Вы тут

Выйшла кніга «Кветкавы край Беларусі»


Новая серыя выданняў аб унікальных мясцінах нашай краіны — «Зберагчы роднае» — пачала выходзіць на Паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа. Першая ластаўка — «Кветкавы край Беларусі» паэта Леаніда Дранько-Майсюка і фотамайстра, журналіста газеты «Звязда» Анатоля Клешчука.


Вядомыя паэт і фотамастак аб'ядналіся ў адным клопаце — у жаданні расказаць пра славуты берасцейскі Давыд-Гарадок. «Вось яна, казка — Давыд-Гарадок: / Бацька на ганку і маці ў гародзе, / А перад хатаю чысты грудок — / Сонца стаіць і не хоча заходзіць»... Ва ўступным слове да цыкла эсэ, прысвечаных свайму радзіннаму паселішчу, Леанід Дранько-Майсюк фактычна тлумачыць філасофію, канцэпцыю выдавецкага праекта (дарэчы, кніга складзена, звярстана ў выдавецтве «Бяловагруп»): «...Народжаны ў Давыд-Гарадку (у мястэчку!), па-іншаму я і сказаць не магу. Народжаныя ж у вёсцы, напэўна ж, прамовяць па-свойму: «Няхай сабе ў замках — дух, а душа ўсё-ткі ў вёсках!» — і будуць мець рацыю.

Кожнаму бліжэй сваё, і таму, гаворачы пра беларускае мястэчка як гістарычны цэнтр гандлю і рамяства, я думаю пра ягоную большую музейную, калі хочаце, турыстычную прыцягальнасць.

Ад пачатку свайго мястэчкі належалі каралям і скарбу, багатым прыватным уласнікам і царкве.

Сёння, маючы статус гарадскіх пасёлкаў, а то і вёсак, яны належаць дзяржаве, і дзяржава па прынцыпе аднаўлення замкаў паступова аднаўляе, дае новае жыццё і мястэчкам.

Паглядзіце, як расквітнеў той жа Мір! Хочацца толькі, каб гэты працэс не задоўжваўся, паскараўся.

У местачковай прасторы (і тут няхай гарадскія і вясковыя людзі на мяне не крыўдзяцца!) найбольш выявілася беларуская руплівасць і цягавітасць, узбагачаная прыкметнай суседскай прысутнасцю яўрэйскіх шкляроў і гандляроў, татарскіх агароднікаў і рымараў. Кожнае мястэчка — поле бясконцага клопату!

І карціна гэтага клопату была неабдымная: там, скажам, ткалі палотны, тут — шылі кажухі; у адным куце варылі мыла, у другім — ляпілі гаршкі; недзе выраблялі скуры, а недзе — гартавалі зброю; у гэтым двары гналі алей, а ў тым лесе — дзёгаць...» І далей: « ...Я з фотамайстрам Анатолем Клешчуком склаў альбом пра свой родны Давыд-Гарадок, берагавое мястэчка, людзі якога над ракою Гарынь, у сваіх агародах вырошчваюць кветкі, а ў цяпліцах — раннія агуркі і памідоры; у нядаўнія часы жыхары Давыд-Гарадка рабілі лодкі і шылі прыгожы абутак, гандлявалі марожаным і сырамі...

Давыд-Гарадок ляжыць на паўночным усходзе Столінскага раёна, а наогул жа Столінскі раён — па сутнасці адзінае месца ў Беларусі, дзе знаходзяцца самыя вялікія вёскі — Альшаны, Велямічы, Рубель, Беражное, Вялікае Малешава...

У кожнай з гэтых вёсак жыве па некалькі тысяч жыхароў!..»

Сапраўднай песняй пра Давыд-Гарадок уяўляецца кніга Л. Дранько-Майсюка і А. Клешчука. Высокі ўзровень мастацка-публіцыстычнага, разам з тым выразна адраснага, рэгіёназнаўчага апісання родных мясцін паэтам накладваецца на ілюстрацыйны, эмацыянальны складнік асэнсавання горада, мястэчка, яго ваколіц, рэльефна вымаляваны фотажурналістам, фотапубліцыстам. Фотаздымкі Анатоля Клешчука дапаўняюць рэпрадукцыі старых, архіўных здымкаў, ілюстрацыі розных гістарычных артэфактаў. Пісьменнік зазірае ў даўніну, грунтуючыся на аповедах гарадчукоў, звяртаючыся да розных гісторый, фальклорных згадак, робіць цікавыя высновы. Кніга складаецца з некалькіх раздзелаў — «Давыд Ігаравіч, Бона Сфорца»; «Весняніцтва. Гандаль»; «Цікеткі»; «Лодка»; «Вера»; «Конікі»; «Гарадчук і гарадчанка». У іх прастору, поўную дэталяў з радзінных мясцін, урываюцца ветрам, снегам і дажджом вершы, паэтычныя аповеды. І яны — пра Давыд-Гарадок, пра гарадчукоў.

Кніга, якая ўражвае сваёй ілюстрацыйнасцю, — не проста энцыклапедыя жыцця палескага мястэчка, яна яшчэ і падарожжа ў адвечныя каштоўнасці жыцця. Адметна, што «Кветкавы край Беларусі» выдадзены ў Год малой радзімы і з'яўляецца цудоўным падарункам і берасцейцам, і чытачам усёй нашай краіны. Да ўсяго астатняга трэба заўважыць, што кніга выдатна, тэхналагічна выверана звярстана. Яе дызайн і макет апраўдана ўзводзяць «Кветкавы край Беларусі» ў катэгорыю намінантаў рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі Беларусі», ды і конкурсу «Мастацтва кнігі СНД».

Варта заўважыць, што ў чарговы Год малой радзімы айчынныя кніжныя выдавецтвы ўступілі з мноствам цікавых падарункаў. Яны, грунтоўныя, энцыклапедычнага характару і публіцыстычнага выкладання, манаграфіі і нарысы, расказваюць пра вёскі Дражна Старадарожскага раёна, Азярычына Пухавіцкага раёна, пра многія цікавыя, адметныя сваёй біяграфіяй паселішчы ў іншых куточках літаральна ўсіх абласцей краіны. Выбудоўваецца тым самым сапраўдная вясковазнаўчая бібліятэка!

Мікола Берлеж

Загаловак у газеце: Рай там, дзе праца ўзвышае чалавека

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».