Вы тут

Старасць мяне дома не застане


У жыцці кожнага чалавека настае той момант, калі за плячыма застаецца вялікі працоўны стаж, а наперадзе – заслужаны адпачынак і новы жыццёвы статус у якасці пенсіянера. Здавалася б, прыйшоў доўгачаканы час, ужо не трэба нікуды спяшацца, нікому нічога даказваць. Ляжы на ложку да абеду, глядзі любімыя серыялы ды абмяркоўвай з суседкамі каля пад'езда ўсе сусветныя навіны. Аднак многія да такога жыцця не гатовыя. Некаторыя прывыклі ўвесь час працаваць, а адышоўшы ад спраў, людзі губляюцца, пачынаюць хварэць і пакутаваць.
 

Героі ж нашага артыкула, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, не думаюць пра свае хваробы, бо займаюцца любімай справай. Вось ужо на працягу доўгіх гадоў яны з'яўляюцца ўдзельнікамі народнага хору ветэранаў працы пры Касцюковіцкім раённым цэнтры культуры. Калектыў быў створаны ў 1980 годзе на аснове невялікага хору. Першым кіраўніком і натхняльнікам стала Людміла Гіркіна. Рэпертуар калектыву ў асноўным быў акадэмічнай накіраванасці, і ўжо на ранніх этапах яго станаўлення адзначалася высокае выканаўчае майстэрства.
У 2000 годзе за поспехі ў галіне харавога мастацтва, папулярызацыі нацыянальнай культуры і высокі ўзровень выканаўчага майстэрства калектыву было прысвоена званне «народны».


На рахунку харыстаў — сотні выступаў, якія праходзілі не толькі на Касцюкоўшчыне, але і далёка за яе межамі. Вось і ў лютым народны хор ветэранаў працы едзе ў горад Чэрыкаў на абласны фестываль «Не старэюць душой ветэраны». Больш за тое, 28 лютага калектыў будзе праводзіць канцэрт «Душой да песні» ў гонар саракагоддзя.
Нягледзячы на тое, што ў калектыве ёсць удзельнікі рознага ўзросту, ён згуртаваны і дружны. Пры хоры створаны патрыятычны клуб «Полымя». Там у вольны ад рэпетыцый і выступленняў час усе члены калектыву збіраюцца разам, запрашаюць моладзь, дзеляцца жыццёвым вопытам. А гэтым людзям ёсць што расказаць.
Але што цягне іх у хор? Няўжо не хочацца адпачыць? Няўжо не стамляюць рэпетыцыі і гастрольныя паездкі? Спевакі ў адзін голас кажуць, што іх трымае любоў да песні: «Мы знайшлі сябе, і гэта наш адпачынак. Іншага жыцця не ўяўляем».
Гледзячы на пажылых людзей з зацікаўленымі вачыма, міжволі думаеш, якія ў іх гарачыя і маладыя сэрцы. Гэта пра іх спяваецца ў песні: «Старасць мяне дома не застане...»


І сапраўды, старасць гэтых людзей дома не застане. Яны заўсёды на сцэне, дораць людзям свой пазітыў і энергію, атрымліваючы ўзамен любоў ад тысяч гледачоў. А для іх гэта найвышэйшая ўзнагарода. Дзеля гэтага варта жыць і тварыць.
Уладзімір Капаеў, г. Касцюковiчы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?