Вы тут

Пачалося вылучэнне на Нацыянальную тэатральную прэмію


Напрыканцы студзеня пачалося вылучэнне прэтэндэнтаў на перамогу ў рэспубліканскім конкурсе «Нацыянальная тэатральная прэмія». У 2020 годзе ён пройдзе шосты раз. Летась тэатралы віталі змены, якія адбыліся ў фарміраванні намінацый. А што змянілася сёлета?


У конкурсе могуць браць удзел як дзяржаўныя тэатры, установы адукацыі ў сферы культуры, так і прыватныя арганізацыі, нават індывідуальныя прадпрымальнікі, работа якіх скіраваная на пастаноўку спектакляў. Галоўнае, каб прэм'еры спектакляў былі прадстаўленыя беларускай публіцы на працягу двух гадоў да пачатку конкурсу. Адзін удзельнік конкурсу можа вылучыць не больш за два спектаклі ў адной асноўнай намінацыі. З 27 студзеня па 1 красавіка ідзе першы адборачны этап конкурсу. Але заяўкі ў Міністэрстве культуры прымаюцца да 27 лютага. Тэатры ажывіліся.

Конкурс праводзіцца ў чатырох секцыях: «тэатр драмы» (тут дзве асноўныя намінацыі, у якіх будуць адзначаны найлепшы спектакль тэатра драмы і найлепшы спектакль, створаны для малой сцэны), «тэатр лялек», «музычны тэатр» (вызначаюць «найлепшы оперны спектакль», «найлепшы спектакль балета», «найлепшы спектакль у жанры аперэта, музычная камедыя, мюзікл») і «спектакль для дзяцей і юнацтва» (тут спаборнічаць могуць пастаноўкі розных тэатраў). Акрамя таго, у кожнай секцыі прадугледжаныя прыватныя намінацыі, каб адзначыць работу творцаў над спектаклямі — рэжысёраў, мастакоў, харэографаў, артыстаў...

У айчынным тэатры заўсёды ёсць асаблівы клопат — беларуская драматургія. Асобная прыватная намінацыя для драматургаў прадугледжана ў секцыі тэатра драмы. У ёй спаборнічаць будуць спектаклі, п'есы для якіх створаны не пазней чым за 15 гадоў да даты абвяшчэння конкурсу.

Засталіся дзве традыцыйныя спецыяльныя прэміі: «За ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі» і «За падтрымку тэатральнага мастацтва Беларусі».
Акрамя апошняй спецпрэміі, усе астатнія перамогі падмацоўваюцца грашовым складнікам: тэатры, арганізацыі культуры і ўстановы адукацыі ў сферы культуры атрымаюць па 250 базавых велічынь. Пераможцы ў прыватных намінацыях, у тым ліку ганаровых, і адзначаныя прэміяй журы (як калектывы, так і асобы) — па 100 базавых велічынь.

Варта нагадаць, што мэта прэміі актывізаваць тэатральны працэс і спрыяць павышэнню якаснага ўзроўню пастановак. Праўда, мінулы раз асобна адзначалася жаданне эксперыментаваць, быў трыумфатар асобнай намінацыі. Цяпер такога няма. Ці азначае гэта, што беларускаму тэатру не патрэбныя эксперыменты?..

Па сутнасці, эксперымент у тэатры не самамэта. Гэта жаданне прадставіць рэчаіснасць у такой форме, каб «зачапіць» чалавека, выклікаць у яго наймацнейшыя эмоцыі, прымусіць разважаць і аналізаваць. Фактычна «найлепшы спектакль» у любой катэгорыі можа быць створаны як эксперыментальны. Тут усё залежыць ад абазнанасці журы, ад жадання адзначыць неардынарную форму, якая б падкрэслівала моцны змест. Тым больш што адным з крытэрыяў у ацэнцы спектакляў пазначана «наяўнасць арыгінальных творчых ідэй, якія садзейнічаюць развіццю нацыянальнага тэатральнага мастацтва». Таму ўсё будзе залежаць ад складу журы, ад умення заўважыць новае і зразумець тое, што можа здавацца дзіўным і неардынарным, ад жадання гэта заахвоціць. Зрэшты, прадугледжана і асобная «Прэмія журы» ў кожнай з секцый — ці не для такіх выпадкаў таксама? Фактычна адмова ад асобнай намінацыі азначае большую канкурэнцыю ў асноўных намінацыях.

Ларыса ЦІМОШЫК

Прэв'ю: minsknews.by

Загаловак у газеце: Абуджанасць тэатраў ці абуджанасць тэатрам?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.