Вы тут

Sex-балясы. Вер. Але правер?


Нядаўна прыйшла навіна, што 36-гадовы бразілец Радрыга Алвес, больш вядомы як «жывы Кен», хоча стаць... жанчынай (на здымку). Мужчына ў свой час зрабіў мноства аперацый, каб наблізіць цела да ідэальных параметраў. Ну як ідэальных? Да такіх, якімі яны яму бачыліся, — лялечных. («Падцяжка твару — гэта маладосць, прыцягнутая за вушы».) А потым надумаў зрабіць яшчэ адну аперацыю, гэтым разам — па змене полу. Як пішуць, мужчыну аказаўся бліжэйшы вобраз не Кена, а яго сяброўкі Барбі. («— Навошта вы хочаце змяніць пол? — Хачу выйсці на пенсію ў 58, а то, думаю, да 63 не дажыву».) Аказваецца, гэтая трансфармацыя намецілася яшчэ ў дзяцінстве, шоўмен доўга хаваў свае жаданні ад родных і сяброў. («Маленькі хлопчык прызвычаіўся бачыць маці ў джынсах. І раптам яна надзела сукенку. Дзіця ў шоку: — Мама, дык ты дзяўчынка?») А цяпер нарэшце знайшоў гармонію са сваім унутраным светам — блізкія людзі падтрымалі Радрыга.


Ранейшы Кен прымае гармоны для змены полу і носіць станік памеру D. («Ролевыя гульні скончыліся скандалам, нават не пачаўшыся. Муж пераадзеўся доктарам і спытаў: «Дыетолага выклікалі?») Наперадзе яго чакае аперацыя на твары, павелічэнне бюсту і «пятай кропкі», а ўжо потым — змена полу. Сам Алвес спадзяецца, што людзі прымуць новае аблічча. Як думаеце, атрымаецца з яго гэткая «маці Сціфлера»? (Хто памятае «Амерыканскі пірог»?) Зрэшты, нам што да таго? Пераказаў гэтую гісторыю выключна з адной мэтай. Чалавек прынамсі нічога не стаў хаваць, расказаў праўду. («— Я стамілася быць моцнай, стамілася дараваць, хачу быць проста жанчынай: слабай і каханай. — Хлопцы кажуць, ты цыгарэты аб язык тушыш?») А то, ведаеце, бывае...

Жыхар Алжыра абвінаваціў жонку ў махлярстве і запатрабаваў кампенсацыю за маральную траўму і душэўныя пакуты, якія адчуў, калі ўпершыню ўбачыў яе... без макіяжу. («У мужчын і жанчын адны і тыя ж дзеянні вельмі часта маюць зусім процілеглы эфект. Вось, напрыклад, мужчына, калі ён умываецца, робіцца прыгожы...») Бяда прыйшла, як той казаў, калі не чакалі — ранкам пасля першай шлюбнай ночы. Шакіраваны мужчына даказваў потым у судзе, што да замужжа нявеста ўвяла яго ў зман майстэрскім макіяжам, які рабіў яе прыцягальнай. Калі жанчына змыла з сябе касметыку, яго ахапіў жах ад маштабаў трагедыі. («— Колькі гадоў вы мне дасце? — спытала мужчыну жанчына. — Па колеры вуснаў — 17, па выгібу бровак — 16, па колеры твару — 20. Атрымліваецца 53».) Пакрыўджаны да глыбіні душы муж выкаціў жонцы (ужо былой?) іск на 15 тысяч еўра.

А бывае яшчэ горш. Імам Мухамад Мутумба з Уганды выпадкова ажаніўся з... мужчынам. Са спасылкай на тамтэйшы партал Nеw Vіsіоn паведамляецца, што праз два тыдні пасля вяселля высветлілася, што абранніца імама Шабула Набукіра насамрэч махляр Рычар Тумушабе. Як вам сюжэт? Пішуць, што Мутумба пазнаёміўся з аферыстам, пераадзетым у жанчыну. («У конкурсе «Міс Бюст» перамагла дзяўчына, твар якой так і застаўся невядомы».) Згулялі вяселле, а пасля «нявеста» два тыдні адмаўлялася ад інтымных стасункаў, нават не раздзявалася на ноч. Маўляў, напачатку трэба пазнаёміцца з бацькамі мужа. («— Як у вас, жанчын, усё складана. — Не складана! У нас проста ўсё няпроста. — І я ж пра тое. Вам усё ускладніць — прасцей простага».) Дарэчы, перад вяселлем імам наведаў у вёсцы цётку «абранніцы» з выкупам — двума мяхамі цукру, дзвюма козамі, адзеннем. («Працуеце, няўдачнікі? А мне прынц Нігерыі пакінуў у спадчыну 34 мільярды. Зараз перавяду дзве тысячы долараў за афармленне і чаа-какава, няўдачнікі!») Тумушабе хаваў сваю знешнасць пры дапамозе хіджаба, накладных грудзяў, касметыкі і імітацыі жаночага голасу. Падман раскрыўся пасля таго, як «жонку імама» западозрылі ў крадзяжы: пад покрывам ночы Тумушабе залез да суседа. («— Як у цябе справы з тваёй новай дзяўчынай? — Рассталіся. — А што так? — Яе запыты не супалі з маёй шчодрасцю».) Несапраўдная была і «цётка» махляра, якая атрымала выкуп за «нявесту». Цікава, а колькі б гэтая гісторыя яшчэ магла працягвацца, каб не той крадзеж?

Пасля такіх здарэнняў трохі інакш можна пачаць ставіцца да праверак на вернасць. («Тэлефаную ёй і гавару: маўляў, так і так, дарагая, мой бізнес накрыўся... Прыязджаю на кватэру, а яе ўжо і след прастыў, і шмоткі забрала. Ну і пайшла сабе! Навошта мне баба без пачуцця гумару?») Памятаеце гісторыю пра тое, як мільянер абвясціў узнагароду за спакушэнне сваёй нявесты? Ананімны карыстальнік звярнуўся ў інтэрнэт-краму Hush Hush па продажы прадметаў раскошы з просьбай падшукаць палюбоўніка для яе. Нешта ў паводзінах абранніцы яму падалося падазроным. («Канешне, я ведаў, што яна замужам, але навошта было цягнуць на спатканне мужа?») Каб пазбавіцца ад сумненняў, мільянер спрабаваў наняць маладога прывабнага мужчыну, які б мог зрабіць уражанне заможнага чалавека. («— Мама, а ты хутка з работы вернешся? Я засумавала. — Не паспееце, буду праз пяць хвілін. Прывітанне Сярожу!») Не чулі, чым там усё скончылася? Хоць, канешне, да такога лепш не даводзіць... («— Дарагі, ты мяне кахаеш? — Так. — А як? — Як ні дзіўна».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».