Вы тут

Чым адзначыўся юбілейны сусветны эканамічны форум у Давосе?


Сёлета ў швейцарскім гарналыжным курорце Давос прайшоў пяцідзясяты сусветны эканамічны форум (WЕF). У ім узяло ўдзел каля трох тысяч чыноўнікаў са 117 краін, у тым ліку больш за 50 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Таксама на мерапрыемства прыехала 1,6 тысячы буйных бізнесменаў з 36 краін свету. Форум у Давосе нярэдка называюць «сусветным урадам», які вызначае глабальны парадак дня. Фармат мерапрыемства, тым не менш, не прадугледжвае распараджэнняў і пастаноў. Аднак вынікі форуму заслугоўваюць увагі, бо сапраўды ўплываюць на наступныя дзеянні ўлад ва ўсім свеце. Якія ж трэнды актуалізаваў WЕF-2020?


Эфект Грэты

Напярэдадні адкрыцця форуму быў прадстаўлены даклад аб глабальных рызыках 2019 года, заснаваны на апытанні прыблізна тысячы экспертаў. Упершыню за паўвекавую гісторыю эканамічнага форуму асноўнымі рызыкамі найбліжэйшых 10 гадоў прызнаныя пяць экалагічных праблем. Самымі небяспечнымі па маштабе ўздзеяння, згодна з дакладам, могуць стаць няўдачы ў барацьбе са зменамі клімату, страта біялагічнай разнастайнасці, экстрэмальныя з'явы надвор'я і недахоп вады.

Што датычыцца больш кароткатэрміновых прагнозаў, то эксперты вылучылі ў ліку рызык эканамічныя канфрантацыі (іх росту чакаюць 78,5 % апытаных), палітычную палярызацыю ўнутры краін (78,4 %), экстрэмальна высокія тэмпературы (77,1 %), разбурэнне прыродных экасістэм (76,2 %), кібератакі на інфраструктуру (76,1 %), папулісцкія і шавінісцкія рухі (75,7 %) і некантраляваныя пажары (70,7 %).

Расхістванне каштоўнасцяў капіталізму стала дамінуючым матывам эканамічнага форуму ў фешэнебельнай Швейцарыі. Візуальным сімвалам гэтай з'явы стала група тынэйджараў на чале з Грэтай Тунберг, якіх запрасілі ў Давос як «стваральнікаў перамен». Група ў талстоўках моцна кантраставала з люксавым дрэс-кодам мужчын у сініх пінжаках.

Асноўнай інтрыгай WЕF-2020 сталі выступленні двух «хэдлайнераў», ключавых спікераў — прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і экаактывісткі Грэты Тунберг. З трыбуны давоскага форуму яны выказалі два супрацьлеглыя пункты гледжання. Трамп казаў пра неабходнасць развіцця вытворчасці, Грэта папярэджвала, што адбудзецца катастрофа, калі свет працягне развівацца па старой схеме. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп здзівіў гасцей форуму ў Давосе ўпэўненай заявай аб тым, што яго краіна дэманструе нябачаны эканамічны рост: «Я казаў вам, што мы прыступілі да вялікага адраджэння Амерыкі». Ён падкрэсліў, што ЗША далучацца да глабальнай ініцыятывы Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе па высадцы трыльёна дрэў, закліканай кампенсаваць высечку і гібель лясоў на планеце.

«Каб скарыстацца магчымасцямі заўтрашняга дня, мы павінны адкінуць адвечных прарокаў, якія абяцаюць пагібель, і іх прагнозы апакаліпсісу. Гэтыя панікёры вечна патрабуюць аднаго і таго ж — абсалютнай улады, каб дамінаваць, трансфармаваць і кантраляваць кожны аспект нашага жыцця... Мы не дазволім радыкальным сацыялістам разбурыць нашу эканоміку», — заявіў прэзідэнт ЗША, якога Грэта Тунберг слухала з залы.

