Вы тут

Місія — распаўсюджванне ведаў


Місія — распаўсюджванне ведаў

Як ствараюцца энцыклапедыі, калі з’явіцца беларуская Вікіпедыя і чаму кожнае выданне знаходзіць свайго чытача — пра гэта расказала дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Вольга Ваніна.


— Вы былі дырэктарам выдавецтва «Пачатковая школа», галоўным рэдактарам часопісаў для дзяцей. З кастрычніка вы дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». То-бок спектр абавязкаў у вас пашырыўся — літаратура не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Як пачуваецеся ў новай якасці?
— Спектр літаратуры і мэтавая аўдыторыя сапраўды змяніліся. Калі раней кнігі былі прызначаны ў асноўным для навучальнага працэсу, школьнікам, настаўнікам пачатковых класаў, то цяпер, вядома, я працую з шырокай чытацкай аўдыторыяй. Місія «Беларускай Энцыклапедыі» — распаўсюджванне ведаў, дакладнай, актуальнай навуковай і навукова-папулярнай інфармацыі ў абсалютна розных сферах жыцця нашага грамадства. Напрыклад, цяпер мы рыхтуем энцыклапедыю, прысвечаную Уладзіміру Караткевічу, яго біяграфіі і творчасці, бо 2020 год абвешчаны годам нашага славутага класіка. У гонар яго 90-га юбілею. І аўтары ў выдавецтве іншыя: навукоўцы з Акадэміі навук, універсітэтаў, грамадскія дзеячы.
Увогуле, выданне энцыклапедый — надзвычай цікавы і важны працэс, падсумаванне цэлых пластоў інфармацыі. Нядаўна выпусцілі ілюстраваную энцыклапедыю «Беларусь партызанская». Так атрымалася, што мая дачка якраз праходзіць у школе гэтую тэму. Цікава было параўнаць: у падручніку пададзена тая ж інфармацыя, але досыць суха, сцісла, лаканічна. Яно і зразумела: маецца на ўвазе, што гэты тэкст трэба практычна вывучыць на памяць. А «Беларусь партызанская» аб’ёмная, багата ілюстраваная. Яна пра тое ж, але разгорнута, наглядна, з вялікай колькасцю гістарычных дакументаў, сведчанняў відавочцаў, фота, малюнкаў часоў вайны. Я ўсё адно застануся назаўсёды душой з тымі, хто вучыцца, бо яны ўбіраюць у сябе веды, як губкі, гатовыя ўспрымаць шмат новай інфармацыі. Мне бачыцца, што падручнік і энцыклапедыя выдатна ўзаемадапаўняюцца. Я прынесла дадому энцыклапедыю, паказваю дачцэ: «Вось так партызаны жылі, так арганізоўваліся атрады, а вось так моладзь у гэтым руху ўдзельнічала». Калі інфармацыя падмацавана нагляднасцю, яна зусім па-іншаму запамінаецца. Таму калі ў навучальным працэсе выкарыстоўваюцца некалькі відаў выданняў, гэта адбіваецца на ім толькі станоўча.

— Ці актуальныя энцыклапедыі ў ХХІ стагоддзі?
— Так, у кожнай энцыклапедыі ёсць свой чытач: нешта патрэбна ў вучобе ці для работы, нешта для тых, хто хоча глыбей разабрацца ў новым для сябе пытанні. Часам хочацца пераасэнсаваць падзеі, пазнаёміцца не з меркаваннямі, а менавіта з фактамі, архіўнымі дакументамі. І мы якраз такую магчымасць даём, бо выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» шчыльна супрацоўнічае з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і многімі іншымі. Так што за дакладнасць інфармацыі можна не хвалявацца: архівы падаюць інфармацыю як яна ёсць. Жывыя факты вельмі цікава вывучаць. І ў гэтым, дарэчы, таксама новая спецыфіка маёй працы. Задача выдавецтва — прадставіць факты ў пэўнай форме, згодна з вызначанай канцэпцыяй і з ўлікам запатрабаванняў чытацкай аудыторыі.
— Заўсёды зайздросціла людзям, звязаным прафесіяй з кнігамі. Мне здаецца, адразу хочацца ўсе іх купіць. У вас дома яшчэ засталося свабоднае месца?
— (Смяецца) Так, кнігі займаюць шмат месца. Тым больш, што ў мяне чацвёра дзяцей. І, вядома, бібліятэка істотна змяняецца з узростам. Зразумела, што гадоў дзесяць таму ў нас быў акцэнт на дзіцячую літаратуру, цяпер дзеці ўжо ўсе падраслі, практычна заканчваюць школу. Стараюся, каб у іх доступе былі кнігі больш сур’ёзныя, у тым ліку карысныя ў вучобе, і нашы энцыклапедыі, вядома (усміхаецца)!

