Вы тут

Зіновій Прыгодзіч. Мой Брыль


Мой Брыль, мусіць, як для многіх, пачаўся з яго «Жмені сонечных промняў». Гэтая маленькая кніжка, якая змяшчалася на далоні, нарабіла нямала шуму. Розгалас сярод чытачоў быў нечуваны. Думаецца, што і сам аўтар не чакаў такога гучнага поспеху. Што ж сталася яго прычынай?


Па-першае, ці не ўпершыню ў беларускай літаратуры з'явілася кніга твораў такога жанру — лірычныя мініяцюры. А новае, як вядома, заўсёды прыцягвае павышаную ўвагу.

Па-другое, а можа і самае першае, самае галоўнае — кніжка прываблівала, зачароўвала зместам. У кароткіх, дасціпных, вясёлых замалёўках адлюстроўваўся ўвесь спектр праяў нашай рэчаіснасці. Пісьменнік шчодра перадаваў сваё захапленне жыццём, чалавекам, прыродай, свае любоў і нянавісць, смутак і роздум. А трапныя, ёмкія выразы, смешныя эпізоды, гумарыстычныя сітуацыі, ярка выпісаныя аўтарам, адразу пайшлі ў народ, іх разабралі на показкі, прымаўкі, байкі. Кніга сапраўды стала народнай. Яе з задавальненнем чыталі як маладыя, так і сталыя людзі. І кожны знаходзіў у гэтай вясёлай мудрасці нешта сваё — для розуму і душы.

І нарэшце, трэцяе, што ў пэўнай ступені паспрыяла чытацкаму поспеху «Жмені сонечных промняў», — яе арыгінальнае паліграфічнае выкананне і дасканалае мастацкае афармленне. Не памылюся, калі скажу, што яно было сапраўднай творчай удачай выдавецтва «Беларусь». І невыпадкова, што гэты паліграфічны і літаратурны шэдэўр многія аматары прыгожага пісьменства захоўваюць у сваіх хатніх бібліятэках дагэтуль. І не проста захоўваюць, а час ад часу дастаюць кніжку з паліцы і з асалодай перачытваюць даўно знаёмыя, вывучаныя на памяць абразкі. Як гэта раблю і я.

Так, мой Брыль пачаўся менавіта са «Жмені сонечных промняў» у далёкім 1965 годзе. З таго часу я ўжо не прапускаў ніводнай яго публікацыі, ніводнага новага выдання. А на кнізе «Ад сяўбы да жніва» маю нават бясцэнны для мяне аўтограф: «Дарагому Зіновію Кірылавічу з найлепшымі пажаданнямі. Янка Брыль».

Лішне казаць, што свайго любімага пісьменніка я чытаю і перачытваю. Шкада толькі, што тыя свае даўнія ўражанні нідзе не занатоўваў. А цяпер, праз гады, іх ужо не адновіш. Першы запіс у маім дзённіку з'явіўся пасля вось гэтай сустрэчы.


Янку Брылю — шэсцьдзясят.

Ад урачыстага вечара юбіляр адмовіўся. Па стане здароўя. Дактары выявілі ў назе тромб, які паволі, але няўмольна рухаўся ўверх. Ледзь яго спынілі, зрабіўшы блакаду. Але і цяпер ніхто не мог даць гарантыі, што гэты пракляты тромб не кранецца і не пачне рухацца зноў.

Разумеючы ўсю сур'ёзнасць сітуацыі, дактары настойвалі на неадкладнай шпіталізацыі. Але Іван Антонавіч папрасіў у іх пару дзён адтэрміноўкі, каб хоць сяк-так адзначыць юбілей.

Адчувалася, што смяротная пагроза адчувальна падкасіла заўсёдную душэўную раўнавагу і такі зайздросны аптымізм Янкі Брыля. Нешта было ў ім ад параненага арла, у якога яшчэ многа сілы, але ўзняцца ў высокую сінь ён не можа, толькі з сумам глядзіць на іншых, што кружаць там молада і бесклапотна...

