рускую мову. Аня Какуева і Нюта Гапановіч не былі абыякавыя да Максіма Багдановіча, але, пэўна, да высокай самаахвярнасці падняцца не здолелі. Летам 1915‑га, калі Максім адпачываў у Старым Крыме, успыхнула яго палкае каханне да Клавы Салтыковай, армянкі па нацыянальнасці. “Забудется многое, Клава,/ Но буду я помнить всегда,/ Как в сердце кипела отрава/ Любви и тоски, и стыда…” — гэта радкі з ягоных вершаў. Але ж Клаўдзія была замужняя… “Інтымны дзённік” занатаваны паэтам у часе яго сустрэч з Клавай, цалкам не расшыфраваны.

З Вандай Лявіцкай, дачкой пісьменніка Ядвігіна Ш., да таго ж актыўнай удзельніцай літаратурна-грамадскага й асветніцкага руху ў Мінску, Максім пазнаёміўся па перапісцы. Ініцыятыва пісьмовага звароту да Багдановіча сыходзіла менавіта ад яе. Лісты былі вельмі прыгожыя, шчырыя, натхнёныя. Восенню 1916 года паэт прыязджае ў Мінск, яны сустракаюцца. Але знешне Ванда Максіму не спадабалася. Ці склаўся б іх сумесны далейшы лёс — можна толькі гадаць. У студзені 1917‑га Багдановіч адпраўляецца ў Ялту на лячэнне — і там жа 25 мая памірае.

У час традыцыйнай беларускай сустрэчы

На працягу амаль трох гадзін вершы паэта краналі ўсіх, хто прыйшоў на сустрэчу, прыхаванымі ў іх самымі глыбокімі, інтымнымі, патаемнымі пачуццямі. Мы з Святланай Краўцовай (абодва — заслужаныя работнікі культуры Рэспублікі Крым) імкнуліся перадаць радасць, тугу, горыч, драматызм твораў паэта. Чаргаваліся вершы з аўтэнтычнымі беларускімі народнымі песнямі, якія спяваў я: “У лесе, у лесе на дубочку”, “Як я выйду за вароты двойчы”, “А дзе ж тая крынічанька, што голуб купаўся”… Тужлівыя, шчымлівыя спевы дапамагалі раскрыць настрой вершаў. Разам спявалі мы славуты раманс “Зорка Венера”, зала поўнілася й цудоўнымі гукамі фартэпіяннай музыкі — гралі нашы землякі. Аляксандр Мікалаевіч Сербін, родам з Мінска, нагадаў любімыя творы Максіма: паланэз М.-К. Агінскага “Развітанне з Радзімай”, раманс Е. Шашнай на верш М. Лермантава “Выхожу один я на дорогу”. Цудоўна дэкламаваў вершы пра каханне Янкі Купалы. Алена Віктараўна Макарава падаравала слухачам песню Фрэнка Сінатры “Мой шлях” і раманс Міхаіла Глінкі “Я встретил вас”.

Тэме кахання прысвячаюць свае творы і сябры Ялцінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Крыма. Старшыня саюза, наша зямлячка з Оршы Людміла Кулік-Куракова чытала вершы Максіма Багдановіча, а таксама свой верш “На крылах матыля няма маршчын” у перакладзе на беларускую мову Святланы Быкавай, паэтэсы з Беларусі. На літаратурнай ніве працуе таксама наша зямлячка Алена Ульянава, родавыя карані яе з‑пад Гомеля. Алена, дарэчы, упершыню завітала на вечарыну, прысвечаную Багдановічу. Чытала свае вершы пра каханне. Пад цёплыя апладысменты ёй было ўручана пасведчанне сябра Саюза пісьменнікаў Крыму. Дарэчы, гэтую творчую суполку ўзначальвае Уладзіслаў Кілеса, продкі якога з Магілёўшчыны. Дзялілася сваімі творчымі здабыткамі Вера Кірычэнка, яна — галоўны рэдактар літаратурнага альманаха “Планета друзей”, падаравала нам 77‑ы выпуск альманаха. На ўкраінскай мове вершы пра каханне чытала Ала Стральніцкая.

Упрыгожылі нашу сустрэчу й беларусы Севастопаля: Таіса Парчынская і Ларыса Белік чыталі вершы Максіма Багдановіча. Вакальны дуэт Ірыны Антонавай і Святланы Ватчынай, ансамблі “Белая Русь”, “Натхненне” (мастацкі кіраўнік Наталля Жылкіна) выканалі песні “Зямля Беларусі”, “Водар бэзавы”, “Вёска беларуская”, “Беларусь мая блакітнавокая”, “Ехаў Ясь на кані”, “Мы вам жадаем” ды іншыя. Утульная зала музея, добразычлівыя гаспадыні яе, шчырасць і адкрытасць паэтычных сэрцаў, як і ўзвышаная паэзія Максіма, доўга не адпускалі ў той дзень землякоў з Алушты, Ялты, Севастопаля.

Зазначу яшчэ: на працягу ўсяго года згадваюць беларусы Крыма пра Максіма Багдановіча. Нагоды для таго розныя бываюць. Летась у ліпені, скажам, на адпачынак у Ялту прыязджала з сям’ёй наша зямлячка з Яраслаўля Екацярына Міцкевіч. Яна — заўзяты папулярызатар творчасці паэта на беразе Волгі. Разам з Людмілай Кулік-Кураковай мы паказалі гасцям куточкі Ялты, звязаныя з паэтам. Пачалі з сабора Аляксандра Неўскага, дзе адпявалі паэта: запалілі ў ім свечкі памяці. Потым паехалі на вуліцу Максіма Багдановіча, да былога пансіёна “Шалаш”, там усклалі кветкі. Па крутых вулачках спусціліся на старыя могілкі. Перш чым ускласці кветкі да помніка паэту, прыбралі з надмагілля апалыя галінкі, хвою ад кіпарысаў: бо на пачатку лета ў Ялце быў моцны ўраган. Пачыталі яго вершы. Кветкі аднеслі таксама да будынка клуба санаторыя “Ялта”, дзе на былой вуліцы Мікалаеўскай закончыўся зямны шлях паэта. Завяршылася ж нашае падарожжа па сцежках Максіма ў музеі на вуліцы Екацярынінскай, дзе хораша ўшанаваны яго імя, яго паэзія. Магчама, паэт і бываў ля гэтага прыгожага будынка, гуляючы па старых вулачках Ялты.

Віталь Бартохаў, лаўрэат прэміі імя Максіма Багдановіча. Ялта — Алушта

Фота Вольгі Маліноўскай і Алы Фраловай

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».