Вы тут

Як малады ратавальнік даследуе снайперскі рух


Юрый Гараеў у 11 класе заняў трэцяе месца на рэспубліканскай алімпіядзе па працоўным навучанні. Пасля школы вырашыў, аднак, звязаць свой лёс з работай у структурах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, таму і паступіў ва Універсітэт грамадзянскай абароны (УГА).


У канцы мінулага снежня ў Расіі праходзіў XXVІ Міжнародны навукова-даследчы конкурс «Найлепшы студэнцкі артыкул 2019». Юрый Гараеў атрымаў на ім дыплом І ступені ў секцыі «Гістарычныя навукі». Яго работа была прысвечана тэорыі і практыцы снайперскага руху падчас Вялікай Айчыннай вайны. Як жа ўдаецца маладому чалавеку ўсё сумяшчаць?

— Я вельмі даўно захапляюся вывучэннем падзей часоў ваеннага ліхалецця. У мяне ваявалі і дзяды, і прадзеды. Адзін з іх браў удзел у Сталінградскай бітве. Там жа ваяваў і легендарны снайпер Васіль Зайцаў, на рахунку якога ўсяго за месяц было 225 знішчаных гітлераўцаў і іх саюзнікаў, у тым ліку — 11 снайпераў. Прадзед пра яго вельмі шмат чуў. Як і пра Феадосія Смалячкова, які ваяваў на Ленінградскім фронце і чыім імем названа вуліца ў Мінску. Пасля ён расказаў пра гэта свайму сыну — майму дзеду. І вось так па ланцужку пакаленняў інфармацыя дайшла і да мяне. Ваеннай гісторыяй вельмі моцна цікавіцца і мой тата. Разам з ім мы прачыталі шмат літаратуры, паглядзелі безліч фільмаў. Хоць тата — звычайны выкладчык фізікі ў школе. А вось цётка якраз-такі з'яўляецца гісторыкам. Яна і дапамагла сістэматызаваць атрыманыя звесткі.

Суразмоўнік прызнаецца: цікавіцца менавіта снайперскім рухам ён пачаў дзякуючы ўлюбёнаму віду спорта — біятлону.

— Але з пошукам інфармацыі было цяжкавата. Старыя кнігі, газеты, часопісы дагэтуль алічбаваны не ўсе. Таму давялося шмат гадзін правесці ў бібліятэках, шукаючы патрэбныя звесткі. На ўсё спатрэбілася прыблізна тры месяцы. Абарона навуковай работы была завочная, праходзіла яна ў Пензе. І вось у апошні дзень 2019 года прыйшла навіна пра перамогу. Радаваліся і я, і мой навуковы кіраўнік, кандыдат філалагічных навук дацэнт Любоў Луц, і бацькі. Ёсць жаданне ўдзельнічаць і ва ўнутрыбеларускіх конкурсах. Буду развіваць даследаванне снайперскага руху сярод жанчын. Але пакуль што я ўзяў паўзу на час сесіі. Скончацца іспыты, крыху адпачну — і зноў сяду за работу.

Юрый Гараеў вучыцца на другім курсе, з'яўляецца яго старшыной. У падпарадкаванні хлопца — 53 чалавекі. Сярэдні бал у суразмоўніка — 8,5.

— Спачатку думаў пайсці вучыцца на архітэктара пасля 9 класа, — згадвае юнак. — Я вельмі добра рабіў чарцяжы. Гэта ўменне мне яшчэ спатрэбіцца, калі ў нас будзе прадмет, прысвечаны бяспечнай эксплуатацыі будынкаў. Але ў той час бацькі мяне адгаварылі ад такога кроку. Сумесна вырашылі, што лепш атрымаць сярэднюю адукацыю ў школе, а ўжо пасля выбіраць свой прафесійны шлях. І ўжо праз год мае інтарэсы змясціліся з архітэктуры на энергетыку. Думаў паступаць на адпаведны факультэт у БНТУ, але ўсё вызначыў выпадак. Калі я знаходзіўся на рэспубліканскай алімпіядзе па працоўным навучанні ў Магілёве, патэлефанаваў бацька і расказаў, што прыйшла брашура з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — магчыма, гэта мне будзе цікава. Але канчатковы выбар усё роўна заставаўся за мной. Я схадзіў у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях па месцы жыхарства, паразмаўляў з супрацоўнікамі і... пераканаўся, што хачу паступаць менавіта ва Універсітэт грамадзянскай абароны. Здаў іспыты — і стаў курсантам.

Чаму ж вучыцца Юрый Гараеў?

— Наша задача ў будучым — прафілактыка, каб не адбылося ўзгарання. Таму мы падчас практыкі наведваемся ў розныя калектывы. А для таго каб данесці інфармацыю, трэба размаўляць са сваім візаві на яго мове. Менавіта таму падлеткі ва ўзросце 14—17 гадоў — самы няпросты кантынгент. Але гэта не азначае таго, што трэба «націскаць на паўзу», зусім не. Нас знаёмяць з падлеткавай псіхалогіяй, паказваюць тэматычныя фільмы, тэлеперадачы. Тое, што напісана ў падручніку, — база. Але толькі на ёй усе аспекты не ахопіш. Цяпер у нас самы цікавы прадмет — тэорыя гарэння. Адначасова ён і самы складаны.

— Не кожны чалавек здолее быць лідарам у падраздзяленні, — кажа начальнік курса падпалкоўнік унутранай службы Уладзімір Апановіч. — Падпарадкоўвацца могуць усе. Кіраваць — не. Юрый стрэсаўстойлівы і вельмі вытрыманы. У калектыве заўжды можа нешта адбыцца, і задача старшыны курса — прыняць своечасовае і правільнае рашэнне, а таксама ўзяць на сябе адказнасць...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Пацэліць у яблычак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.