Вы тут

Дыскрымінацыі ўсе ўзросты пакорлівыя


85 % беларусаў сутыкнуліся з прыціскам сваіх правоў на рынку працы. З іх толькі 32,2 % прадпрымалі якія-небудзь дзеянні ў сваю абарону.


Фота: topnovoje.mediasole.ru

Згодна з вынікамі сацыялагічнага даследавання, праведзенага міжнародным грамадскім аб'яднаннем «Гендэрныя перспектывы» ў 2018 годзе, з дыскрымінацыяй на рынку працы сутыкнуліся 85 % беларусаў. Ледзь не чвэрць удзельнікаў даследавання падвяргаліся дыскрымінацыі, але не разумелі гэтага. Чаму так адбываецца?

Мэтай першага даследавання было высветліць колькасць людзей, якія падвяргаліся дыскрымінацыі пры прыёме на працу альбо падчас працоўных адносін.

«Найбольш распаўсюджана дыскрымінацыя пры прыёме на працу, у такія сытуацыі трапляюць 73,8 % жанчын і 64,7 % мужчын, — патлумачыла Алена АРЦЁМЕНКА, даследчыца. — Адмаўлялі ў прыёме на працу ў сувязі з узростам, гэта часцей тычыцца мужчын, а жанчынам задаюць недарэчныя пытанні аб сямейным становішчы і наяўнасці дзяцей».

Наймальніка не задавальняюць замужнія і незамужнія жанчыны да 35 гадоў без дзяцей; жанчыны з дзецьмі ва ўзросце да 10 гадоў; жанчыны ў адпачынку па доглядзе за дзіцём. Дыскрымінацыі падвяргаюцца людзі 35–44 гадоў з вышэйшай адукацыяй, нягледзячы на тое, што яны маюць дастатковы вопыт і ўжо вырашылі асноўныя бытавыя праблемы. Негатыўнае стаўленне ў калегаў і да мужчын, якія вырашылі сысці ў дэкрэтны адпачынак, да іх прычэпліваюць ярлыкі «баба», «падкаблучнік» і г.д.. Што тычыцца моладзі, то і ёй нялёгка. Усё як у класічным анекдоце: каб юны ўзрост і вопыт працы ў адным флаконе.

У ходзе даследавання высветлілася: не ўсе працадаўцы і суіскальнікі разумеюць, што такое дыскрымінацыя. Як ужо адзначалася, такіх чвэрць сярод работнікаў. Тыя, хто разумее, што яго правы парушаныя, не спяшаюцца іх адстойваць. З тых, хто сутыкаўся з дыскрымінацыяй, 32,2 % хоць бы раз рабілі якія-небудзь дзеянні ў абарону сваіх правоў, 28,8 % скарыліся з сітуацыяй і не хацелі дзейнічаць. Самая вялікая доля — 39,1% — гэта тыя, хто хацеў што-небудзь зрабіць, але не стаў нічога прадпрымаць.

Фота: sputnik-ossetia.ru

Можна вылучыць дзве асноўныя прычыны, чаму так адбываецца. Першая — нізкая прававая пісьменнасць людзей у цэлым, мала ведаў аб правах наёмных работнікаў. Другая прычына — традыцыі, якія склаліся ў грамадстве. Парадокс, але да чалавека, які адстойвае свае правы, негатыўна ставяцца нават калегі, абражаюць зневажальнымі ярлыкамі «зваднік», «выскачка», «трэба больш за іншых». «У нашай працоўнай культуры няма традыцыі салідарнасці», — адзначыла Алена Арцёменка. Наймальнік жа можа лёгка адпомсціць чалавеку, які абараняе свае правы. Бо не сакрэт, што супрацоўнікі кадравых службаў часцей за ўсё цікавяцца аб суіскальніку ў ранейшага працадаўцы. Таму знайсці новую працу такому чалавеку будзе цяжка, наймальнікі не хочуць, каб у калектыве з'явіўся чалавек, які ведае і абараняе свае правы. Пра такіх гавораць, што яны «выносяць смецце з хаты». Такім чынам, чалавек, які сутыкнуўся з дыскрымінацыяй у працоўных адносінах, аказваецца паміж двух агнёў: калегі незадаволеныя, што ён «самы разумны», а наймальнік — тым, што працаўнік «качае правы».

