Вы тут

«На суд вам, кніжнікі, сябе я аддаю…»


«На суд вам, кніжнікі, сябе я аддаю…»

Купалаўскі санетарый яднае народы і мовы

Купалазнаўчай падзеяй 2019 года можна назваць выданне кнігі народнага песняра Беларусі «Санеты» на сямнаццаці мовах свету. Пералічым: па-беларуску, а таксама на армянскай, грузінскай, іспанскай, кітайскай, літоўскай, мангольскай, рускай, сербскай, славацкай, табасаранскай, татарскай, украінскай, французскай, чачэнскай, чувашскай, шорскай. Назавём імёны перакладчыкаў: на армянскую — Сірануш Алексанян, Ануш Бабаян, Ані Пашаян; на грузінскую — Аляксандр Элердашвілі; на іспанскую — Анхела Эспіноса Руіс; на кітайскую — Лі Цзо; на літоўскую — Эвалдас Ігнатавічус; на мангольскую — Галаарыд Бадам-Ачырын; на рускую — Максім Замшаў; на сербскую — Даяна Лазаравіч; на славацкую — Яраслаў Рэзнік; на табасаранскую — Сувайнат Кюрэбекава; на татарскую — Рэнат Харыс; на ўкраінскую — Дмытро Шчарбіна; на французскую — Юрась Барысевіч; на чачэнскую — Адам Ахматукаеў; на чувашскую — Валеры Тургай; на шорскую — Любоў Арбачакова.

На суд вам, кніжнікі, сябе я аддаю,
Судзіце па стаццях, як піша ваш закон;
Было ж жыццё мне — узаконены прыгон,
Хоць я не даў вам і не дам стаптаць душу сваю.

Мінаў я вашу фарысейскую сям’ю,
Мяне не збэсціў вашым ідалам паклон,
Калі ж з грудзей і вылятаў пракляцця стогн,
То кляў я сам сябе і мук сваіх змяю.

Нічым грашыць ад вас грашнейшым я не ўмеў, —
Піў чарку крыўды і цярпення — ўсё да дна,
І не спаганіла мяне аблуда ні адна.

Адзін грэх толькі лёг мне на душу, як леў,
Праступак, суддзі, мой: я сэрца, сэрца меў!
Але ці ж гэта так страшэнная віна?!

Вядома, што падобны зборнік ужо выходзіў у выдавецтве «Мастацкая літаратура». У 2002 годзе. Тады ў кнізе, укладзенай Вячаславам Рагойшам, было змешчана, акрамя арыгінальнага тэксту, сем перакладаў: на англійскую, іспанскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую і французскую мовы. Сярод перакладчыкаў — Вера Рыч, Карлас Шэрман, Увэ Грунінг, Фларыян Няўважны, Навум Кіслік, Дмытро Паўлычка.

новае выданне санетаў увайшлі зноўку і пераклады на ўкраінскую, рускую, іспанскую, французскую мовы, але зробленыя ўжо іншымі майстрамі пераўвасаблення. Максім Замшаў — паэт, перакладчык, празаік, галоўны рэдактар «Литературной газеты» — пераклаў легендарныя купалаўскія творы на рускую мову. Да беларускай класікі сучасныя рускія перакладчыкі звяртаюцца не так часта. Мо якраз пераклад Максіма Замшава і парушыць традыцыю?! Юрась Барысевіч — знаны беларускі літаратар. Яго зварот да французскага прачытання Купалы таксама не выпадковы. І важна цяпер зрабіць так, каб Купала з гэтым тэкстам увайшоў у літаратурнае жыццё франкамоўных краін. Ці магчыма гэта?.. Невялікі наклад «Санетаў» Янкі Купалы (250 асобнікаў) можа згубіцца, застацца па-за вядомасцю для чытачоў, на чые родныя мовы перакладзены гэты цыкл. Таму патрэбны прэзентацыі, увага замежнага друку, разгляд перакладаў літаратуразнаўцамі, літаратурнымі крытыкамі іншых краін. Пакуль што пра кнігу, пра гэты творчы праект гаварылі толькі ў Маскве ў час XXXII Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў мінулым верасні.

