Вы тут

Пра самыя галоўныя якасці


Пра самыя галоўныя якасці

29 студзеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыўся вечар, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Леаніда Дайнекі.

Хочацца напісаць, што такой вечарыны яшчэ не было, але ж тады пакрыўдзяцца іншыя вечарыны, якіх у гэтых сценах прайшло нямала, і не менш годных па тэмах і датах, не менш чароўных па атмасферы, не менш вартых падобных эпітэтаў. А ўсё ж хочацца напісаць — і пішацца: такой вечарыны яшчэ не было!

Сяргей Законнікаў

Паўнюткая зала, у якой… Зноў жа можа падацца банальнасцю, але хочацца напісаць, што ў зале сабраўся бамонд — самы сапраўдны вышэйшы свет у пазітыўным яго разуменні. Што ні прозвішча — усё эліта! Вось і Сяргей Законнікаў, першы, каму дала слова вядучая Эліна Свірыдовіч, прамовіў, спыніўшыся перад публікай у захапленні: “Такая мілая зала!” Расповед яго пайшоў пра той час, у які ён і Леанід Марцінавіч вучыліся на філфаку, час, пра які сённяшняя моладзь не можа і ўвіць. А ў гэтым часе і ў гэтых умовах здараліся і жарты, і хітрыкі. Добрай рысай, якая шмат што дала Леаніду Дайнеку, была яго камунікабельнасць. Яшчэ адной яго значнай якасцю Сяргей Законнікаў назваў здольнасць здзіўляцца: тое, што па словах Мандэльштама ў паэце галоўнае, заставалася з Дайнекам да апошняга дня.

Генрых Далідовіч

Умоўна вечар дзяліўся на часткі, ці “вымярэнні”, як іх назваў другі вядучы, Андрэй Мельнікаў: мастацкае (у тым ліку і з перыядам “Маладосці”, дзе Леанід Дайнека працаваў шмат гадоў), навуковае, ці літаратуразнаўчае, і лірычнае, сямейнае. Выступалі сваім парадкам згодна з гэтым яго дзяленнем калегі і сябры, даследчыкі і папулярызатары, прыхільнікі і аматары, выдаўцы і рэдактары. Пра тое, як вырастаў Леанід Дайнека са студэнта-філфакаўца не проста ў сучаснага паэта і празаіка, а ў пакліканую асобу, расказаў Генрых Далідовіч, адзначыўшы асаблівымі словамі тое, што пакліканы быў ён не толькі дзеля “аповеду пра мінулае”, але і затым, каб “знайсці ў гэтым рэчы спрадвечныя”.

Святлана Воцінава

Пра “маладосцеўскі” перыяд праз дакументы і ўспаміны распавядала Святлана Воцінава. Чым “Маладосць” — легендарны часопіс? Не працягласцю існавання, а тым, з якімі імёнамі гэтае існаванне звязана. Леанід Дайнека — важная, значная і вельмі прыгожая частка гэтай часопіснай легендарнасці. Запрошаны Васілём Зуёнкам у якасці “начальніка штаба” — так з гумарам была названа пасада адказнага сакратара, — Леанід Дайнека адпрацаваў у часопісе, паводле яго ж слоў, 227 нумароў, прычытаўшы іх “ад дошкі да дошкі”.

Кастусь Цвірка

Таццяна Лаўрык

Кастусь Цвірка прадставіў вобраз Леаніда Дайнекі праз свой погляд выдаўца, акцэнтаваўшы ўвагу не толькі на прозе, але і на паэзіі, выдатнай “ад першага зборніка і да апошняга радка”. Літаратуразнаўца Анатоль Верабей закрануў адметнасці творчасці, пацвердзіўшы слушнасць параўнання ролі Дайнекі для нашай гісторыі і літаратуры — “у абуджэнні нацыянальнай свядомасці і гістарычнай памяці” — з ролямі Уладзіміра Караткевіча і Міколы Ермаловіча. Даследчыца Таццяна Лаўрык расказала пра свае знаёмствы з Леанідам Дайнекам як пісьменнікам і чалавекам: спачатку ў якасці школьніцы-пяцікласніцы, потым — аматаркі гістарычнай прозы, пазней — захопленай літаратаркі і нарэшце прафесійнай даследчыцы, якой ёсць і яшчэ будзе што сказаць, паколькі творчасць Леаніда Дайнекі патрабуе сур’ёзнага вывучэння.  

Васіль Дранько-Майсюк

Вядомы аўтар усюдыісных тэматычных крыжаванак Лявон Целеш прадставіў гісторыю сайго знаёмства з пісьменнікам і свае крыжаванкі на яго творчасць. Папулярызатар асоб пісьменнікаў Васіль Дранько-Майсюк выказаў захапленне “спадаром Леанідам Дайнекам” і падмеціў у ім не толькі ўменне пісаць цудоўныя творы, але і майстэрства стварэння дружнай, а галоўнае — нацыянальнай сям’і. “Да гэтых уменняў — стварэння нацыянальнага і ў літаратуры, і ў жыцці, далучаецца бізнес-талент, праяўлены ў 1990-я”, — дадаў спадар Васіль. 

Эдуард Акулін

Эдуард Акулін, згадваючы прамоўленыя падчас імпрэзы радкі Дайнекі пра тое, што Беларусь збудавана з беларускіх слоў, назваў іх не проста прыгожымі, а жыццёвым эстэтычным дэвізам. “Сваімі творамі Дайнека абуджаў гістарычную памяць і нацыянальны гонар беларусаў, і яго дванаццаць раманаў, — сказаў спадар Эдуард, — можна лічыць дванаццаццю апосталамі на алтары гістарычнай прозы Беларусі”.

Таццяна Дайнека

Дзмітрый Дайнека

У сямейнай частцы прачула выступіла Таццяна Беланогая (Дайнека), прагучала і яе песня на словы свёкра. Гэтае слова, не вельмі мо традыцыйнае для традыцыйных рэлізаў, таксама захацелася напісаць — побач са словам “бацька”. Пра Дайнеку-бацьку расказаў сын, Дзмітрый Дайнека: як пра вельмі светлага чалавека, які “вельмі любіў людзей, сям’ю, сяброў і Беларусь”. Сям’я Дайнекаў падарыла музею поўны камплект выданняў пісьменніка і фотаздымкі.

Кастусь Герашчанка

Атмасферы мерапрыемству дадавалі і выступленні Кастуся Герашчанкі. Дакладней будзе сказаць, што яго песні на словы Дайнекі літаральна праціналі яе. Ці, іншымі словамі, адчуваліся нават фізічна: не толькі душой успрымаліся -- дотыкамі хадзілі па скуры.

Завяршаючы вечарыну, вядучы Андрэй Мельнікаў прачытаў верш, радок з якога стаў яе назвай: “Неба не дасць памерці…” Яго тут таксама хочацца напісаць:

А неба — радзіма зорак,
А неба — радзіма дажджоў.
Пад’ём, за узгоркам узгорак,
З нас кожны да неба ішоў.

Слязамі свой шлях не мерце,
Не верце сляпой варажбе,
Неба не дасць памерці
Возьме ўсіх да сябе.

Агульны здымак на памяць

А ў самым канцы гучаў голас Леаніда Дайнекі — гучаў, паводле слоў аднаго вельмі цёплага ўспаміну, “басавіты тэмбр рудога волата”.

Святлана ВОЦІНАВА, “Маладосць”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».