«Я хачу, каб вы панікавалі, — заўважыла ў сваім выступленні шведская кліматычная актывістка. — Калі мы, дзеці, просім вас панікаваць, мы не маем на ўвазе працягваць у тым жа духу. Мы не прапануем вам спадзявацца на тэхналогіі, якіх на сённяшні дзень яшчэ не існуе нават у перспектыве — і якія, кажуць навукоўцы, магчыма, ніколі і не з'явяцца».

У адказ на выпад Трампа аб «панікёрах» яна заявіла, што яшчэ ніводная палітычная ідэалогія або эканамічная структура не змагла справіцца з надзвычайнай сітуацыяй вакол змяненняў клімату і навакольнага асяроддзя. «Свет, калі вы яшчэ не заўважылі, цяпер у агні», — канстатавала Грэта.

«У адрозненне ад вас, маё пакаленне не здасца без бою», — папярэдзіла Тунберг важных асоб у сініх касцюмах. Па словах Грэты, «высаджваць дрэвы, вядома, добра, але гэта не тое, што патрабуецца, і не можа замяніць рэальнага памяншэння чалавечага ўплыву на прыроду». Яна заклікала бізнесменаў і палітыкаў неадкладна адмовіцца ад субсідзіравання выкапнёвага паліва. Як паведамляе Thе Wаll Strееt Jоurnаl, пазней Трамп прызнаўся, што нічога не ведае пра Тунберг, але ў яго склалася ўражанне, што яна вельмі сярдзітая дзяўчынка.

Мёртвы капіталізм

Прадстаўнікі Еўракамісіі прапанавалі ўдзельнікам Давоса кампраміс паміж капіталізмам і «кліматычным неўрозам». На іх думку, гэтыя дзве, здавалася б, несумяшчальныя каштоўнасці можна прымірыць у рамках «новага капіталізму». Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен лічыць, што ўстойлівая эканоміка магчымая. На яе думку, прыйшоў час для строю, які больш не з'яўляецца капіталізмам акцыянераў, што служыць толькі іх узбагачэнню. «Гэта капіталізм неабыякавых людзей, які працуе для дабрабыту людзей — работнікаў і ўсяго грамадства, — заявіла фон дэр Ляен. — Асаблівая роля сёння адводзіцца і некамерцыйным няўрадавым арганізацыям неабыякавых людзей, мэтай якіх з'яўляецца паляпшэнне розных аспектаў жыцця сучаснага грамадства».

Прэзідэнт Швейцарыі Сіманета Самаруга заклікала краіны свету да актыўных самастойных дзеянняў, назваўшы памылкай імкненне «ставіць эканамічныя інтарэсы вышэй за функцыянаванне прыроднага свету». «Біяразнастайнасць падобная на Эйфелеву вежу, — заявіла яна. — Прыбірайце па адной шрубачцы ў дзень, і спачатку нічога не здарыцца. Але калі вы прыбераце занадта шмат, усё абрынецца».

Заснавальнік і выканаўчы старшыня WЕF Клаўс Шваб растлумачыў галоўную тэндэнцыю 2020 года: бізнесу неабходна не толькі думаць аб атрыманні максімальнага прыбытку, але і выкарыстоўваць свае рэсурсы, каб пры ўдзеле ўрадаў і грамадзянскай супольнасці вырашаць асноўныя пытанні гэтага дзесяцігоддзя. Паводле яго слоў, гаворка ідзе аб вяртанні да канцэпту «капіталізму зацікаўленых бакоў» для барацьбы з няроўнасцю ў грамадстве і змяненнем клімату. Думку на гэты конт агучыў Марк Бэніёф, амерыканскі мільярдэр, кіраўнік кампаніі Sаlеsfоrсе: «Капіталізм, якім мы яго ведалі, мёртвы. Гэтая апантанасць максімізацыяй прыбытку для акцыянераў прывяла да неверагоднай няроўнасці і надзвычайнай сітуацыі планетарнага маштабу».

