Вы тут

У Круглянскім раёне летась знайшлі працу для 375 чалавек


Сёлета ў спіс рэгіёнаў Магілёўскай вобласці з напружанай сітуацыяй на рынку працы трапіў і Круглянскі раён. Што стала прычынай і як яна вырашаецца, карэспандэнт «МС» высвятляла на месцы.


Стар­шы­ня рай­вы­кан­ка­ма Сця­пан Па­лон­ні­каў  і яго на­мес­нік Ан­жэ­ла Лу­ка­шэ­віч  аб­мяр­коў­ва­юць перс­пек­ты­вы па раз­віц­ці ра­ё­на.

ПМК падвяло

Круглае — утульны невялічкі гарадок на рацэ Друць, да Магілёва ўсяго 52 кіламетры. У горадзе жыве больш за 7600 чалавек. Прамысловасці вялікай няма. З найбольш буйных прадпрыемстваў — ПМК № 266, «Сельгастэхніка», сем сельгаспрадпрыемстваў. Да нядаўняга часу на той жа ПМК працавалі людзі амаль з усёй Магілёўскай вобласці і нават найбліжэйшых населеных пунктаў Віцебскай. Але летась шмат хто з іх звольніўся, і гэта, як кажуць у раёне, вельмі падкасіла лічбу па беспрацоўі.

— Адток кадраў адбыўся таму, што на ПМК працавала каля 150 іншагародніх работнікаў, — кажа старшыня Круглянскага райвыканкама Сцяпан Палоннікаў. — Гэта жыхары Аршанскага, Талачынскага раёнаў, а таксама Шклова і Магілёва. У прадпрыемства былі свае аб'екты ў іншых населеных пунктах, і там працавалі мясцовыя. Некаторыя з аб'ектаў былі здадзены. Адпаведна, людзі і звольніліся.

— Летась у нас было створана 31 рабочае месца, — уступае ў размову намеснік старшыні Круглянскага райвыканкама па эканоміцы Канстанцін Гарыновіч. — Але на самай справе лічба ўдвая вышэйшая. Статыстыка не ўлічвае тыя рабочыя месцы, якія ствараюцца пры адкрыцці сеткавых крам. Ёсць нюансы і пры ўліку вакансій на прыватных прадпрыемствах. Напрыклад, на ТАА «Рамісдрэўкамплект» было створана 30 новых рабочых месцаў, але гэта нам у залік не пайшло — прадпрыемства лічыцца з колькасцю супрацоўнікаў да 100 чалавек.

Летась у раёне было зарэгістравана новае прадпрыемства «ЛесКамВуд» і створана пяць новых рабочых месцаў. Яшчэ сем з'явіліся на швейнай вытворчасці. Прадпрымальныя людзі выкупілі за базавую велічыню ў вёсцы Альшанікі-2 будынак былой школы і запусцілі вытворчасць. Плануюць пашырацца.

— Наогул, узровень беспрацоўя ў нас складае 0,4 % пры прагнозным не больш за 0,9 %, — кажа Канстанцін Гарыновіч. — Але за кошт прынятых і звольненых, у большасці, як ужо казалі, па ПМК, атрымаўся такі не вельмі прывабны вынік.

Акцэнт у Круглянскім раёне робіцца на прыватнай дзейнасці. У ліку прадпрыемстваў, што актыўна працуюць, — заводы «Усходні» па перапрацоўцы другаснай сыравіны і «Рамісдрэўкамплект». Яны ж і самыя буйныя па колькасці занятых на вытворчасці. На першым іх больш за 100 чалавек, на другім крыху менш за гэтую лічбу. Абодва знаходзяцца ў зоне былога льнозавода і маюць добрыя перспектывы для развіцця. І аднымі гэтымі прадпрыемствамі круглянскі бізнес не абмяжоўваецца. Толькі летась у раёне былі зарэгістраваны 30 прадпрымальнікаў і тры юрыдычныя асобы.