У іспанамоўным свеце актыўным прапагандыстам беларускай літаратуры з’яўляўся некалі Карлас Шэрман, які жыў і працаваў у Беларусі (нараджэннем з Аргенціны). Сёння яго месца паступова займае Анхела Эспіноса Руіс. Яе пераклад у новым выданні «Санетаў», несумненна, упрыгожвае кнігу. Па-ўкраінску новае гучанне купалаўскім радкам надаў Дмытро Шчарбіна.

Сярод новых перакладаў істотнае месца займаюць пераўвасабленні на табасаранскую, татарскую, чачэнскую, чувашскую, шорскую мовы. Табасаранаў у свеце недзе каля 140 тысяч. Згодна з перапісам 2010 года ў Расійскай Федэрацыі іх пражывае болей за 126 тысяч. У асноўным у Дагестане — 118 тысяч. А яшчэ ў Стаўрапольскім краі, Растоўскай вобласці, Чачэнскай Рэспубліцы, Краснадарскім краі, Саратаўскай і Астраханскай абласцях. З найболей яркіх прадстаўнікоў сучаснай табасаранскай нацыянальнай літаратуры — народны паэт Дагестана Шахвелед Шахмарданаў. Ён закончыў Літаратурны інстытут імя Горкага (першы сярод табасаранцаў!). Перакладчык на родную мову паэзіі Аляксандра Пушкіна, Уладзіміра Маякоўскага, Гамзата Цадасы, Сулеймана Стальскага, Расула Гамзатава… І Сувайнат Кюрэбекава — вядомы ў сваім краі мастак слова. Яна ўзначальвае табасаранскую секцыю Саюза пісьменнікаў Дагестана. Дарэчы, вершы Сувайнат Кюрэбекавай ужо друкаваліся па-беларуску. І ў газеце «Літаратура і мастацтва», і ў калектыўным зборніку серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі» — «Карэнні сілу берагуць» (пераклады зрабіў Віктар Шніп). Татарскі перакладчык санетаў — добры сябра беларускай літаратуры народны паэт Татарстана Рэнат Харыс. Заслужаны дзеяч мастацтваў Татарстана. Заслужаны работнік культуры Чувашыі і Каракалпакстана (Узбекістан). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі. Рэнат Харыс — часты госць у Беларусі. Выдаў кнігу беларускай паэзіі — класічнай і сучаснай — у сваіх перакладах на татарскую мову. Дарэчы, купалаўскі цыкл выйшаў асобнай кнігай і ў Татарстане — у перакладзе Р. Харыса, па-руску і ў арыгінале. Падзея, лічыце, унікальная.

Трымаю ў руках гэты невялічкі татарскі зборнік Купалы (тыраж — 1000 экзэмпляраў!) — і ўглядаюся ў колеры вокладкі: жоўты, карычневы, шэры… На вокладцы — асадка як гусінае пяро, праз фарбы прабіваюцца літары, выпісаныя Купалам. Народнага песняра Беларусі з Татарстанам, Казанню, Пячышчамі з’яднала Вялікая Айчынная вайна. Чытаем у прадмове Рэната Харыса «Янка Купала ў Татарстане»: «Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) выехаў у Казань з жонкай Уладзіславай Францаўнай на асабістым легкавым аўтамабілі, які паэту-акадэміку падарыў урад Беларусі. На паромнай пераправе праз Волгу каля сяла Пячышчы сабралася вялікая чарга. Камендант пераправы звярнуў увагу на незвычайны аўтамабіль, пазнаёміўся з дакументамі пасажыраў, пабег да дырэктара млына і далажыў пра гэта. Дырэктар І. Я. Наякшын запрасіў стомленых далёкай дарогай Луцэвічаў да сябе дахаты. Пасля адпачынку яны падняліся на высокі геалагічны разрэз, адкуль перад вачыма паўсталі ўражальныя пейзажы залатой восені і выгляд на белакаменны Казанскі крэмль. Назіральны і чуйны дырэктар прапанаваў захопленаму Івану Дамінікавічу застацца ў Пячышчах, ён з задавальненнем пагадзіўся. Жыў на кватэры пайшоўшага на фронт галоўнага інжынера млына, удзельнічаў у сходах вучоных, пісьменнікаў, наведваў рэдакцыі газет і часопісаў, выступаў па радыё…» І далей: «Кватэра паэта ў Пячышчах складалася з двух пакояў. Калі яны з жонкай заехалі туды, там амаль што нічога не было: ні пісьмовага стала, ні ложка, ні крэслаў. Дырэктар казанскага ўнівермага Карымаў прывёз ім канапу, у хуткім часе з’явілася і астатняя мэбля. Але першае, пра што папрасіў сам паэт, было радыё — яго непакоіла кроў, якую пралівала пад танкамі фашыстаў яго родная Беларусь».