Аднак размова не пра гэта. Пасля таго як Брыль адмовіўся ад урачыстага вечара, сакратарыят Саюза пісьменнікаў вырашыў наладзіць яму невялікі фуршэт у Доме літаратараў. У кабінеце Максіма Танка сабралася чалавек з дваццаць — кіраўнікі літаратурных выданняў, сакратары Саюза пісьменнікаў, блізкія сябры юбіляра. І я як прадстаўнік ЦК партыі.

Яшчэ да пачатку афіцыйнай часткі я падышоў да Янкі Брыля і павіншаваў з юбілеем. Ён цёпла падзякаваў, але паглядзеў на мяне трошкі недаўменна-здзіўлена: адкуль, маўляў, ты такі ўзяўся? Мая ж місія заключалася не толькі ў тым, каб павіншаваць юбіляра, але і ў тым, каб сказаць яму важную рэч.

— Іван Антонавіч, вы, мабыць, крыху хвалюецеся?

— Чаго? — здзівіўся Брыль.

— Ну... што вось такая затрымка з узнагародай...

А затрымка атрымалася сапраўды непрыемная. 4 жніўня — юбілей, сёння ўжо 10-га, а ніякага ўказа няма. Хоць наш ЦК своечасова прадставіў у ЦК КПСС усе неабходныя паперы на ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Брыль на мае словы ўсміхнуўся, махнуў рукою:

— Э, вялікая бяда...

— Мы званілі сёння ў Маскву, усё нармальна. Пытанне вырашаецца станоўча. Затрымка па нейкіх тэхнічных прычынах.

— А ў мяне ўжо гэта было на пяцідзесяцігоддзе. Указ з'явіўся недзе праз пяць ці шэсць дзён. Так што нічога страшнага. «Сем гадоў мак не радзіў, але голаду не было».

За дакладнасць Брылёвых слоў не ручаюся, але добра помню ягоныя вельмі простыя, неяк па-сялянску мудрыя, зусім не какетлівыя адносіны да гэтай прыкрай затрымкі.

Пасля была ўрачыстая частка. Гаварылі прамовы, тосты. Карцела і мне сказаць сваё слова, прызнацца Івану Антонавічу ў любові. І не адважыўся. Забаяўся. Цяпер каюся. Трэба было б рашыцца! Можа, яму і нялішне гэта было б. Слова простага, звычайнага чытача... У апошніх дзённікавых запісах Брыля я востра адчуў, што ён меў у гэтым патрэбу — у шчырым чытацкім слове, у грамадскім прызнанні. Ну ды што пасля бойкі махаць кулакамі. Але я абавязкова знайду яшчэ выпадак, каб выказаць гэту любоў Янку Брылю. Інакш ніколі сабе не дарую.

На фуршэце Івану Антонавічу было цяжка стаяць на хворых нагах, дый яму гэта катэгарычна забаранілі дактары. Таму Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, бачачы, як балюча моршчыцца юбіляр, усадзілі яго нарэшце ў крэсла.

На працягу ўсяго вечара Іван Антонавіч мужна стараўся не паказваць сваёй немачы. Жартаваў, смяяўся. І толькі халодны пот, што здрадліва выступаў на скронях, на лбе, выдаваў, чаго каштуе яму гэта весялосць.

Упершыню я ўбачыў Брыля-апавядальніка, як кажуць, у справе. Да гэтага я ад многіх чуў, што ён вялікі майстар розных баек. І вось асабіста пераканаўся, што гэта сапраўды так. Брыль і расказвае, як піша — нешматслоўна, ёмка, надзвычай выразна, артыстычна. У гэтым яму дапамагае і яго немалы акцёрскі талент. Апавядаючы што-небудзь пра сваіх знаёмых ці нават незнаёмых, ён міжволі імітуе жэсты, міміку сваіх герояў, тое, як яны гавораць. І гэта стварае надзвычайнае ўражанне.