Багатыя і бедныя

Па словах дырэктара-распарадчыка Міжнароднага валютнага фонду Крысталіны Георгіевай, свет стаіць на парозе новага маштабнага крызісу, які заслоніць сваёй разбуральнасцю ўсё тое, што мы ведаем пра Вялікую дэпрэсію. Перыяд 1920—1930-х гадоў мінулага стагоддзя ўжо параўноўваецца з бягучымі трэндамі, і параўнанне не на карысць цяперашняй сітуацыі. Карані новага крызісу звязаны з праблемамі сусветнага фінансавага сектара і беспрэцэдэнтным пашырэннем няроўнасці па ўсім свеце. Усё гэта адбываецца нават нягледзячы на тэндэнцыю да скарачэння разрыву ў даходах вядучых краін свету. Як лічаць у МВФ, няроўнасць, якая працягвае расці паміж асноўнымі групамі насельніцтва, нагадвае сітуацыю пачатку ХХ стагоддзя, калі эканамічная інтэграцыя і развіццё тэхналогій прывялі спачатку да сусветнага росквіту, а затым да глабальнай фінансавай катастрофы, надыход якой паскорылі Першая сусветная вайна, Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расіі і шэраг падзей у Еўропе і Амерыцы.

Паводле звестак ААН, з 1980 года няроўнасць у даходах у большасці рэгіёнаў свету рэзка вырасла. Найбольшы перакос у даходах назіраецца ў краінах Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, якія развіваюцца. Паводле вынікаў справаздачы Охfаm Tіmе tо Саrе за мінулы год, самыя багатыя ў свеце 2153 чалавекі кантралююць больш грошай, чым 4,6 мільярда самых бедных, разам узятых. З другога боку, апошнія некалькі гадоў Давос стаў сімвалам большага разрыву паміж багатымі і беднымі. У ім традыцыйна бяруць удзел людзі, чый капітал супастаўны з ВУП цэлых краін (сёлета на форуме прысутнічалі больш за 100 мільярдэраў).
З 24 банкаў, прадстаўнікі якіх прысутнічалі ў Давосе, 10 уклалі 1 трыльён долараў у развіццё выкапнёвага сектара. Гэта сума, якой дастаткова для будаўніцтва сонечных электрастанцый магутнасцю 640 ГВт, што значна перавышае існуючыя сусветныя магутнасці адпаведнага сектара энергетыкі.

Вядома, «саскочыць з вугляроднай іголкі» няпроста — задача патрабуе каласальных намаганняў і інвестыцый. Раней эксперты ААН паказвалі, што кампаніі па ўсім свеце могуць страціць больш за $2 трлн сваёй капіталізацыі да 2025 года з-за ўзмацнення жорсткасці экалагічнай палітыкі. Такі прагноз змешчаны ў дакладзе Асацыяцыі адказнага інвеставання РRІ. Па разліках Міжнароднага энергетычнага агенцтва, для пераходу да «чыстай» энергетыкі ў яе трэба інвеставаць па 3,5 трыльёны долараў у год, што ўдвая вышэй за бягучы ўзровень.

На думку Пітэра Гігера, дырэктара па рызыках кампаніі Zurісh Іnsurаnсе Grоuр, існуе вострая эканамічная неабходнасць хутчэй адаптавацца, каб пазбегнуць незваротных наступстваў кліматычнага крызісу і вымірання відаў. «Біялагічна разнастайныя экасістэмы паглынаюць гіганцкія аб'ёмы вугляроду і забяспечваюць велізарныя эканамічныя выгады, якія ацэньваюцца ў 33 трыльёна долараў у год — эквівалент ВУП ЗША і Кітая, разам узятых», — падкрэсліў эксперт.

Ад Гутэнберга — да Цукерберга

Яшчэ адна праблема, якую актыўна абмяркоўвалі ў Давосе, — лічбавая рэвалюцыя. Яе выгады відавочныя. Праца стала больш эфектыўнай, а хуткасць атрымання інфармацыі расце. Інавацыі і лічбавыя тэхналогіі сталі наўпрост уплываць на лад жыцця чалавека, на яго прафесійныя стратэгіі. Не заўсёды ў лепшы бок. Справа ў тым, што чалавечы мозг не паспявае за патокам інфармацыі, і гэта стварае праблемы для ўсіх: для саміх людзей, для эканомікі, бізнесу, для ўрадаў. Кіраўнік лабараторыі нейранавук і паводзін чалавека расійскага Ашчадбанка Андрэй Курпатаў прадставіў факты, якія даказваюць, што чалавечы мозг заўсёды выбірае тое, што прасцей. Напрыклад, карцінка з Кім Кардаш'ян прасцейшая для ўспрымання, чым тэкст навуковага артыкула. Таму мозг, хутчэй за ўсё, зафіксуе сваю ўвагу на здымку Кардаш'ян. А тэкстам артыкула не зацікавіцца.