З гэтай пячышчанскай кватэры Купала 13 чэрвеня 1942 года паехаў у Маскву, дзе і загінуў праз паўмесяца пры нявысветленых абставінах. У 1975 годзе ў Пячышчах адкрылі музей Янкі Купалы… Татарскія пісьменнікі неверагодна шмат зрабілі для ўшанавання памяці беларускага песняра. Увогуле пачатак публікацыям Купалы на татарскай мове пакладзены ў 1932 годзе, калі часопіс «Новое письмо» надрукаваў верш «А ў Вісле плавае тапелец…». Перакладчык, праўда, невядомы. Пасля, пачынаючы з 1936 года, да пераўвасаблення твораў Купалы на татарскую спрычыніліся Х. Туфан, А. Шамукаў, М. Садры, Н. Арсланаў, Закі Нуры, А. Ісхак… У татарскім перыядычным друку з’явіліся дзясяткі артыкулаў пра повязь Янкі Купалы з Татарстанам, пра творчасць народнага песняра Беларусі. Раздзел пра беларускага класіка ўвайшоў у кнігу А. Клімянтоўскага «Рускія пісьменнікі ў Татарскай АССР» (Казань, 2-е выданне, 1960 год).

«Санеты» народнага песняра Беларусі выйшлі кнігай і па-мангольску. Мангольскія выдавец і перакладчык выбралі той самы падыход, што і ў Татарстане: у адной кнізе сабралі мангольскі, рускі і беларускі тэксты. У верасні 2019 года кніга была прэзентавана на традыцыйным Мангольскім кніжным фестывалі ва Улан-Батары. Галаарыд Бадам-Ачырын, які пераклаў санеты на мангольскую мову, і цяпер жыве клопатамі па прасоўванні бе- ларускай тэмы ў Манголіі праз розныя творчыя праекты. Нядаўна спадар Галаарыд пераклаў і выдаў у Манголіі кнігу пра легендарнага ўраджэнца Беларусі — лётчыка, двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца (1909—1939), які бараніў мангольскі народ у 1939 годзе, ахоўваючы неба Халхін-Гола ад японскіх мілітарыстаў.

Чачэнскі перакладчык «Санетаў» — Адам Ахматукаеў. І для яго работа над пераўвасабленнем купалавых радкоў на мову вялікага ў сваёй непакорнасці народа — невыпадковая справа. У 2017 годзе А. Ахматукаеў зрабіў першы крок — да 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі здзейсніў пераклад на чачэнскую паэмы «Нікому». Адразу паэмы! Вельмі знакавага для ранняга перыяду творчасці Янкі Купалы твора!.. З таго часу і захавалася купалаўскае прыцягненне ў жыцці і творчасці чачэнскага перакладчыка. Народны паэт Чувашыі Валеры Тургай, як, між іншым, і Адам Ахматукаеў, — яшчэ і стваральнік аўтарскай анталогіі беларускай паэзіі на роднай мове.

Да глыбокага прачытання беларускага паэтычнага свету набліжаецца і шорская пісьменніца Любоў Арбачакова. «Санеты» яна пераўвасабляла з захапленнем. І працягвае цікавіцца беларускай паэзіяй. На рабочым стале перакладчыцы — творы Уладзіміра Караткевіча і Якуба Коласа.

Дарога «Санетаў» Янкі Купалы ў шырокім свеце доўжыцца. Калі кніга была ўжо падрыхтавана да друку, пра свае памкненні да перакладу легендарнага паэтычнага цыкла заявілі агульскі перакладчык Шаміль Лутаў (ён аўтар перакладу верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?»), нагаец Анварбек Култаеў, таджык Салімі Хатлоні, чарнагорац Слабадан Вуканавіч, туркменскі паэт Агагельды Аланазараў… Будзем чакаць і спадзявацца. А ў 2022-м да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі «Мастацкай літаратуры», відавочна, давядзецца планаваць новае — трэцяе па ліку — выданне кнігі Янкі Купалы «Санеты» на мовах свету».

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».