Вы тут

Колькасць раёнаў, дзе складана працаўладкавацца, зменшылася


Штогод у Беларусі складаецца спіс тэрыторый, на якіх прысутнічае напружаная сітуацыя на рынку працы. Сёлета ў яго трапілі 28 раёнаў і адзін горад — Бабруйск. Варта сказаць, што ў пачатку мінулага года спіс налічваў цэлых 52 раёны і ўсё той жа Бабруйск.

Добра, што тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы становіцца менш, але не можа не здзіўляць той факт, што сярод лідараў па беспрацоўі разам з Віцебскай аказалася і Мінская вобласць — цэнтральны рэгіён краіны.


Нагадаем, што пры складанні падобнага спіса ўлічваюцца такія паказчыкі, як узровень зарэгістраванага беспрацоўя, доля беспрацоўных, якія шукаюць работу больш за год, каэфіцыент напружанасці на рынку працы, тэмпы росту колькасці занятых і некаторыя іншыя.

Самая напружаная сітуацыя на рынку працы да пачатку гэтага года, паўторымся, склалася ў Мінскай і Віцебскай абласцях. Так, у Мінскай вобласці праблемныя аказаліся дзевяць раёнаў з дваццаці двух: Бярэзінскі, Вілейскі, Капыльскі, Крупскі, Лагойскі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Пухавіцкі і Слуцкі.

Падобная сітуацыя і на Віцебшчыне: таксама дзевяць, мякка кажучы, не зусім паспяховых у гэтым плане раёнаў — Бешанковіцкі, Глыбоцкі, Гарадоцкі, Мёрскі, Пастаўскі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі і Шаркаўшчынскі.

У Брэсцкай і Гомельскай абласцях налічваецца па тры праблемных раёны. Гэта Бярозаўскі, Іванаўскі і Лунінецкі (Брэстчына) і Добрушскі, Рагачоўскі і Хойніцкі раёны (Гомельшчына).

Не зусім звычайная сітуацыя склалася ў Магілёўскай вобласці, дзе разам з Дрыбінскім і Круглянскім раёнамі ў пералік трапіў горад Бабруйск з насельніцтвам 217 тысяч чалавек (дарэчы, ужо другі раз запар). Ну, а менш за ўсё праблем з працаўладкаваннем адчуваюць жыхары Гродзеншчыны, дзе ў пералік трапілі толькі Зэльвенскі і Свіслацкі раёны.

У цэлым узровень зарэгістраванага беспрацоўя па стане на 1 кастрычніка 2019 года склаў 0,3 % ад колькасці рабочай сілы. Але гэтая лічба датычыцца толькі тых, хто стаў на ўлік у службе занятасці. Так, па звестках Міністэрства працы і сацабароны, усяго за студзень—кастрычнік мінулага года ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнулася 158,8 тысячы беларусаў.

З іх у якасці беспрацоўных былі зарэгістраваныя толькі 80,4 тысячы чалавек. Разам з тымі, хто ўжо стаяў на ўліку на 1 студзеня 2019 года, у працаўладкаванні, па афіцыйных звестках, мелі патрэбу 175,7 тысячы чалавек, з іх 92,9 тысячы беспрацоўных.

У той жа час калі разлічваць узровень беспрацоўя ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы, то ён у Беларусі па стане на другую палову 2019 года склаў 4,4 % ад колькасці рабочай сілы. Такія звесткі прыводзіць Белстат, які раз на квартал выбарачна абследуе хатнія гаспадаркі. Пры гэтым беспрацоўнымі лічацца людзі, якія ў перыяд правядзення абследавання не мелі работы і займаліся яе пошукамі, звяртаючыся ў дзяржаўную або камерцыйную службу занятасці, у СМІ ці інтэрнэт або непасрэдна да адміністрацый прадпрыемстваў, работадаўцаў і г. д., выкарыстоўваючы асабістыя сувязі, або здзяйснялі крокі да арганізацыі ўласнай справы.

І яшчэ адна ўмова павінна быць выканана для таго, каб чалавека можна было лічыць беспрацоўным: ён павінен быць гатовы прыступіць да работы на працягу тыдня. Такім чынам, у якасці беспрацоўных таксама можна ўлічваць пенсіянераў і студэнтаў дзённых аддзяленняў.

* * *

У пастанове ўрада № 921 ад 27.12.2019, у якой у якасці дадатку і быў апублікаваны пералік тэрыторый, дзе прысутнічае напружаная сітуацыя на рынку працы, таксама змешчаны план дзеянняў на 2020 год па стварэнні ўмоў для развіцця эканомікі.

У прыватнасці, там згадваецца падрыхтоўка законапраекта, паводле якога будуць павышаны памеры сацыяльных выплат для беспрацоўных грамадзян, што жывуць на тэрыторыях з гэтага пераліку, а таксама для беспрацоўных беларусаў, старэйшых за 50 гадоў. Акрамя таго, плануецца ўзяць пад асаблівы кантроль работу па садзейнічанні занятасці насельніцтва на такіх тэрыторыях і штоквартальна аналізаваць яе эфектыўнасць. У прыватнасці, сярод мер, якія дапамагаюць зняць напружанне ў сферы занятасці, спецыялісты называюць садзейнічанне перасяленню беспрацоўных і членаў іх сем'яў на новае месца жыхарства і работы з даваннем наймальнікам жылля, прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку беспрацоўных, арганізацыю аплатных грамадскіх работ, садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці беспрацоўных.

Варта таксама адзначыць, што пачынаючы з 2007 года працуе Агульнарэспубліканскі банк вакансій, размешчаны на партале Дзяржаўнай службы занятасці, які актыўна выкарыстоўваецца ўсімі ахвотнымі. Так, у студзені—лістападзе мінулага года на ім зафіксавана 15,2 мільёна наведванняў.

Святлана БУСЬКО

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Ёсць жаданне — будзе і работа!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.