— Калі раней адкрываліся звычайныя крамы, то цяпер актыўна развіваецца сфера ІT, — удакладняе намеснік старшыні па эканоміцы. — Адкрываюць інтэрнэт-крамы, распрацоўваюць сайты. Актывізаваліся і фермеры. У раёне 19 сялянска-фермерскіх гаспадарак, ёсць нават сямейныя дынастыі. Пазалетась удзельная вага гэтых гаспадарак у вытворчасці валавой сельскагаспадарчай прадукцыі складала 2,5 %, а летась узрасла да 4 %. Фермеры сталі вырошчваць больш бульбы, гародніны, збожжа і зернебабовых.

Рэзервы для развіцця

Яны, дарэчы, у раёне вялікія — хапае незадзейнічаных вытворчых аб'ектаў, участкаў для вядзення бізнесу.

— Заклікаем незанятае насельніцтва пачынаць сваю справу і браць субсідыю на яе пачатак, — кажа старшыня райвыканкама. — І попыт ёсць. У нас адкрылі абутковую майстэрню, ёсць ахвотныя ўзяць дапамогу на развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі. На гэтую пазыку рэальна купіць некалькі кароў. А яшчэ актыўна шукаем інвестараў. У нас ёсць два цікавыя інвестыцыйныя праекты. Частка Круглянскага раёна — гэта лясы і балоты, — нацыянальныя экалагічныя заказнікі. І мы будзем рады інвестару, які створыць у нас вытворчасць па шокавай замарозцы грыбоў і ягад. Другі праект, які мы рэкламуем, — будаўніцтва фермы па вытворчасці мяса індычкі. Для гэтага ў нас ёсць вельмі добрая пляцоўка.

У раёне таксама шукаюць выхады на міжнародны ўзровень. Нядаўна рэгіён стаў членам Беларускай грамадскай арганізацыі «Параднёныя гарады».

— Тое, што мы сталі паўнавартаснымі членамі гэтай арганізацыі, адкрывае перад намі добрыя перспектывы для развіцця. У сакавіку паедзем у Брэст на сустрэчу гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Германіі. А ў красавіку плануецца сустрэцца з расіянамі ў Жодзіне, — удакладняе намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Анжэла Лукашэвіч.

— Унутраныя рэзервы ў нас ёсць, але раён мала хто ведае, — дадае Сцяпан Палоннікаў. — Задзейнічаем усе сферы — і культурныя, і абмен школьнікамі, і розныя іншыя. Будзем выходзіць са сваім фестывалем «Свята лялькі» на абласны ўзровень. Тры гады таму да нас прыязджалі ўсяго адзін-два раёны, а летась было ўжо 14. Гэты кірунак у нас развіваецца як рамесніцтва — спрабуем рэалізоўваць такія вырабы. Тут задзейнічаны і інваліды. Шчыльна працуем над стварэннем новых рабочых месцаў. Збіраемся адкрыць швейную вытворчасць у былым будынку спартыўнай школы. Ужо і патэнцыйны пакупнік ёсць. Летась, дарэчы, у нас былі створаны дзве вытворчасці па пашыве адзення.

Сак­ра­тар ка­мі­сіі На­стас­ся Ці­шчан­ка дэ­ман­струе,  як вя­дзец­ца ўлік бес­пра­цоў­ных Круг­лян­ска­га ра­ё­на.

Па кім плача работа

У раёне плённа працуе Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва пад кіраўніцтвам старшыні райсавета. Па словах сакратара камісіі Настассі Цішчанкі, незанятых у эканоміцы раёна 1211 працаздольных чалавек. Існуе электронная база, дзе ёсць падрабязная інфармацыя на кожнага з іх — колькі дзяцей на выхаванні, якая ёсць маёмасць, чым займаецца. Нехта вучыцца, нехта ў дэкрэце, нехта хворы. Такія беспрацоўныя павінны прынесці пацвярджаючы дакумент, і іх вызваляць ад абавязку кампенсаваць дзяржаве выдаткі. З агульнай колькасці незанятых без уважлівых прычын — 681 чалавек: 404 жывуць у Круглым і 277 на сяле.

