Віцебскі Музей Марка Шагала атрымаў у падарунак ад маскоўскіх калекцыянераў графіку Ісахара-Бер Рыбака, які ў першай палове мінулага стагоддзя ўвайшоў у спіс самых вядомых прадстаўнікоў яўрэйскай культуры і мастацтва. Цікава, што ён у 1915—1916 гадах удзельнічаў у этнаграфічнай экспедыцыі ва Украіне разам з Эль Лісіцкім, які потым выкладаў у Віцебску і быў аднадумцам Казіміра Малевіча...
Прыемная навіна была агучана на першай у Беларусі выстаўцы твораў майстра. Экспазіцыя арганізавана пры садзейнічанні сэрвісу «Ад і да. Мастацтва без пасрэднікаў» і фонду культурных і адукацыйных праграм «Адкрытае мора». Яны і падарылі прадстаўленыя ў Віцебску манахромныя і каляровыя літаграфіі.
— Гэтай экспазіцыяй Музей Марка Шагала працягвае серыю выставак з прыватных калекцый, прысвечаных вяртанню імён мастакоў ХХ стагоддзя, якія зрабілі ўнёсак у развіццё яўрэйскай культуры і мастацтва. Аснову яе складаюць манахромныя літаграфіі Ісахара-Бер Рыбака з выдання «Штэтл. Мястэчка. Мой разбураны дом. Успамін», надрукаваныя ў Берліне ў 1923 годзе. На выстаўцы прадстаўлены 28 манахромных і восем каляровых літаграфій — больш позняй інтэрпрэтацыі гэтай жа тэмы, — адзначыла на адкрыцці выстаўкі Ірына Воранава, кіраўнік установы культуры.
Перыяд авангарду першай трэці ХХ стагоддзя характарызаваўся росквітам нацыянальных культур. Імя Рыбака ўвайшло ў гісторыю развіцця новага яўрэйскага мастацтва разам з такімі ключавымі постацямі, як Лісіцкі, Шагал, Альтман, Арансон, Юдовін, Чайкоў.
Усе работы Рыбака ў той час — жывапіс, графіка — прысвечаны яўрэйскім сюжэтам.
У горадзе Бат-Ям (Ізраіль) існуе Музей Ісахара-Бер Рыбака.
Даследчыкі знаходзяць у яго мастацтве ўплыў Лісіцкага і Альтмана, а таксама Шагала, адзначаюць рэмінісцэнцыі эстэтыкі яўрэйскага народнага мастацтва, лубка і кубізму. Але Рыбаку не ўласцівыя ні эксперыментатарства Лісіцкага, ні метафізіка Шагала, ён вельмі праўдзівы мастак, пазбаўлены сентыментальнасці. Тым не менш яму ўласціва пачуццё трагічнага, якое выяўляецца ў партрэтах.
Выстаўка працуе да 16 лютага.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.