— А як ствараюцца энцыклапедыі?
— Працэс падрыхтоўкі энцыклапедыі да выхаду вельмі цікавы. Гэта вялікая праца цэлага калектыву. Спачатку складаецца так званы слоўнік, дзе пералічваюцца артыкулы, якія будуць уваходзіць у кнігу. Ужо на гэтым этапе ствараецца рэдакцыйная калегія, туды запрашаем вялікую колькасць спецыялістаў менавіта па тэме энцыклапедыі. Кожны з іх уносіць свае праўкі пры фарміраванні гэтага спісу. Потым артыкулы размяркоўваюцца па аўтарах, якія маюць кампетэнцыю ў тэме, могуць прааналізаваць інфармацыю і лаканічна падаць яе. Самая галоўная наша мэта — каб чытач прыйшоў да нейкай высновы, калі прачытае гэты маленькі артыкул, каб у яго склалася канчаткова ўласнае меркаванне. У канцы мы абавязкова даём спасылкі на крыніцы на выпадак, калі чытач зацікавіцца. І потым, калі збіраюцца ўсе артыкулы з розных-розных крыніц, яны праходзяць дадатковую літаратурную апрацоўку, вычытваюцца, правяраюцца на фактычную адпаведнасць дадзеных, дакладнасць, збіраюцца ў вызначаным парадку. І толькі тады вярстаецца энцыклапедыя. Мы стараемся ўсе нашы выданні прыгожа афармляць, кніга — гэта ўсё ж такі мастацтва. Як па мне, кнігі, што выходзіць у «Беларускай Энцыклапедыі», — гэта творы мастацтва. У кожным выданні свая разыначка, а цяпяр мы звяртаемся і да сучасных тэхналогій — не так даўно пачалі выкарыстоўваць QR-коды. Яны дазваляюць пашырыць інфармацыю ў энцыклапедыі. Доўгія спісы, напрыклад, якія не кожнаму чытачу важныя, мы размяшчаем з дапамогай кодаў у воблаку або на сайце арганізацыі, якая адказвае за тую інфармацыю.
— А як распрацоўваецца дызайн, дарэчы?
— У кожным выдавецтве ёсць спецыяльны аддзел. У нас ён называецца «рэдакцыя мастацка-тэхнічнай падрыхтоўкі выданняў». Там мастакі і дызайнеры распрацоўваюць выгляд кнігі, яны ў нас прафесіяналы, умеюць вельмі хутка працаваць, навыкі літаральна адточаны за гады. Бо «Беларускай Энцыклапедыі» ўжо шмат дзясяткаў гадоў. Рэдакцыя была створана ў 1967 годзе, дакладней, было прынята рашэнне аб стварэнні. З 1969 года пачалі выходзіць тамы «Беларускай савецкай энцыклапедыі». Галоўным рэактарам у тыя часы быў Пётр Усцінавіч Броўка. Дарэчы, нядаўна адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы выстава, прысвечаная выхаду першага тома энцыклапедыі і наогул энцыклапедычным выданням. Вельмі раю наведаць яе: там прадстаўлены сапраўды ўнікальныя экспанаты і ў беларускай, і ў сусветнай выдавецкай справе. Яшчэ, пахвалюся, у нашага выдавецтва шмат узнагарод. Сёлета на міжнародным конкурсе краін СНД «Мастацтва кнігі» Гран-пры атрымала трохтомная энцыклапедыя пра Янку Купалу, а ў Беларусі ў Нацыянальным конкурсе Гран-пры атрымаў фаліянт «Сусветная спадчына Францыска Скарыны».
— Як вы ставіцеся ды электронных кніг? Выдавецтва не плануе ствараць электронныя энцыклапедыі, напрыклад?
— Пра гэта думкі, безумоўна, ёсць, электронная сфера — важная частка сучаснага жыцця. Калі б па прынцыпе Вікіпедыі была зроблена наша «Беларуская Энцыклапедыя», у гэтым быў бы вялікі сэнс. Мы прадумваем, пралічваем гэтае пытанне. Хочацца верыць, што ў бліжэйшы час, напэўна, гэта праца не аднаго года, у нас у краіне падобная энцыклапедыя з’явіцца.
— Як выбіраеце аўтараў, кнігі якіх будзеце друкаваць? Ці можна проста прыйсці і прапанаваць свой «друкапіс»?
— Безумоўна, можна, многія так і прыходзяць. Вось нядаўна да нас звярнуўся выкладчык Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён прапанаваў нам выдаць вынік яго шматгадовай даследчай працы — энцыклапедычны даведнік «Сядзібы Віцебшчыны», у якім сабрана інфармацыя пра гісторыю і сучасны стан амаль 380 сядзіб на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Адназначна, аснова для кнігі ёсць, гэта цікавы для краязнаўцаў матэрыял, з якім можна працаваць. Далей ужо наша задача як выдаўцоў прадумаць канцэпцыю выдання, зрабіць так, каб кніга захапіла чытача, каб яму захацелася купіць і прачытаць яе.