У аўтабіяграфіі, напісанай для літаратурнага даведніка «Пяцьдзясят чатыры дарогі», Янка Брыль выказаў слушную думку: «Найвышэйшая форма пісьменніцкай справаздачы перад народам — кнігі. Пра гэта трэба думаць найбольш, пільна аберагаць свой час і сілы для галоўнага». І крыху пазней у артыкуле для часопіса «Вопросы литературы» развіў сваю думку, канкрэтызаваў яе так: «Усё жыццё пісьменніка — калі ён разумее яго як беззапаветнае служэнне народу — гэта натуральна неабходнае для яго і пажыццёвае вывучэнне рэчаіснасці, вывучэнне чалавека ў самім сабе і ў бліжнім, нястомная падрыхтоўка да працы, да напісання новых, сапраўдных твораў...»

Такім чынам у гэтых дзвюх кароткіх цытатах сфармулявана важная і, можа быць, самая галоўная задача літаратуры: даваць народу не проста новыя кнігі, а глыбокія, сапраўдныя, высокамастацкія творы. Што для гэтага трэба? Адказ на пытанне мы знаходзім у самых розных кнігах Янкі Брыля.

Перш за ўсё — гэта вернасць жыццёвай праўдзе. Леў Талстой у свой час пісаў: «Герой, якога я люблю ўсімі сіламі душы, якога стараўся паказаць ва ўсёй прыгажосці яго і які заўсёды быў, ёсць і будзе найпрыгажэйшы, — праўда». Спасылаючыся на гэтае выказванне, Янка Брыль зазначае: «Праўдай, служэннем праўдзе жывём і мы, жыве — у сваіх лепшых творах — наша шматнацыянальная савецкая літаратура, дзякуючы гэтаму яна законна ганарыцца імем перадавой, найбольш чалавечнай у свеце літаратуры...»

Янку Брыля непакоіў, трывожыў фармалізм, які ўсё больш актыўна пачынаў праяўляць сябе ў айчыннай літаратуры.

«Чытаючы любамудрыя выкрунтасы некаторых маладых і не надта ўжо маладых празаікаў, паэтаў і філосафаў, часам успамінаецца жаночая чарга ў паліклініцы былой і сённяшняй «лечкамісіі». Сядзячая чарга, у светлай выгодзе, у няспешнай гамане з больш ці менш выразным спаборніцтвам у свабодным веданні мудрагелістых назваў хвароб і лекаў, з усёй эквілібрыстыкай замежных спецыяльных словакамбінацый, якія мне і да сценкі пастаўленаму не запомніць...»

Некаторыя маладыя сваё мудрагельства спрабуюць растлумачыць тым, што яны гэтым самым хочуць сцвердзіць сваю еўрапейскасць. Іван Антонавіч сказаў пра гэта па-свойму коратка, ёмка, з немалой доляй з'едлівага гумару: «Во, і яшчэ адзін пнецца быць вельмі сучасным, усё ў яго «аповедзе» на адных намёках, на глыбакадумным недагаворванні... А я, прачытаўшы цярпліва, амаль пазяхнуў: не хапала яшчэ здагадвацца, што тут у цябе да чаго!..»

І нібы падсумоўваючы сказанае, пісьменнік зазначае: «Вечны крытэрый: калі ёсць што сказаць, калі хочаш, каб цябе зразумела, каб табе паверыла як мага больш людзей, — мудрагеліць не будзеш».


Янка Брыль быў строгі, часам нават суровы не толькі да твораў калег, але і да сваіх уласных.

Вось як развівалася гісторыя вакол першай аповесці Брыля «У Забалоцці днее». Аповесць, якая, здавалася б, мела неблагі рэзананс сярод чытачоў і пэўную прыхільнасць некаторых крытыкаў. Больш за тое, твор быў вылучаны на атрыманне Сталінскай прэміі. І Брыль атрымаў яе! Аднак сам аўтар ацэньваў твор даволі самакрытычна.