Што тычыцца прыёму на працу, то закон забараняе наймальнікам пазначаць дыскрымінацыйныя ўмовы ў звестках аб наяўных вакансіях. Гэтыя ўмовы дакладна вызначаны ў артыкуле 10 закона «Аб занятасці насельніцтва». Вядома, наймальнік не напіша прамым тэкстам — набіраю супрацоўнікаў ва ўзросце 25–27 гадоў, але фраза «малады дружны калектыў» дае зразумець работніку старэйшаму за 40 гадоў, што яго там не чакаюць. І не важна, што па класіфікацыі СААЗ цяпер малады ўзрост да 44 гадоў, а мяжы сярэдняга — 44–60 гадоў. Нягледзячы на тое, што ў краіне ідзе павышэнне пенсійнага ўзросту, ад савецкага стэрэатыпу, што маладосць — гэта да 30 гадоў, мала каму ўдалося пазбавіцца.

Фота: torsunov.ru

Як патлумачыла Вераніка ПОЦЕПНЯ, юрыст МГА «Гендэрныя перспектывы», законам у нас рэгулюецца абавязак наймальніка ў пісьмовым выглядзе патлумачыць суіскальніку прычыны адмовы ў найманні на працу. Аднак гэтая норма не працуе, бо людзі баяцца наступстваў. Акрамя таго, ніхто сапраўдную прычыну ў адказе не напіша, а даказаць па ўскосных прыкметах факт дыскрымінацыі практычна немагчыма. Да таго ж судовае разбіральніцтва патрабуе нямала часу і фінансаў на юрыдычнае суправаджэнне.

Ірына АЛЬХОЎКА, старшыня праўлення міжнароднага аб’яднання «Гендэрныя перспектывы», член Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў Беларусі, аналізуючы прычыны, чаму людзі не абараняюць свае правы, адзначыла, што над намі яшчэ маюць моц стэрэатыпы: «так было заўсёды», «такія правілы гульні» і праславутае «вы ж разумееце». Каб ад іх пазбавіцца, трэба павышаць прававую пісьменнасць, назапашваць карысныя веды. У той жа час нашы людзі дакладна ведаюць, што такое льготы і як іх атрымаць, а вось тое, што ў іх ёсць правы, якія можна і трэба абараняць, па невядомых прычынах не засвойваецца.

Эксперты прывялі некалькі яскравых прыкладаў, як кажуць, з жыцця. Жанчына, якая ўзначаліла кампанію ў сферы дзейнасці, што традыцыйна лічыцца мужчынскай, падвяргаецца дыскрымінацыі, маўляў, не для кабеты гэта справа. Пры гэтым сама, маючы постаць plus size, прымае на працу худых жанчын і не саромеецца казаць, што не любіць тоўстых. Мабыць, гэта гісторыя красамоўна ілюструе, што, калі беларусы і далей нічога не будуць прадпрымаць, дыскрымінацыя на рынку працы яшчэ доўга будзе квітнець.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.

Культура

Рэжысёрка Улада Сянькова: Беларускае кіно можа лёгка ўвайсці ў моду

Рэжысёрка Улада Сянькова: Беларускае кіно можа лёгка ўвайсці ў моду

Прэм'ера карціны ІІ, якая адбылася на мінулым кінафестывалі «Лістапад», стала сапраўднай падзеяй з усімі належнымі атрыбутамі — гучным кантэкстам, натоўпам у кінатэатры ды доўгімі рэфлексіямі, якія пацвердзілі, што фільм трапіў у яблычак. 

Спорт

Дзяўчына выступае ў аматарскай хакейнай лiзе супраць мужчын i адкрывае свае асаблiвыя трэнажорныя залы

Дзяўчына выступае ў аматарскай хакейнай лiзе супраць мужчын i адкрывае свае асаблiвыя трэнажорныя залы

Наталля Аляксеенка — дзяўчына нетыповая: у дзяцiнстве яна не марыла стаць балерынай або гiмнасткай, хоць яе i цiкавiў спорт.