— У «Беларускай Энцыклапедыі» выходзіць шмат серый. Якія выданні лічыце найбольш удалымі і паспяховымі?
— Сёлета ў нас выйшаў праект да тысячагоддзя Брэста. Класічная ўніверсальная энцыклапедыя, але пры гэтым ёсць устаўкі з выдатнымі фатаграфіямі і дызайнерскім аздабленнем, якія кнігу вельмі ўпрыгожваюць, робяць яе элітнай, прэзентабельнай. Не сорамна такі асобнік і гасцям падарыць. Наклад у нас проста разляцеўся. А з улікам таго, што кніга выдавалася пры падтрымцы дзяржавы, як і некаторыя іншыя нашы праекты, то кошт на выхадзе апынуўся досыць прывабны.
Вось, напрыклад, цудоўная кніга пра Ветку. Я часам яе разгортваю, калі здараецца паўза ў працы — пацешыцца прыгажосцю мазаік, драўлянай разьбы, буквіц; аздабленнем абразоў і старажытных кніг. Добрая паліграфія, якасць ілюстрацый, слушны дызайн дазваляюць перадаць усю прыгажосць твораў мастацтва і гістарычных артэфактаў. Для мяне гэта як медытацыя. Прыемна трымаць такія кнігі ў руках.
Сярод нашых чытачоў ёсць сапраўдныя знаўцы добрай кнігі — кнігалюбы. Ім прыемна мець у сваіх дамашніх бібліятэках вось такія прыгожыя асобнікі, яны патрабавальна ставяцца да пытанняў накшталт таго, з якога матэрыялу зроблены пераплёт, якія шрыфты і ілюстрацыі на старонках. Таму кожны раз, калі прадумваем чарговую кнігу, вельмі шмат часу аддаём працы над афармленнем.
Вось кніга пра Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, нашага мастака. Тут канцэпцыя афармлення таксама арыгінальная: кніга пачынаецца з імітацыі зарамніка карціны. Выдатна дызайнер прыдумаў: з аўтографам аўтара складаецца поўнае адчуванне подпісу на карціне. Наш суайчыннік Вітольд Каэтанавіч быццам і досыць вядомы, але для мяне, напрыклад, многія факты з яго жыцця былі адкрыццём. Некалькі яго карцін усе ведаюць, а іх, аказваецца, шмат: і ў Расіі, дзе прайшло творчае жыццё мастака, і ў Беларусі — у музеі Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве. Мы ездзілі ў Магілёў з прэзентацыяй, пазнаёміліся з дырэктарам музея, убачылі карціны ўжывую і парадаваліся: кніга дасканала перадае колер і нават фактуру карцін. Серыю пра беларускіх мастакоў мы, дарэчы, плануем працягваць.
Ёсць у БелЭн серыя «Беларусь. Трагедыі і праўда памяці». Гэтыя энцыклапедыі хутчэй за ўсё не для дамашняга чытання, але яны патрэбныя, каб адлюстроўваць складаныя старонкі нашай гісторыі. Вось, напрыклад, кніга пра самы вялікі лагер смерці ў Беларусі Трасцянец, а гэта — пра лагер смерці Масюкоўшчына, які знаходзіўся ў Мінску. Кнігі эмацыйна цяжкія. Іх купяць, магчыма, людзі, у якіх сямейная гісторыя звязана з гэтымі сумнымі падзеямі. Імаверна, замежнікі, якія прыязджаюць у Беларусь. Мы кнігі гэтай серыі з-за пазнавальнага дызайну называем «чорныя квадраты памяці». Яны пра страшныя месцы, не вельмі вядомыя шырокаму колу: гета ў Брэсце, Гродне, Магілёве. Тысячы