Вы тут

90% жанчын ва ўзросце 15—49 гадоў адчуваюць сябе шчаслівымі


Паводле звестак Белстата, каля 36 % беларусак фертыльнага ўзросту хацелі б нарадзіць, а 50 % не жадаюць больш мець дзяцей. 90 % жанчын ва ўзросце 15—49 гадоў адчуваюць сябе шчаслівымі. У мужчын гэты паказчык складае 86 %.


Летась Белстат правёў шосты раўнд шматіндыкатарнага кластарнага даследавання хатніх гаспадарак (МІКС 6). Гэта глабальная ініцыятыва ЮНІСЭФ, якая ўяўляе сабой адну з найбуйнейшых міжнародных праграм па абследаванні хатніх гаспадарак. Даследаванне вывучала становішча ў краіне жанчын і дзяцей, праводзілася яно трэці раз. Каля 9 тысяч сем'яў адказалі на дзясяткі самых розных пытанняў, а Белстат атрымаў інфармацыю па больш чым 140 важных паказчыках. У прыватнасці, па якасці жыцця і ўмовах пражывання, ужыванні алкаголю (дарэчы, яго ўжывае менш за палову жанчын і 2/3 мужчын), здароўі маці і дзіцяці, узроўні адукаванасці і іншых крытэрыях. Пацвердзіліся як вядомыя рэчы — што 100 % хатніх гаспадарак маюць доступ да электрычнасці і што адукацыя ў краіне ўсеагульная, — так і тое, што гвалтоўным метадам дысцыплінавання падвяргаюцца 57 % дзяцей.

— Мы вывучалі рэпрадуктыўныя планы жанчын фертыльнага ўзросту. 36 % жанчын фертыльнага ўзросту хацелі б нарадзіць, 50 % не жадаюць больш мець дзяцей, 3 % не могуць зацяжараць і 11 % не вызначыліся са сваімі намерамі. Сярод жанчын, якія хацелі б нарадзіць, больш за палову плануюць гэта ў наступныя пяць гадоў. Сярод жанчын, якія ўжо маюць дзіця, 77 % хацелі б нарадзіць другое ў наступныя пяць гадоў. Асноўная частка жанчын, якія збіраюцца нарадзіць дзіця, знаходзіцца ва ўзроставых групах 15—29 гадоў. Тым не менш плануе нараджаць і кожная пятая замужняя жанчына ва ўзросце 35—39 гадоў, і 6 % жанчын ва ўзросце 40—49 гадоў, — расказала начальнік галоўнага ўпраўлення статыстычнага ўзроўню жыцця насельніцтва і абследавання хатніх гаспадарак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Канашонак.

— Самае галоўнае, што мы атрымалі ўнікальны масіў інфармацыі па больш чым 140 паказчыках, якіх няма ні ў статыстычнай справаздачнасці, ні ў адміністрацыйных звестках, што маюць органы дзяржкіравання. Радуе, што насельніцтва Беларусі адчувае сябе шчаслівым і бачыць перспектывы. Шмат інфармацыі мы атрымалі па раннім развіцці дзяцей, рэпрадуктыўных устаноўках жанчын, па сістэме аховы здароўя. Важным было пытанне ўжывання алкаголю. Мы атрымалі звесткі, якія сведчаць, што колькасць тых, хто пастаянна ўжывае алкаголь, скарачаецца. Цікавая інфармацыя і аб тым, як сем'і выхоўваюць дзяцей. Мы ўбачылі, што мужчыны павінны больш актыўна ўдзельнічаць у выхаванні, бо пакуль асноўную работу ў гэтым на сябе бяруць маці. Сёння высокі працэнт дзяцей, якія атрымліваюць дашкольнае развіццё і наведваюць розныя групы і школы. Гэта сведчыць, што ў нас высокі ўзровень адукацыі, — расказала старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева.

Алена КРАВЕЦ

Прэв'ю: hsmedia.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».