Вы тут

Асаблівая місія — рабіць свет лепшым


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва і « Беларускі спартыўны Алімп»


Вось ужо больш за дваццаць гадоў у краіне па традыцыі менавіта ў студзені, на пачатку года, адзначаюць заслугі тых, чые жыццё і праца прасякнуты ідэямі гуманізму. І кожны год Прэзідэнт Беларусі ўручае ўзнагароды асабіста. У гэтым бачыцца асаблівы сімвалізм. Бо любая краіна моцная сваімі традыцыямі і духоўнымі каштоўнасцямі. Гэта тое, што фарміруе маральны падмурак нацыі. І тое, без чаго немагчымы мір і спакой у грамадстве. За доўгую гісторыю беларускі народ здолеў захаваць свае лепшыя якасці, трапяткое стаўленне да вытокаў, павагу да свайго мінулага, веру ў сучаснасць і будучыню. Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да лаўрэатаў і гасцей цырымоніі на беларускай і рускай мовах, што вельмі адметна адлюстроўвае сутнасць талерантных адносін у грамадстве.

Адкрываючы цырымонію, Прэзідэнт адзначыў, што гэты ўрачысты вечар займае асаблівае месца сярод навагодніх святаў. Яго героі — людзі, якіх аб’ядноўвае высакароднае імкненне зрабіць свет дабрэйшым і прыгажэйшым. Паводле слоў Прэзідэнта, мастацтва, якое нарадзілася на беларускай зямлі, заўсёды мела стваральны характар. Таму багатая спадчына нашых продкаў і сёння праслаўляе Беларусь. Імёны многіх асветнікаў, дзеячаў культуры, палітыкі й навукі занялі пачэснае месца на старонках сусветнага летапісу.

І мы ганарымся сваёй гісторыяй і зямлёй — радзімай славутых людзей, нашых суайчыннікаў. Ведаем свае карані, ушаноўваем традыцыі. Лёгка прымаем усё новае — галоўнае, каб яно не супярэчыла нашым законам і каштоўнасцям. Ва ўмовах, калі свет губляе духоўныя арыенціры, імкнёмся захаваць унутраную чысціню. На гэта нас натхняе асабісты прыклад і актыўная дзейнасць цудоўных людзей з вялікімі ідэямі, высакароднымі памкненнямі. Людзей шчырых і бескарыслівых у сваіх справах.

«Вялікую ідэю служэння грамадству і дзяржаве намінанты прэміі «За духоўнае адраджэнне» ставяць вышэй за матэрыяльныя выгоды, — сказаў, у прыватнасці, у прамове на цырымоніі Аляксандр Лукашэнка. — Сваімі справамі і ўчынкамі замацоўваюць у нашых сэрцах веру ў дабро і чысціню думак. Такі прыклад выклікае пачуццё гордасці за наш народ, які захаваў лепшыя нацыянальныя рысы: спагадлівасць і велікадушнасць, працавітасць і мэтанакіраванасць, сапраўдны патрыятызм».

Прэзідэнт нагадаў, што дзякуючы героям гэтага святочнага вечара цеплыню і пяшчоту адчулі многія беларускія дзеці, якія засталіся без бацькоўскага клопату і любові. Знайшлі спачуванне і падтрымку людзі, якія сутыкнуліся з цяжкай хваробай, апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

«Традыцыйна мы ўручаем прэмію святарам, — адзначалася ў выступленні Кіраўніка дзяржавы. — Яны штодзённа здзяйсняюць духоўныя справы ў імя ўсіх нас. Шануем дзеячаў культуры, прафесійных артыстаў і мастакоў — стваральнікаў сапраўднага мастацтва, якое ўзвышае душу. Адзначаем тых, хто ўзбагачае нацыянальную культурную скарбніцу, займаецца патрыятычным выхаваннем моладзі, узмацняе міжнародны аўтарытэт нашай краіны. Сімвалічна, што напярэдадні 75‑годдзя Вялікай Перамогі мы ўручаем прэмію «За духоўнае адраджэнне» Беларускаму грамадскаму аб’яднанню ветэранаў. Адзначым іх уклад у захаванне памяці аб подзвігу народа і актыўную гуманітарную дзейнасць. А наша традыцыйная прэмія «Беларускі спартыўны Алімп» няхай натхняе айчынных спартсменаў на новыя здзяйсненні на будучых Гульнях у алімпійскім Токіа».