людзей там былі закатаваныя, а ў некаторых месцах нават няма ніякага помніка. Цяпер інфармацыя збіраецца. Ёсць людзі, якія даследуюць гэтыя тэмы, архівы з цягам часу рассакрэчваюцца, з’яўляюцца новыя дакументы, фотаматэрыялы, так што становіцца магчымым выдаваць такія энцыклапедыі. Трэба, каб мы як нацыя добра ведалі сваю гісторыю. Над гэтым мы і працуем. Такая сумная, але важная і патрэбная серыя, прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі.
Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імкнецца папулярызаваць веды пра нашу гісторыю, культуру, традыцыі не толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але і за яе межамі. Таму некаторыя кнігі друкуем на беларускай і рускай ці на рускай і англійскай мовах. Энцыклапедыя «Беларусь партызанская», напрыклад, на рускай і англійскай, бо так яе зможа прачытаць больш шырокая аўдыторыя.
— А ў вас ёсць любімая серыя?
— У выдавецтве добра прадстаўлена дзіцячая літаратура, да якой я асабліва неабыякавая. Ёсць выдатная серыя «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя». Кнігі вельмі разнастайныя па змесце, прыгожыя, пазнавальныя, кожны том прысвечаны пэўнай тэме. Са школьнымі і публічнымі бібліятэкамі мы вельмі добра супрацоўнічаем. Вельмі хацелася б наладзіць працу з Міністэрствам адукацыі, каб такія энцыклапедыі больш актыўна выкарыстоўваліся настаўнікамі і вучнямі, каб рыхтавалі па нашых кнігах даклады, глядзелі разам ілюстрацыі. Мы вельмі стараемся падбіраць арыгінальныя аўтарскія фота добрай якасці, сочым, каб шрыфт быў дастаткова вялікім і дзеці ў пачатковай школе маглі лёгка прачытаць нашы тэксты. Вельмі цікавая серыя «Гісторыя для школьнікаў». Ёсць серыі «Самыя-самыя», «Маленькі прафесар», «Таямніцы беларускай мовы», «Беларускія пісьменнікі дзецям». Гэта маленькія кніжачкі-энцыклапедыі, якія вельмі зручна браць у дарогу ці яшчэ куды. Напэўна, «Самыя-самыя» і «Маленькі прафесар» — найбольш папулярныя і не вельмі дарагія, асобнічак каштуе каля трох-чатырох рублёў.
— А вы выпускаеце кнігі невялікага накладу, лімітаваныя серыі, для падарункаў, напрыклад?
— Зусім маленькі наклад вельмі дарагі ў разліку на адзінку прадукцыі, таму менш за пяцьсот асобнікаў выпускаем рэдка. Гэта значыць, мы павінны зрабіць кнігу такой, каб, нават калі яна выкупляецца часткова па спецыяльным заказе, яна усё ж такі была цікавай для больш шырокай аўдыторыі, каб яшчэ нейкую частку ўзялі бібліятэкі. І я так скажу: мы не робім нецікавыя кнігі (усміхаецца). Я не шмат часу працую ў «Беларускай Энцыклапедыі», але ўжо паспела палюбіць сваіх калег, ведаю іх магчымасці і моцныя бакі. Яны ўсе прафесіяналы з вялікім вопытам, творчыя, таленавітыя, аддадзеныя справе. Упэўнена, што ў 2020 годзе нас чакаюць новыя паспяховыя праекты.

Ганна ВАРОНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.