Вы тут

Хто тых дзяцей суніме слёзы?


Былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў з Беларусі просяць адгукнуцца супляменнікаў, якія ў 1940–41 гадах апынуліся на тэрыторыі Карэліі, Карэла-Фінскай ССР у якасці перасяленцаў, калі там асвойваліся землі, што адышлі да СССР пасля Фінскай вайны


У рэдакцыю звярнулася даўняя сяброўка газеты Галіна Змушко. Раней мы не раз пісалі пра патрыятычныя справы ўнікальнага хору “Судьбы” (спяваюць у ім былыя малалетнія вязні фашызму), створанага ў 2004 годзе як сумесны беларуска-германскі праект “Песні для справы міру”. Галіна Ігнатаўна кіруе хорам ад часу яго стварэння, да таго ж яна — старшыня Першамайскага раённага аддзялення Мінскага гараб’яднання былых малалетніх вязняў фашызму. Летась на пачатку года вельмі прыемна было нам даведацца, што калектыў стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры й мастацтва “за значныя дасягненні ў справе захавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну, патрыятычнае выхаванне моладзі, годнае прадстаўленне Рэспублікі Беларусь у ходзе правядзення акцыі “Не фашызму! Дзяцінства без вайны!”. А выступае хор не толькі ў Беларусі, але і ў гарадах Аўстрыі, Славакіі, Казахстана, Расіі, Фінляндыі, Швецыі, Эстоніі.

“Мы актыўна прыступілі да пошуку хоць нейкіх звестак пра перасяленцаў з Беларусі, якія ў 1940–41 гадах апынуліся на тэрыторыі Карэліі, Карэла-Фінскай ССР, калі там асвойваліся тыя землі, што адышлі да СССР пасля Фінскай вайны, — паведаміла ў рэдакцыю Галіна Ігнатаўна. — Папрацавалі ўжо ў архіве Петразаводска. Звяртаемся праз розныя СМІ да грамадзян Беларусі ды іншых краін з просьбай аб дапамозе. Яна вельмі патрэбная, каб сабраць дакладную інфармацыю аб загінулых у фінскіх канцлагерах выхадцах з Беларусі. Мы ўпэўнены, што ў Карэліі трэба паставіць помнік ахвярам нацыстаў, але для таго патрэбна папярэдне запоўніць “белыя старонкі” ў карэльскай гісторыі тысяч беларусаў”.

Галіна Змушко праз газету просіць беларусаў замежжа, якія самі ці іх родныя, блізкія, знаёмыя прайшлі ў гады Другой сусветнай вайны праз фінскія канцлагеры, адгукнуцца. Паведамляе, што ініцыятыву па ўвекавечанні памяці загінулых падтрымліваюць Міністэрства замежных спраў Беларусі, Рэгіянальная грамадская арганізацыя “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Карэліі”.

Нагадаем, што раней мы надрукавалі тэкст “Вайной абпаленае дзяцінства” (ГР, 31.07.2014) пра ўдзел беларускай дэлегацыі ў святкаванні 70‑годдзя вызвалення Рэспублікі Карэлія ад фашыстаў. Аўтар тэкста — Мікалай Дзенісевіч, кандыдат медыцынскіх навук, старшыня Савета былых малалетніх вязняў фінскіх канцлагераў, якія жывуць у Беларусі. Гэта — родны брат Галіны Ігнатаўны. Яго ўжо няма на гэтым свеце. Аднак і ў фондах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, падказвае інтэрнэт, засталася кніга беларуса Мікалая Ігнатавіча Дзенісевіча “Финский капкан: Воспоминания и размышления бывшего малолетнего узника финского концлагеря”. У кнізе 264 старонкі, яна выйшла ў Мінску ў 2011 годзе.

Для чытачоў нашай газеты ў згаданай публікацыі пададзена была інфармацыя: “Але як аказаліся беларусы ў перадваеннай Карэліі? Былі масавыя перасяленні ў 1940–41 гадах сялянскіх сем’яў з БССР у Карэла-Фінскую ССР: для ўмацавання сельскай гаспадаркі. З 12 тысяч запланаваных да перасялення сем’яў да пачатку вайны паспела перасяліцца 5250. Прычым тых перасяленцаў чакаў трагічны лёс. Мужчын амаль усіх забралі ў войска. Засталіся жанчыны, дзеці, прычым у незнаёмых месцах, дзе была чужая мова… Што рабіць, куды хавацца ад ворага, куды бегчы? У паніцы людзі, пакідаўшы ўсю сваю прывезеную з Бацькаўшчыны маёмасць, у тым ліку й жывёлу, кінуліся ў напрамку да рэчкі Свір. Рухаліся рознымі шляхамі, ды не ведалі, што ўцёкі марныя: многія сустрэліся потым ужо за калючым дротам канцлагераў. Гінулі тысячамі! З суайчыннікаў, што вярнуліся потым у Беларусь жывымі, мы адшукалі толькі 78 чалавек. Адна сям’я знайшлася ў Петразаводску, а які лёс напаткаў астатніх перасяленцаў-беларусаў 1940–41 гадоў — невядома”.