— У камісіі па садзейнічанні занятасці ёсць прадстаўнікі ўсіх нашых арганізацый — 23 спецыялісты, — расказвае Настасся. — Да кожнага беспрацоўнага падыходзім індывідуальна, высвятляем, якую мае спецыяльнасць, дзе працаваў і колькі, за кошт чаго жыве, ці ёсць праблемы са здароўем. І работа падбіраецца з улікам усіх гэтых абставін. Камісія таксама перыядычна выязджае на вёску. Нядаўна, напрыклад, працавалі ў Комсенічах. Карысную інфармацыю аб рабоце размяшчаем на сайце, даём кансультацыі па тэлефоне. Але часта бывае, што сам чалавек не зацікаўлены працаваць. Вось, напрыклад, праводзілі пасяджэнне на базе гаспадаркі «Друць-Агра», запрашалі 34 чалавекі, а прыйшлі толькі шэсць.

Людзей таксама папярэджваюць аб адказнасці: калі яны не працаўладкуюцца або не прынясуць дакументы, дзе будзе ўказана ўважлівая прычына іх бяздзейнасці, ім з 1 мая давядзецца кампенсаваць камунальныя паслугі па эканамічна абгрунтаваных цэнах. Патэнцыйна ў спіс могуць трапіць 68 чалавек, якім пагражае стапрацэнтная кампенсацыя выдаткаў па цяпле, і сем чалавек, якіх чакае тое ж самае па газе.

Але некаторых такія перспектывы зусім не пужаюць. Нават на сяле стала модна не працаваць. А работы, як сведчаць суразмоўцы, там болей чым хапае. У асноўным на фермах, у калгасах, можна займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю або трымаць уласную гаспадарку — было б жаданне працаваць. Але гэта ў дэфіцыте. У Цяцерынскім сельсавеце, напрыклад, 46 такіх беспрацоўных.

— Усе яны могуць працаўладкавацца, але нават на разавыя грамадскія работы не жадаюць выходзіць, быццам ім грошы не патрэбны, — абураецца старшыня сельсавета Надзея Яроміна. — Людзі з турмы прыйшлі, іх працаўладкавалі, а яны два тыдні папрацавалі і звольніліся.

У Запрудскім сельсавеце беспрацоўных 22 чалавекі.

— Гэта адзін і той жа кантынгент, — у сэрцах кажа старшыня сельсавета Святлана Французава. — Раённая выязная камісія прыязджае, усіх беспрацоўных збіраем, падбіраем работу індывідуальна, а яны нос адварочваюць. Летась чалавек восем працаўладкавалі, але не факт, што яны надоўга затрымаюцца.

Кампетэнтна

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Круглянскага райвыканкама Галіна Мазок:

— Сёлета 1 студзеня на ўліку стаялі 25 грамадзян, з іх 19 беспрацоўных, пры наяўнасці 164 вакансій. Летась мы працаўладкавалі 375 чалавек, у тым ліку 242 з ліку беспрацоўных. На перанавучанне накіравалі 23 чалавекі, з якіх 19 непасрэдна пад заказ наймальніка. У грамадскіх работах узялі ўдзел 11 чалавек. Праводзім кірмашы вакансій, куды запрашаем і інвалідаў. Аказваем садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Летась сямі беспрацоўным адрасаваліся субсідыі на агульную суму 19,8 тысячы рублёў. На гэты год мы распрацавалі новыя кірункі работы па заахвочванні грамадзян працаваць. Сярод іх такія, як правядзенне акцый «Тыдзень занятасці», «Беспрацоўная маці», правядзенне спецыялізаваных кірмашоў для асоб з інваліднасцю і тых, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, арганізацыя на базе сельсаветаў выязных дзён «Малы бізнес на сяле».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Шанц для беспрацоўнага

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.