Прэзідэнт выказаў перакананне, што мы стварылі незалежную дзяржаву ў тым ліку дзякуючы таму, што ўсе гэтыя гады памяталі пра свае вытокі і былі верныя зямлі сваіх продкаў. Дзяржава і надалей будзе падтрымліваць і заахвочваць усіх, хто ўзбагачае культурную спадчыну Беларусі, беражэ маральныя і духоўныя арыенціры, адраджае і напаўняе новым сэнсам нацыянальныя традыцыі.

Так, мы ўсведамляем сябе часткай вялізнага свету і злучаныя тысячамі нітак эканамічных, культурных, дыпламатычных, роднасных, іншых сувязяў з іншымі краінамі і народамі, падкрэсліваў Аляксандр Лукашэнка. Мы адкрытыя для сяброўства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, але, упэўнены Прэзідэнт, наш традыцыйны сацыяльна арыентаваны ўклад непарушны. Толькі так, памятаючы, хто мы і ў чым наша ўнікальнасць, захоўваючы сваю ідэнтычнасць і самабытнасць, мы зможам супрацьстаяць ідэі ўніфікацыі свету пад адзіны, чужы нашаму менталітэту ўзор або стандарт. Ствараючы духоўную, маральную і культурную асновы для жыцця будучых пакаленняў беларусаў, мы таксама забяспечваем нацыянальную бяспеку і ўмацоўваем суверэнітэт краіны.

«Вынік нашага цвёрдага, паслядоўнага палітычнага і сацыякультурнага выбару — пабудова моцнай суверэннай дзяржавы. У яе стварэнні заслуга ўсяго беларускага народа. Але асаблівая роля належыць тым, хто прысвяціў сябе бескарысліваму служэнню сваёй Айчыне, — сказаў Прэзідэнт. — І я шчыра рады вітаць сёння намінантаў, падзякаваць ім за асабісты ўклад у развіццё нашай роднай Беларусі, у адраджэнне і захаванне яе культурнай і духоўнай спадчыны».

Шмат у той вечар было сказана Прэзідэнтам аб сучаснасці:

«Вы, напэўна, заўважылі, што ў сваіх выступленнях — і нават вельмі афіцыйных, у навагоднім віншаванні — я часта кажу пра суверанітэт і незалежнасць. Паверце, гэта ад душы. Тут няма ніякай хлусні, тут няма нейкага майго ўчынку, каб дагадзіць камусьці. Я сапраўды прыхільнік гэтай ідэі. І не проста прыхільнік. Давайце без лішняй сціпласці. Усе прысутныя тут добра ведаюць нашу гісторыю: ніколі ў жыцці нашаму народу не давалася такая магчымасць — без крыві пабудаваць, заклаўшы аснову з нуля, застаўшыся на аскепках велізарнай імперыі, суверэнную і незалежную дзяржаву. Напэўна, гэта і адтуль (ад Бога. — Заўв. БелТА). Напэўна, ён нам дапамог, калі сапраўды існуе. Без яго не абышлося. І мы не маем права не скарыстацца гэтай унікальнай магчымасцю. Бо будзем, як гэта было заўсёды, спатыкацца праз уласнае ныццё, праз уласныя размовы і пажаданні. А потым будзем тлумачыць народу, які застаўся на гэтай зямлі, чаму ў нас не атрымалася. Гэтую дзяржаву мы сапраўды будуем, стварыўшы трывалую аснову. І давайце без пафасу: будуем не толькі для сябе — мы будуем для самага каштоўнага і дарагога, што ў нас у кожнага ёсць, — сваіх дзяцей. Для маіх, вашых, для ўсіх тых, хто яшчэ не нарадзіўся, але народзіцца».

