Вы тут

1 лютага міжнародны спадарожнікавы канал «Беларусь 24» адзначыць 15-годдзе


За гэты час, як падлічылі тэлевізійнікі, вяшчанне не спынялася ні на хвіліну, а адданыя гледачы з'явіліся ў больш чым 100 краінах свету. На сёння ў зоне ўпэўненага прыёму сігналу — Расія і Украіна, краіны СНД, Еўропа, ЗША і Канада, а праз інтэрнэт навіны з радзімы атрымлівае нават беларуская экспедыцыя ў Антарктыдзе.


Замежныя гледачы з найбольшай ахвотай глядзяць праекты пра краявіды Беларусі і ўнікальныя помнікі архітэктуры, пра нашу гісторыю і нацыянальную кухню. Таксама карыстаюцца поспехам перадачы, героі якіх — вядомыя палітыкі, бізнесмены, дзеячы спорту і мастацтва, замежныя госці, якіх з Беларуссю звязвае цікавая гісторыя.

«Мы пастаянна развіваемся, фармат эфіру аднаўляем штогод, але нязменным застаецца прынцып: інфармацыя павінна быць актуальная і аб'ектыўная, праўдзівая і своечасовая», — падкрэслівае кіраўнік канала Аляксандр Мартыненка.

Чытаць болей

Ужо 27-я па ліку Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе ў сталіцы на наступным тыдні, з 5 па 9 лютага. З гэтай нагоды сацыякультурны канал «Беларусь 3» падрыхтаваў тэматычную эфірную акцыю «Тыдзень кнігі»: праекты, прысвечаныя беларускім аўтарам, літаратурна-музычныя канцэрты, відэаролікі з вершамі любімых беларускіх паэтаў і, канешне, аператыўныя штодзённыя спецвыпускі «Навін культуры».

4 лютага напярэдадні адкрыцця кніжнага форуму ў эфір выйдзе інтэрв'ю з міністрам інфармацыі Беларусі Аляксандрам Карлюкевічам, які раскажа пра цікавінкі і адметнасці сёлетняй выстаўкі.

Настроіцца на літаратурны лад дапамогуць і іншыя праекты. 5 лютага гледачы сустрэнуцца з паэткай Кацярынай Массэ ў праграме «На вышыні», 6 лютага ўбачаць канцэрт «Льецца песня па-над Шчарай», які быў запісаны летась да Дня беларускага пісьменства, 6 лютага натхняцца канцэртнай праграмай «Зорны карагод» з Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2018», 8 лютага ўспомняць пра лёс і творчасць Івана Мележа з праектам «Запіскі на палях» і адразу змогуць асвяжыць у памяці кінаэпапею «Людзі на балоце. Палеская хроніка» (1981) паводле аднайменнага рамана класіка.

У рытмах дыска

Гэтая музычная навінка 2020-га яшчэ не трапіла ў ратацыю тэлеканалаў, але яе ўжо можна ўбачыць і пачуць на прасторах інтэрнэту. Беларускі гурт ІОWА, які пашырыў склад і выпусціў свежую песню «У танцы», выклаў у сеціве кліп на яе з удзелам клоўнскага дуэта «Жоўты і чорны» — httрs://уоutu.bе/АHfаD2ІАZV4. А ў дадатак запусціў флэшмоб дзеля «ўтанцыфікацыі» ўсёй краіны.

Першымі ўдзельнікамі флэшмобу #ЖиЧвтанце ўжо сталі Філіп Кіркораў, Міхаіл Галусцян, Аляксандр Кіркораў, Ягор Дружынін і іншыя. Далучыцца музыканты прапанавалі і ўсім прыхільнікам — для гэтага трэба, цытуем, «пад песню «У танцы» пракруціцца тройчы вакол сябе, устаць на левую нагу ў любой смешнай/незвычайнай позе і таньчыць далей», а гатовы ролік вылажыць у Іnstаgrаm і перадаць эстафету сябрам. 1 сакавіка, у Міжнародны дзень танца, усе гэтыя відэа будуць аб'яднаныя ў адну вялікую мазаіку, а аўтары найлепшых ролікаў атрымаюць падарункі ад гурта.

Вікторыя Целяшук

Фота прэс-службы БТРК, артыстаў і з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Ад Украіны да Антарктыды

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.