«Напісаўшы гэтую рэч, я даваў яе чытаць многім. Абмяркоўвалася яна ў рэдакцыі часопіса «Полымя», пасля — на секцыі прозы, і таварышы не дадуць мне салгаць, што я прасіў іх крытыкі, хваляваўся, хвалююся, чуючы слушную крытыку, і буду хвалявацца, дапрацоўваючы твор, бо ўсім нам, хто сумленна зарабляе свой пісьменніцкі хлеб, вядома, што напісаць аповесць крыху цяжэй, чым рэцэнзію.

Я не збіраюся адпрошвацца ад крытыкі, якую заслужыў, а таксама крывадушна каяцца ў тых памылках, якіх яшчэ не паспеў прадумаць і зразумець, — буду гаварыць пра тую крытыку, што правільна называецца павярхоўнай і аглабельнай».

А вось да крытычных заўваг і добразычлівых парад старэйшых таварышаў Брыль прыслухоўваўся вельмі ўважліва і з удзячнасцю.


Кожны раз, набыўшы новую кнігу Янкі Брыля, радуюся, як дзіця, якое атрымала сваю любімую цацку. Не, бадай, гэтае параўнанне недакладнае. Маё пачуццё хутчэй можна параўнаць з тым, што я перажываў у маленстве вечарам перад Калядамі. Нарэшце пасля доўгага посту надыходзілі хвалюючыя, урачыстыя хвіліны. Бацька прыносіў у хату ахапак сена, рассцілаў яго на стале, маці накрывала сена чыстым, крамяным абрусам, пасярэдзіне ставіла шклянку з пшаніцаю і ўторкнутай свечкай. Месца ў куце займаў вялікі чыгун з куццёю.

Пасля на стол ставіліся міскі з рознай, пакуль яшчэ поснай ежай. Запальвалася свечка, бацькі шчыра маліліся. І толькі пасля гэтага дазвалялася садзіцца за стол. Незвычайнасць, таямнічасць вячэры ўзмацняла ў маёй душы прадчуванне свята. Я ўжо пэўна ведаў, што заўтра, калі прачнуся, мяне чакаюць багаты святочны сняданак, розная смаката, а яшчэ... А яшчэ нейкая ва ўсім загадкавасць, таемнасць, казачнасць, што мне падабалася, вабіла, можа, нават больш, чым тая смаката.

Дык вось гэткую гаму пачуццяў я перажываю і несучы дадому новую кніжку Янкі Брыля — свайго любімага пісьменніка. Кніжку я спачатку любоўна лашчу ў руках, любуючыся мастацкім афармленнем (а брылёўскія выданні, як правіла, афармляюцца з вялікім густам), разглядваю паперу, шрыфты, малюнкі. Раблю гэта, каб адцягнуць як найдалей пачатак самога чытання, зрабіць яшчэ больш вострай, больш поўнай асалоду ўваходжання ў высокі, напружана-шчымлівы свет чуйнай, уражлівай душы.

Брыля нельга чытаць нагбом. Яго трэба піць па глытку, спакваля, смакуючы кожнае ёмкае, адметнае слова. А яны, гэтыя словы, як залацінкі-самародкі, рассыпаны на кожнай старонцы, выбліскваюць ледзь не ў кожным запісе. І нават звыклае, будзённае слова адмысловы Майстар можа павярнуць так, паставіць у такі кантэкст, што яно раптам адгукнецца, заззяе па-новаму, свежа, святочна. Нельга не захапляцца ўменнем, філігранным майстэрствам аўтара эканомна, глыбока, дзівосна дакладна перадаваць самыя тонкія, самыя патаемныя рухі душы. Нельга не здзіўляцца і захоплена сачыць, як, здавалася б, на роўным месцы прарастае, вылушчваецца з друзу жыццёвых фактаў жывая, трапяткая думка. Якая ж гэта сапраўды раскоша і ні з чым не параўнаная радасць — быць сведкам, нават больш таго — саўдзельнікам, суаўтарам самага загадкавага, самага неспацігальнага — працэсу думання! Кнігі Янкі Брыля даюць свайму чытачу гэтай радасці поўнай мерай, або, як бы сказаў сам аўтар, напоўніцу.

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.