Вы тут

У шпіталізаваных у Магілёве каранавіруса няма


У Магілёве ў шпіталізаваных пазаўчора траіх чалавек, якія вярнуліся з адпачынку ў Кітаі з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі, дакладна ўстанавілі дыягназ. Каранавіруса ў іх няма, пацвердзіла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.


Два чалавекі адпачывалі на востраве ў Кітаі, вярнуліся з павышанай тэмпературай і вырашылі падстрахавацца — звярнуліся па медыцынскую дапамогу. Іх шпіталізавалі для правядзення лабараторных аналізаў. Пазней да ўрачоў звярнуўся яшчэ адзін магіляўчанін, які вярнуўся з КНР.

— На цяперашні момант у РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі абследавана 74 чалавекі, з іх 25 — грамадзяне КНР, 6 — Украіны, астатнія — беларусы. Большая частка з іх прыбыла з Кітая. Акрамя гэтага, усе, хто прыбыў у нацыянальны аэрапорт 29 студзеня і дагэтуль знаходзіўся на тэрыторыі КНР, былі лабараторна абследаваныя на наяўнасць новага варыянта каранавіруса, а гэта 47 чалавек. Новы каранавірус 2019-nCoV не выяўлены, — паведаміла Юлія Барадун.

У выніку абследаванняў дыягнаставаны адзін выпадак віруса грыпу В, 3 — грыпу А (H1N1), адзін выпадак рынавіруса, 3 — мікаплазмы пнеўманіі, адзін — змешаны (грып і мікаплазма пнеўманіі). У рабоце знаходзіцца 18 узораў: шэсць ад пацыентаў з клінікай вострай рэспіраторнай інфекцыі і 12 ад клінічна здаровых асоб.

— РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі мае ўсе неабходныя рэактывы, абсталяванне, тэхналогіі і высокакваліфікаваны персанал з вялікім вопытам правядзення даследаванняў. Цэнтр працуе ў штатным рэжыме — 24 гадзіны ў суткі, — адзначыла Юлія Барадун.

Яна звярнула ўвагу, што брыгады хуткай медыцынскай дапамогі могуць выкарыстоўваць спецыяльнае адзенне і біябоксы для транспарціроўкі пацыентаў у цяперашняй санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўцы.

Нагадаем, што Надзвычайны камітэт, скліканы Генеральным дырэктарам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя на мінулым тыдні, адзначыў, што чакаецца далейшае міжнароднае распаўсюджванне віруса 2019-nCoV і завазныя выпадкі могуць з'явіцца ў любой краіне.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: aif.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?