Або яшчэ ўрывак з выступлення Прэзідэнта Беларусі, дзе большай часткай гаворыцца пра ўзаемаадносіны з Расіяй: «Будзе час, я падрабязна раскажу аб сітуацыі, якая складваецца ў свеце наогул і ў прыватнасці з нашай брацкай Расіяй. Але вы павінны памятаць: няма больш у свеце народа, які б з такой павагай і трапятаннем ставіўся да беларусаў, як расіяне. Па-рознаму могуць ісці перамовы паміж кіраўніцтвам краін і элітамі, але трэба глядзець глыбей: расіяне — нашы людзі, браты, якія заўсёды гатовыя падставіць нам плячо ў цяжкую хвіліну. І сёння няма катастрофы, калі мы нават не дамовімся з Расіяй (маюцца на ўвазе перамовы аб пастаўках энерганосьбітаў — Рэд.). Жывем жа гэтыя дні і будзем жыць не горш, чым у 2019 годзе. Вельмі хутка не разбагацеем, але ні ў якім разе не загінем. Не тыя часы: мы сталі на ногі. Сталі дзякуючы сваёй працы».

Прэзідэнт напрыканцы свайго выступлення прывёў вытрымкі з закрытай справаздачы, дзе гаворыцца пра тое, як нас ацэньваюць у свеце не проста людзі, якія да нас, напрыклад, прыехалі ў хакей пагуляць, турысты і гэтак далей, а прафесіяналы і спецыялісты: «Пра беларусаў яны кажуць (цытую), што « гэта адукаваныя, працавітыя людзі», і што мяне ўразіла, «гэта людзі, якія не возьмуць тое, што ім не належыць». Мне было прыемна чытаць гэтую справаздачу з закрытых крыніц, дзе людзі ўголас не гавораць, а проста выпрацоўваюць палітыку, раяць сваім урадам. І гэта дарагога варта. Мы павінны быць такімі. Мы павінны жыць у сваёй краіне, павінны разумець, у імя чаго жывём. І ні ў якім разе не павінны коса глядзець на сваіх суседзяў, асабліва расіян. Камусьці вельмі хочацца, каб мы сутыкнулі два народы. Тады ўсё — крыж на нас. Сёння адносіны беларусаў і расіян — паказчык таго, як павінны развівацца адносіны не толькі паміж брацкімі дзяржавамі, не толькі паміж суседзямі, але і наогул. Таму не трэба думаць, што дзесьці на Захадзе ці на Усходзе хтосьці нам прынясе і падорыць шчасце. Шчасце ў нашых руках. І калі мы будзем такімі, як гэтыя паплечнікі, якія зараз выйдуць на гэтую сцэну, ці хаця б напалову, як яны, мы абавязкова захаваем і ўмацуем нашу суверэнную і незалежную дзяржаву. Давайце працаваць на гэта», — заклікаў усіх Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Фальклорны ансамбль «Дударыкі» — у ліку лаўрэатаў Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. На здымку: кіраўнік гурта Дзмітрый Ровенскі (другі злева) і яго выхаванцы

А лейтматыў урачыстасці з нагоды ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне» быў у тым, што галоўная каштоўнасць дзяржавы — гэта людзі, якія сваімі і талентамі, і творчасцю і працавітасцю павялічваюць яе славу, натхняюць суайчыннікаў на добрыя справы, з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы.

Людзі, якія падымаліся ў той вечар на сцэну Палаца Рэспублікі, сапраўды ўнікальныя. Усе яны розныя, але ў той жа час вельмі падобныя адзін да аднаго. Таму што выконваюць асаблівую місію. Сваёй працай яны робяць свет лепшым. Яны здзяйсняюць сапраўдны духоўны подзвіг, паказваючы яскравы прыклад патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці. І гэта, безумоўна, заслугоўвае высокага прызнання.

Алег Багамазаў

Фота БЕЛТА і sb.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.