Хто, калі, як суніме слёзы тых беларускіх дзяцей, што так і засталіся ў карэльскай зямлі назаўсёды? А тыя, хто выжылі, ніколі не забудуць, праз якое пекла прайшлі. Свае ўспаміны пра тое, што перажыў у канцлагеры, пакінуў Мікалай Дзенісевіч. Імі дзеліцца на сустрэчах з моладдзю і ягоная сястра, іншыя былыя малалетнія вязні.

Сэрцам адгукнулася з Петразаводска на дасланы з рэдакцыі зварот Наталля Прушынская, дачка вядомага пісьменніка Андрэя Мрыя. Наталля Андрэўна, як і яе муж, Усевалад Усеваладавіч Прушынскі — абодва карэльскія беларусы. Яны гатовы падключыцца да пошукаў звестак пра супляменнікаў-перасяленцаў, якія ў 1940–41 гадах апынуліся на тэрыторыі Карэліі.

Каб не паўтарылася трагедыя — будзем памятаць: разбуральная ідэалогія нацызму і ў нашым часе, на жаль, запаўзае ў некаторыя гарачыя, неразважлівыя галовы й такім чынам знаходзіць сваіх адэптаў, паслядоўнікаў. Беларусь, мы тое памятаем, велізарную цану заплаціла, каб вызваліцца ад нямецкіх нацыстаў. Многія ведаюць: у Беларусі ў гады вайны было спалена больш за 9000 вёсак, прычым сотні знішчаліся разам з мірнымі жыхарамі, груднымі дзецьмі, старымі людзьмі. Не маючы куды вярнуцца з франтоў, эвакуацыі, тысячы ацалелых беларусаў рассеяліся пасля вайны па свеце. Такая ж доля, пэўна, чакала й тых беларусаў, хто выжыў у фінскіх канцлагерах. І таму ёсць надзея, што сляды нямногіх з тых, хто ацалеў у “фінскім капкане” — яшчэ знойдуцца. І памяць загінулых — ушануецца, у тым ліку й помнікам.

Іван Ждановіч

 

Ушануем разам іх светлую памяць!

Зварот да беларусаў замежжа па ўсім свеце

Паважаныя суайчыннікі! Напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі да вас звяртаюцца былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў, якія апынуліся на тэрыторыі Карэліі ў 1940–41 гадах. Нашы бацькі перасяляліся з Беларусі туды, каб асвойваць землі, якія адышлі да СССР пасля Фінскай вайны: там утварылася Карэла-Фінская ССР. Разам з бацькамі ехалі ў Карэлію і мы, іх дзеці.

Мы хочам, пакуль яшчэ трымаемся на гэтай зямлі, ушанаваць памяць выхадцаў з Беларусі, якія загінулі ў фінскіх канцэнтрацыйных лагерах у 1941–1944 гадах. На вялікі жаль, многія й не чулі пра тыя канцлагеры, а яны ж былі! Пакуль жывыя, мы пра тое сведчым. І стварылі пошукавую групу з ліку ўдзельнікаў і валанцёраў патрыятычнага калектыву — хору былых малалетніх вязняў фашызму “Судьбы”. Група прыступіла да працы і дзякуючы Рэспубліканскаму фонду Міру на чале з яго старшынёй Максімам Уладзіміравічам Місько правяла пошукі ў Петразаводску: у Нацыянальным архіве Рэспублікі Карэлія. Аднак знойдзеных матэрыялаў пакуль недастаткова, каб падрыхтаваць дакладныя спісы тых беларусаў, хто сапраўды загінуў у фінскіх канцлагерах. Мы ўстанавілі прозвішчы толькі 53 чалавек — з тых 5250 шматдзетных сем’яў, якія перасяліліся да 1941 года на пастаяннае месца жыхарства ў Карэлію. Тысячы людзей не маглі проста так растварыцца, знікнуць бясследна. Памятаць пра ўсіх паімённа — ці ж не пра гэта мы гаворым многія гады! Давайце будзем дзейнічаць, вяртаць ахвяраў фашызму з небыцця.

Просім усіх, хто ведае, чуў хоць што-небудзь пра лёсы перасяленцаў 1940–41 гадоў з Беларусі ў Карэлію, адгукнуцца. Нам цікавыя любыя звесткі: аб складзе сям’і перасяленцаў, месцы іх даваеннага жыцця ў Беларусі і кароткатэрміновага жыхарства ў Карэллі, нумар ці назва лагера, у якім ім давялося быць у вайну, сведчанні пра гібель там людзей. Гэтую ды іншую інфармацыю можна дасылаць на адрас: Мінск, завулак Кузьмы Чорнага, 5, каб.107. Беларусь, паштовы індэкс 220012. Такі ж адрас будынка і ў Адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска. З намі таксама можна выйсці на кантакт па электроннай пошце: pobmuf@tut.by. Інфармацыю можна паведаміць і па тэлефонах: 8-044-736-09-46; 8-029-325-60-85.

Група “Пошук”. Галіна Ігнатаўна Змушко, тэл. 8-029-259-38-40

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.

Грамадства

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Першае i галоўнае правiла — яшчэ дома вызначыцеся з тым, што вам трэба.