Вось такім шляхам чалавецтва цяпер і развіваецца: ад сістэмнага кніжнага мыслення да простых вобразаў, візуалізацыі. «Мы назіраем эскалацыю прымітыўнага кантэнту і перажываем фундаментальную трансфармацыю — пераязджаем з галактыкі Гутэнберга ў галактыку Цукерберга. З цывілізацыі сістэмнага мыслення пераходзім у цывілізацыю глядзельных вобразаў, дзе няма месца аналітычнаму мысленню», — заўважыў Курпатаў. У выніку чалавецтва цяпер, па сутнасці, перажывае «эпідэмію лічбавага аўтызму», лічыць эксперт.

«Тэхналагічная гонка ўзбраенняў можа прывесці да з'яўлення «інфармацыйных калоній», — мяркуе 43-гадовы ізраільскі пісьменнік-футуролаг Юваль Ной Харарэ, які стаў адным з галоўных спікераў форуму ў Давосе. — Калі ў цябе ёсць усе звесткі пра краіну, не трэба адпраўляць туды салдат. Улады змогуць «хакнуць» людзей, маючы дастаткова развітыя біятэхналогіі. Шмат кажуць аб узломе камп'ютараў, тэлефонаў або банкаўскіх рахункаў, але рэальнае пытанне — гэта ўзлом чалавека. Мы блізкія да пункта незвароту. І мы не маем паняцця пра тое, што адбудзецца пасля».

Бананы ў чорным спісе

У апошнія гады СЭФ усё больш крытыкуюць за тое, што ён ператварыўся ў мерапрыемства, на якім яго тытулаваныя ўдзельнікі займаюцца піярам і фатаграфуюцца. У Давос, дарэчы, яны разам з сусветнымі славутасцямі часта прылятаюць на сваіх самалётах. Аднак Адрыян Монк, адзін з дырэктараў СЭФ, апраўдваецца, што большасць гасцей і ўдзельнікаў прыязджае ў Давос з Цюрыха на цягніку. Гэта, напэўна, адзін з пунктаў іх праграмы па барацьбе з двухвокісам вугляроду. А ў аэрапорце Цюрыха для тых, хто мае намер усё ж скарыстацца самалётам, спецыяльна трымаюць біяпаліва. На гэтым фоне юбілейны форум у Давосе запомніцца агульнай «зялёнай» лініяй з запрошаным шэф-поварам, які накарміў гасцей вегетарыянскай ежай. З меню выключылі мяса і рыбу, а таксама бананы, якія апынуліся ў «чорным» спісе з-за імкнення выкарыстоўваць выключна мясцовыя прадукты.

Крысталіна Георгіева на сесіі, прысвечанай перспектывам сусветнай эканомікі, распавяла не надта паліткарэктны па сучасных мерках анекдот. «Бог кліча Майсея і кажа: «У мяне для цябе ёсць дзве навіны — добрая і дрэнная. Добрая навіна ў тым, што ты падымеш рукі, мора расступіцца і ты правядзеш сваіх людзей на свабоду». Майсей усклікае ў адказ: «Пасля такой навіны дрэнных быць ужо не можа!» Бог адказвае: «Не спяшайся з высновамі. Перш чым рассунуць мора, табе спачатку давядзецца зрабіць ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе!» Зала ў адказ грымнула рогатам і апладысментамі: удзельнікі форуму нібы радаваліся, што на такую тэму яшчэ можна жартаваць услых.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Дзівосы Давоса

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».